Велізарнай смеласці ў марах пажадала выпускнікам настаўніца матэматыкі гімназіі № 33 Мінска Таццяна Савіцкая

- 14:21Образование

Са сваім 11 “А” класам сёлета развітваецца настаўніца матэматыкі гімназіі № 33 Мінска Таццяна Уладзіміраўна Савіцкая, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Зусім нядаўна сённяшнія выпускнікі ўпершыню пераступілі парог школы. І вось яны зноў прыйшлі да яго, каб пад мелодыі школьнага вальса выпырхнуць з родных сцен у дарослае жыццё. Час праляцеў незаўважна, як адно імгненне, — гаворыць педагог. — Зараз адчуваю адначасова і радасныя, і сумныя эмоцыі як настаўнік, класны кіраўнік і як мама гімназіста Максіма Савіцкага, якога таксама адпраўляю ў дарослае жыццё. Спадзяюся, што ўсе мае вучні возьмуць з сабой не толькі веды, але і цёплыя ўспаміны, моцнае сяброўства, а хтосьці і першае каханне. Хочацца папрасіць іх не забываць сваіх настаўнікаў, якія 11 гадоў былі побач. Кожны з іх аддаў вучням часцінку свайго сэрца, падзяліўся ведамі. І гэта стане залогам іх будучых перамог і адначасова доказам таго, што наша педагагічная праца не марная. Упэўнена, што з часам даведаюся пра дасягненні сваіх вучняў у розных сферах і з гордасцю скажу: “Так, гэта мае таленавітыя выпускнікі!”

Якія здольнасці яны праявілі ўжо сёння? Кім мараць стаць выпускнікі 11 “А” класа?

— Мае вучні мэтанакіраваныя і ініцыятыўныя, творчыя і спартыўныя, крэатыўныя і вельмі апантаныя. Наш клас фізіка-матэматычны, у ім займалася 16 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна. — Таму і дасягненні яны маюць пераважна па прыродазнаўча-матэматычных дысцыплінах. Так, у 11 класе на раённых алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, рускай мове і літаратуры перамаглі Антон Уладыка, Цімафей Коптур і  Кацярына Габруковіч адпаведна. Мікалай Літвін атрымаў дыплом гарадской алімпіяды па хіміі, а Міхаіл Сушчык выйграў гарадскую навукова-практычную канферэнцыю. Міхаіл, дарэчы, паспяхова скончыў тры адукацыйныя змены ў Нацыя­нальным дзіцячым тэхнапарку і атрымаў рэкамендацыі для паступлення на шэраг спецыяльнасцей у БНТУ і БДТУ. Ганна Ермалкевіч заваявала дыпломы на гарадскіх алімпіядах па біялогіі, Міхаіл Федасюк — па фізічнай культуры і здароўі, Максім Савіцкі — па інфарматыцы.

У класе тры медалісты: Ульяна Корань, Яна Могель і мой сын Максім. Усе дзясяткі ў атэстаце і два стабальныя вынікі ЦЭ па рускай мове і біялогіі мае Ганна Ермалкевіч, якая збіраецца паступаць у медуніверстэт. Хлопчыкі плануюць асвоіць тэхнічныя спецыяльнасці ў вядучых ўніверсітэтах краіны. У дзяўчынак выбар прафесій больш шырокі: маркетолаг, дызайнер, урач, педагог, эканаміст і г.д.

У гімназію прыйшлі запрашэнні ад БДПУ і БДУІР для медалістаў і тых, хто прая­віў сябе ў алімпіядах. Ім прадастаўляецца магчымасць паступаць на шэраг спецыяльнасцей без уступных выпрабаванняў.

Максім Савіцкі ў атэстаце мае ўсе дзясяткі. Хлопец збіраецца паступаць у БДУ на ФПМІ. Здаваць ЦТ па фізіцы як алімпіяднік ён не будзе, бо аўтаматычна атрымаў стабальны сертыфікат па прадмеце. Справа ў тым, што па інфарматыцы не праводзіцца ЦТ, таму дыплом за алімпіяду па гэтым прадмеце прыраўноўваецца да дыплома па фізіцы. Юнак атрымаў цудоўныя вынікі за ЦЭ па рускай мове і матэматыцы — 100 і 96 балаў адпаведна. Матэматыку ў яго выкладала Таццяна Уладзіміраўна, а мове ён вучыўся ў Вольгі Сяргееўны Мацвіенка. Свой уклад у падрыхтоўку ўнесла і родная бабуля Максіма настаўніца рускай мовы і літаратуры Ала Яўгенаўна Савіцкая, якая таксама працуе ў гімназіі.

— Юныя, прыгожыя, рамантычныя, з іскрынкай даверу да жыцця — такія мае вучні! Што пажадаць кожнаму з вас? — звяртаецца да сваіх выхаванцаў педагог. — Запомніць сябе такімі, якімі вы сёння сталі. Каб ніколі не згас гэты агеньчык у вашых вачах. Жадаю велізарнай смеласці ў марах, бо ўсё прыгожае, што нас акружае ў гэтым свеце, калісьці было чыёйсьці марай.

Надзея ЦЕРАХАВА