Веды супраць страху

- 11:33Нам пішуць

Дэвізам нашай работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця сталі словы Томаса Карлейля: “Здаровы чалавек — самы каштоўны твор прыроды”. Нямала людзей спрабуюць наркотыкі яшчэ ў школьным узросце, таму эфектыўныя меры па iх прафiлактыцы ў школе могуць дапамагчы пазбегнуць гэтай залежнасці.

З гэтай мэтай класныя кіраўнікі і навучэнцы Старадварэцкага вучэбна-педагагічны комплексу “яслі-сад-базавая школа” актыўна ўключыліся ў раённую антынаркатычную акцыю “Місія –—жыць”. Мы перакананы, што пропаведзі і заклікі ў дачыненні да наркотыкаў бесперспектыўныя і бескарысныя. Дапаможа праўда.


Каб прыцягнуць увагу бацькоў і грамадскасці, члены антынаркатычнага атрада правялі дзень інтэрактыву на вуліцах аграгарадка Стары Дварэц. Яны пераконвалі жыхароў у тым, што барацьба са злоўжываннем наркатычных рэчываў пачынаецца перш за ўсё, у сям’і.

Навучэнцы 6 класа падрыхтавалі флэш-моб “Наркотыкам — не!” і выступілі з ім перад школьнікамі.

Класная гадзіна ў 7—9 класах “Экстрэмізм і тэрарызм. Вытокі і вынікі” паспрыяла адэкватнаму разуменню падлеткамі гэтых з’яў, дала ім магчымасць правільна зарыентавацца ў жыцці і выбраць законныя сродкі абароны асабістых праў і інтарэсаў.


Для навучэнцаў 6—9 класаў праводзіўся відэаагляд “Праўда пра наркотыкі. Веды супраць страху”. Дзеці атрымалі адказы на пытанні аб тым, як навучыцца вызначаць злачынцаў, якія прыцягваюць моладзь да ўжывання наркотыкаў, як выпрацаваць адмоўнае стаўленне да першай спробы любога наркатычнага сродку.
Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі прагледзелі і абмеркавалі фільм “За гранню свядомасці. Падлеткі і наркотыкі “, зрабіўшы для сябе выснову, што лепш ніколі не спрабаваць наркотыкі, чым потым лячыцца ад залежнасці.
На ўкладцы школьнага сайта “Для вас, бацькі” мы змясцілі рэкамендацыі па прафілактычнай асвеце дзяцей у сям’і.

Гэта толькі невялікая частка той работыы па прафілактыцы нарказалежнасці, якая вядзецца ва ўстанове. Але яна паказвае, што абыякавых да гэтай праблемы ў нас няма. Бо, калі мы сёння ўсе разам не возьмем наркаманію за горла, то заўтра, праз месяц, праз год наркотыкі возьмуць сваё.

Леакадзія МЯЛЕШКА,
сацыяльны педагог Старадварэцкага ясляў-саду — базавай школы Гродзенскай вобласці