“Паэзія — цудоўная старонка, для нас сёння адкрывае дзверы” — пад такім дэвізам у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны Сусветнаму дню паэзіі, удзельнікамі якога выхаванцы 3—6 гадоў.
Усе маглі азнаёміцца з выставай літаратурных твораў, успомніць творчасць беларускіх і рускіх паэтаў. Тэма Года малой радзімы, аб’яўленага ў Рэспубліцы Беларусь сёлета, успрымалася слухачамі з задавальненнем. Асаблівая ўвага была ўдзелена творчасці дзятлаўскага паэта Георгія Шундрыка. Дзеці даведаліся, што аснова яго творчасці — вершы пра беларускую мову, пра Беларусь, а таксама невялікія гумарыстычныя паэтычныя замалёўкі. Яшчэ паэт займаецца перакладам вершаў з украінскай і польскай моў. Падчас мерапрыемства дзецям прапанавалі паслухаць песню “Маці-Радзіма” на вершы Г.Шундрыка, адзін з выхаванцаў прачытаў верш паэта “Мой край”, дзе аўтар раскрывае прыгажосць роднай Беларусі, непаўторнасць нашай Дзятлаўскай зямлі.
Юныя творцы 4—5 гадоў прачыталі вершы Адама Русака “Мой край”, Паўла Варанько “Лепш няма роднага краю”, Эдзі Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачыма”, Дануты Бічэль-Загнетавай “Радзіма”. Таксама чыталі вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Веры Вярбы, Авяр’яна Дзеружынскага. Вывучылі і радкі пра вясну “Да нас вясна прыйшла”, “Кап ды кап, і не да сну”, “Красавік! Красавік!”, “Вясна”.
Усім удзельнікам літаратурнага вечара ўручылі памятныя дыпломы.
Галіна ХРАШЧАНОВІЧ,
выхавальнік Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава.