Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі прэзентаваў новы праект “БДУІР — веды і стыль жыцця” і падпісаў з партнёрамі дагавор аб супрацоўніцтве.
Праект, які будзе рэалізоўвацца на працягу трох гадоў, складаецца з чатырох модуляў. Кожны модуль уключае мерапрыемствы і актыўнасці для студэнтаў і супрацоўнікаў, накіраваныя на падтрыманне фізічнага здароўя, эстэтыка-маральнае развіццё і патрыятычнае выхаванне.
Ініцыятыву БДУІР падтрымалі партнёры. Так, у модулі “Універсітэт здаровага ладу жыцця” спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і Мінскага гарадскога цэнтра здароўя будуць сустракацца са студэнтамі і інфармаваць іх па пытаннях рацыянальнага харчавання, умацавання імунітэту і рухальнага рэжыму.
Другі модуль — “Універсітэт здароўя, сілы і дабрыні”, партнёрам якога стала Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту. У яго рамках адбудуцца спартакіяды паміж студэнтамі і супрацоўнікамі БДУІР, спартыўныя спаборніцтвы паміж прадстаўнікамі ўніверсітэта і кампаній-партнёраў.
Трэці модуль праекта — “Школа мужнасці і патрыятызму”, дзе разам з ДТСААФ у адным з інтэрнатаў БДУІР будуць створаны секцыі студэнцкага судна- і авіямадэлявання, а таксама аўташкола. Акрамя таго, запланаваны цыкл практычных заняткаў па паветраным спорце.
Чацвёрты модуль “Універсітэт — тэрыторыя культуры” ўключае вялікую праграму наведвання спектакляў, майстар-класаў, творчых сустрэч з артыстамі Купалаўскага тэатра.
Адкрываючы праект, рэктар БДУІР прафесар Міхаіл Батура адзначыў, што ініцыятыва стартавала яшчэ ў 2013 годзе: тады ўніверсітэт перайшоў на навучанне па схеме “4 + 2”, і трэба было вырашыць, як захаваць здароўе студэнтаў пры вельмі інтэнсіўным тэмпе вучобы. Старасты груп 1 курса пачалі наведваць заняткі з медыкамі розных профіляў, а затым перадавалі набытыя веды аднагодкам. Так за чатыры гады праект ахапіў усіх студэнтаў. Дарэчы, па прыкладзе БДУІР ініцыятыву рэалізавалі яшчэ шэсць універсітэтаў Беларусі. Навізна цяперашняга праекта заключаецца ў тым, што да асветы ў галіне фізічнага здароўя дадалі больш спартыўных і культурных актыўнасцей, якія будуць ажыццяўляцца сумесна з аўтарытэтнымі ў сваіх кірунках партнёрамі.
— Мы імкнёмся да таго, каб універсітэт быў прасторай, дзе ў кожнага студэнта і супрацоўніка ёсць магчымасці для ўмацавання здароўя, заняткаў спортам, актыўнага ладу жыцця і асобаснага развіцця, — падкрэсліў прарэктар па выхаваўчай рабоце БДУІР Дзмітрый Кузняцоў. — Праект “БДУІР — веды і стыль жыцця” аб’яднаў усе мерапрыемствы, якія праводзіліся ва ўніверсітэце да гэтага, а супрацоўніцтва з аўтарытэтнымі ў сваіх сферах арганізацыямі-партнёрамі ўздыме работу са студэнтамі на якасна новы, больш высокі ўзровень.
Падрыхтавала Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота прадстаўлена прэс-службай БДУІР.