Выхаванне — у навучанні

- 12:03Людзі адукацыі

VI Калядны фестываль педагагічнага майстэрства стаў чаканым і жаданым мерапрыемствам для сістэмы адукацыі і ўсіх педагогаў краіны. Штогод ён становіцца той падзеяй, пра якую вельмі доўга гавораць і ўспамінаюць, бо фестывальнай фішкай стаў не толькі непасрэдны абмен вопытам, але і магчымасці наладжвання прафесійных і сяброўскіх кантактаў. У першыя дні новага года ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі настаўнікі не проста едуць, яны імкнуцца трапіць у аўдыторыі АПА, дзе праходзяць майстар-класы, урокі для дарослых, інтэрактыўныя перапынкі і яшчэ шмат чаго цікавага і карыснага. Заслугай арганізатараў мерапрыемства з’яўляецца яго атмасфера, цёплая, святочная, камфортная, творчая.

У гэтым годзе на фестывалі зноў панавала атмасфера педагагічнага азарту, з’явіліся новыя секцыі і формы ўзаемадзеяння для ўдзельнікаў, абмяркоўваліся актуальныя пытанні адукацыі і выхавання. У рабоце фестывалю прыняла ўдзел намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка. Сёння мы з рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэем Пятровічам МАНАСТЫРНЫМ падводзім вынікі фестывалю і гаворым пра актуальныя напрамкі развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дарослых.

— Андрэй Пятровіч, завяршыўся VI Калядны фестываль педагагічнага майстэрства. Якія ён пакінуў уражанні і думкі?

— Гэты фестываль шосты па ліку, таму ўжо можна гаварыць пра яго традыцыі і гісторыю. Ініцыятыва правядзення Каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, і яна была шырока падтрымана настаўнікамі-практыкамі. Задачамі фестывалю з’яўляюцца развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў пры ўзаемадзеянні з прызнанымі майстрамі педагагічнай работы, абмеркаванне вопыту, праблем, эфектыўных форм навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Сярод мерапрыемстваў фестывалю, якія праводзяць лепшыя настаўнікі краіны, — секцыі, студыйныя заняткі, прадметныя і міжпрадметныя майстар-класы, практыкумы, інтэрактыўныя перапынкі. Агульным дэвізам фестывалю стала крылатае выслоўе: “Настаўнік, выхавай вучня, каб было ў каго потым вучыцца”.

Першы Калядны фестываль педагагічнага майстэрства, у рамках якога былі арганізаваны 33 мерапрыемствы, паспяхова прайшоў у АПА ў студзені 2012 года. У сту­дзені 2013 года ў рамках другога фестывалю было праведзена ўжо 50 мерапрыемстваў, а яго ўдзельнікамі стала каля 400 настаўнікаў. У студзені-лютым 2014 года прайшоў III Калядны фестываль педагагічнага майстэрства на тэму “Педагог-майстар — маладому настаўніку”. Удзельнікамі фестывалю стала больш за 300 маладых педагогаў рэспублікі. Было праведзена 57 мерапрыемстваў, сярод якіх — майстар-класы, круглыя сталы, педагагічныя студыі. Праграма чацвёртага фестывалю, які адбыўся ў сту­дзені 2015 года, уключала ўжо 63 мерапрыемствы для больш як 300 педагогаў, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў краіны. Пяты фестываль прайшоў у студзені 2016 года, яго актыўнымі ўдзель­нікамі стала больш за 350 педагогаў, для якіх былі арганізаваны і праведзены 72 вучэбныя мерапрыемствы.

Найбольш масавым стаў менавіта VI Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства. На ім было праведзена 77 майстар-класаў, педагагічных студый, урокаў для дарослых і іншых мерапрыемстваў. Яго ўдзель­нікамі (не гледачамі, а менавіта ўдзельнікамі), якія ўспрымаюць, аналізуюць, асвойваць вопыт калег, стала больш за 420 педагогаў. Упершыню на фестывалі была прадстаўлена секцыя педагогаў-псіхолагаў.

