Вектар у выбары будучай прафесіі

- 13:16Нам пішуць

Паміж гімназіяй № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава склаліся даўнія добразычлівыя адносіны. Студэнты біялагічнага факультэта прыходзяць на педагагічную практыку ў гімназію, дзе вучацца асновам прафесіі настаўніка. У сваю чаргу вучні 6—8 класаў гімназіі па запрашэнні дэкана біялагічнага факультэта Віталія Якаўлевіча Кузьменкі ў кастрычніку наведалі Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут яны даведаліся аб структуры біялагічнага факультэта, пазнаёміліся з выкладчыкамі. З вучнямі была праведзена экскурсія па аўдыторыях і лабараторных памяшканнях факультэта.

Крочачы з вучнямі па знаёмых калідорах, каля адной з аўдыторый я ўбачыла студэнта, у якім пазнала свайго вучня. Мы абодва былі вельмі рады гэтай нечаканай сустрэчы. Спытала, ці падабаюцца яму заняткі на факультэце. Ён адказаў, што задаволены, і ўспомніў, як падчас правядзення заняткаў па прафарыентацыі ў 9 класе я з захапленнем расказвала пра сваю цікавую вучобу на біялагічным факультэце, аб практыцы па заалогіі пазваночных, паходах і падарожжах. Ён пераканаў мяне, што менавіта зацікаўленасць урокамі біялогіі і станоўчыя ўражанні аб біялагічным факультэце і адыгралі значную ролю ў выбары яго будучай прафесіі.

Далей мы з вучнямі наведалі біялагічны музей, які быў створаны на факультэце ў 1975 годзе на кафедры заалогii, зараз ён значна абноўлены і мадэрнізаваны. У музеі дацэнт кафедры заалогіі Ігар Альбертавіч Саладоўнікаў расказаў вучням аб жывёльным свеце Беларусі і сістэме сістэматызацыі жывёл, аб ахове птушак Беларусі. Потым Ігар Альбертавіч паведаміў аб асноўных правілах навукова-даследчай дзейнасці, адказаў на пытанні вучняў.

Вучням, па іх водгуках, спадабалася экскурсія, арганізаваная на біялагічным факультэце, ім было цікава атрымаць новыя веды і карысную інфармацыю. Напрыканцы экскурсіі мы выказалі ўдзячнасць выкладчыкам біялагічнага факультэта за цёплы прыём, праведзеную экскурсію, патрэбную інфармацыю і атрыманы вектар у выбары будучай прафесіі.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.