Веды! Творчасць! Сяброўства!

- 10:51Нам пішуць

Пад такім дэвізам з 14 да 18 студзеня ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе праходзіў тыдзень пачатковых класаў. Галоўная мэта —забеспячэнне педагогамі актыўнага інтэлектуальнага і эмацыянальна насычанага адпачынку вучняў пачатковых класаў у пазаўрочны час, стварэнне ўмоў для раскрыцця здольнасцей кожнага дзіцяці.

У першы дзень тыдня, 14 студзеня, вучні наведалі святочнае богаслужэнне ў Свята-Міхайлаўскай царкве аг. Уселюб. Вершамі вучні павіншавалі са святам прыхаджан царквы і святара. Настаўнік пачатковых класаў Ж.А.Жынко правяла майстар-клас “Рождественский ангел”.

У другі дзень тыдня адбылося падарожжа ў краіну казак. Дзеці з вялікім задавальненнем адказвалі на пытанні віктарыны, удзельнічалі ў інсцэніраванні народных казак на новы лад.
Трэці дзень тыдня — дзень рускай мовы. Паміж вучнямі 1 і 2 класаў прайшла гульня-спаборніцтва “У гасцях у слова”: адгадвалі загадкі, рэбусы, крыжаванкі. Вынікам стала вызначэнне пераможцы ў конкурсе “Лепшы каліграф”.

17 студзеня вучні пачатковых класаў здзейснілі займальнае падарожжа ў свет матэматыкі. Выконвалі цікавыя матэматычныя заданні, разгадвалі рэбусы, рашалі вясёлыя задачы, збіралі малюнкі з геаметрычных фігур.

У апошні дзень тыдня прайшла віртуальная экспедыцыя “Пра зялёныя лясы і лясныя цуды”: засвоілі, што неабходна берагчы Зямлю, жыць у міры, не забруджваць навакольнае асяроддзе, беражліва выкарыстоўваць прыродныя багацці. У працэсе выканання творчых і інтэлектуальных заданняў вучні пашырылі веды пра запаведнікі, заказнікі, нацыянальныя паркі.

Тыдзень пачатковых класаў ва ўстанове стаў традыцыйны. У малодшых школьнікаў развіваецца лагічнае мысленне, уменне працаваць у калектыве.

Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.