— Фестываль быў прысвечаны непарыўнай сувязі выхавання і навучання, і яго дэвіз — “Навучаючы, выхоўваем”. Чым быў абумоўлены такі выбар?

— Сёлета фестываль быў прысвечаны асабліва актуальнай тэме — адукацыйнаму патэнцыялу вучэбных прадметаў у адзін­стве выхавання і навучання. Дапаўняючы адно аднаго, навучанне і выхаванне слу­жаць агульнай мэце — цэласнаму развіццю асобы школьніка. Відавочна, што рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока грунтуецца перш за ўсё на вызначэнні выхаваўчых магчымасцей вучэбнага матэрыялу. І толькі глыбокае валоданне прадметным зместам і методыкай выкладання дазваляе педагогу ў адукацыйным змесце знаходзіць важныя для выхавання, фарміравання асобы вучня моманты. Нельга не адзначыць значэнне выразна сфармуляванай выхаваўчай мэты ўрока. Для яе дасягнення падбіраюцца адпаведныя метады і прыёмы, ствараюцца неабходныя педагагічныя сітуацыі, якія арганічна ўплятаюцца ў канву ўрока і прадыктаваны вучэбным матэрыялам. Арганізоўваючы ўзаемадзеянне навучэнцаў, выкарыстоўваючы парныя, групавыя формы навучання, педагог стварае ўмовы для выхавання карэктнасці, паважлівага стаўлення да іншых меркаванняў, адказнасці за агульную справу, лідарскіх якасцей. У той жа час зразумела, што на працягу ўрока цалкам дасягнуць выхаваўчай мэты немагчыма. Гаворка павінна ісці аб сістэме, а для гэтага настаўнік павінен бачыць комплексную перспектыўнасць свайго прадмета.

Сёння мы гаворым пра тое, што ўрок павінен праходзіць у атмасферы інтэлектуальных, маральных і эстэтычных перажыванняў, сутыкненняў розных поглядаў і меркаванняў, пошуку ісціны і магчымых шляхоў вырашэння задачы ці праблемы, творчасці настаўніка і навучэнцаў. І не важна, які прадмет выкладае настаўнік, галоўнае, якія ўмовы ён стварае на сваіх уроках для гарманічнага развіцця асобы. Змест вучэбных прадметаў павінен успрымацца навучэнцамі як пэўная каштоўнасць (сацыяльная, маральная, эстэтычная, экалагічная). Не выклікае сумнення маральны патэнцыял урокаў літаратуры, дзе акумулюецца духоўнасць пакаленняў. Сродкамі гісторыі і грамадазнаўства ў вучняў фарміруюцца грамадзянскасць і патрыятызм, любоў і павага да роднай краіны, яе культурна-гістарычнай спадчыны, здольнасць, жаданне і імкненне зберагчы спадчыну.

— Напэўна, няма ні аднаго прадмета школьнай праграмы, які не меў бы выхаваўчага патэнцыялу.

— Так. Урокі гісторыі Беларусі даюць магчымасць выхоўваць грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны, пачынаючы з вывучэння ба­рацьбы за стварэнне беларускай дзяржаўнасці, якая адыходзіць сваімі каранямі ў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, фарміраваць нацыянальную самасвядомасць, самаідэнтыфікацыю. Выразныя законы матэматыкі выхоўваюць розум, фарміруюць здольнасць да абстрактнага і лагічнага мыслення, уменне праводзіць доказныя развагі і аргументавана адстойваць свае перакананні, развіваюць інтуіцыю, фарміруюць каштоўнаснае стаўленне да ісціны і пачуццё адказнасці за вынікі дзейнасці. Фізіка і матэматыка як вучэбныя прадметы маюць вялікія магчымасці для раскрыцця навуковых метадаў у пазнанні навакольнага свету. Адной з такіх магчымасцей з’яўляецца прымяненне элементаў гістарызму.

Эмацыянальны аповед настаўніка, цікавыя задачы з мінулага, пытанні маральнасці ў навуцы, адказнасці навукоўцаў за ўласныя адкрыцці і іх наступствы дапамагаюць настаўніку ў маральным выхаванні навучэнцаў. Выхаванне рацыянальнага прыродакарыстання і экалагічных паводзін ажыццяўляецца не толькі на ўроках біялогіі і геаграфіі, але і на іншых вучэбных прадметах. Напрыклад, на ўроках хіміі — пры вывучэнні тэм “Вуглевадароды ў прыродзе”, “Ахова навакольнага асяроддзя ад забрудж­вання пры перапрацоўцы вуглевадароднай сыравіны і выкарыстання перапрацоўкі нафты”, на ўроках фізікі — пры вывучэнні вучэбных тэм “Перадача электрычнай энергіі. Экалагічныя праблемы вытворчасці і перадачы электрычнай энергіі”, “Эканомія цеплавой энергіі ў побыце”. Функцыя замежнай мовы — право­дзіць іншамоўныя міжкультурныя зносіны. Каб быць гатовым і здольным да міжкультурных зносін, навучэнцы павінны валодаць прадметна-тэматычным зместам нацыянальнага кампанента зносін, сацыякультурнымі ведамі і ўменнямі.

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока настаўнікамі ўсведамляецца не толькі як асабліва значная, але і якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення. У гэтым кірунку пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў акадэміі актыўна працуюць настаўнікі-метадысты, члены клуба “Крыштальны журавель”. Патэнцыял урокаў асэнсоўваецца і асвятляецца ў дзейнасці рэспубліканскіх груп настаўнікаў-прадметнікаў, якія працуюць у акадэміі, адлюстроўваецца ў тэматыцы курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў.

— У якасці вядучых на фестывалі выступілі 86 лепшых педагогаў рэспублікі. Чые майстар-класы запомніліся вам?

— Напрыклад, майстар-клас маладога настаўніцы біялогіі ліцэя № 1 Мінска Кацярыны Анатольеўны Скрыган, якая прадставіла аўтарскія прыёмы вывучэння малекулярнай біялогіі на павышаным узроўні. Удзельнікі фестывалю праводзілі педагога стоячы і бурнымі апладысментамі.

Настаўнікі пачатковых класаў з вялікімі жаданнем і непадробнай цікавасцю ўключыліся ў работу на майстар-класе настаўніка-метадыста, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 8 Ліды Таццяны Мар’янаўны Сурконт па тэме “Фарміраванне ўяўленняў і элементарных паняццяў аб гістарычным шляху беларускага народа на аснове знаёмства вучняў 4 класа з асобамі і найважнейшымі падзеямі айчыннай гісторыі праз выкарыстанне актыўных метадаў і прыёмаў навучання”.

Педагагічная майстэрня “Канструктар урока матэматыкі”, якую праводзіла Людміла Яўгенаўна Зязетка, настаўніца матэматыкі, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 68 Мінска, была цікавая і карысная як настаўнікам матэматыкі, так і настаўнікам пачатковых класаў, фізікі, інфарматыкі, хіміі і біялогіі. Удзельнікі майстар-класа азнаёміліся з аўтарскімі падыходамі мадэлявання вучэбных заняткаў розных тыпаў.

Высокі ўзровень прафесійнага майстэрства паказалі настаўніцы айчыннай і су­светнай мастацкай культуры Вольга Аляксандраўна Карповіч з мінскай гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага і Алена Уладзіміраўна Міхайлоўская з гімназіі № 8 Мінска падчас правядзення майстар-класа “Выхаванне асобы вучня на ўроках вучэбнага прадмета “Мастацтва” ў рамках сацыякультурных і мастацка-практычных кампетэнцый”, на якім былі прадстаўлены формы, метады і прыёмы развіцця агульных, прадметных і асобасных кампетэнцый вучняў, іх творчага патэнцыялу, стварэння ўмоў для самарэалізацыі. Можна, безумоўна, назваць яшчэ шмат імён тых лепшых настаўнікаў, якія шчодра  дзяліліся сваім вопытам на фестывалі.

— Паколькі скразной на фестывалі стала тэма выхавання, не магу не спытаць пра надзённае: як настаўніку наладжваць кантакт з сучаснымі баць­камі?

— Які б прадмет ні выкладаў настаўнік, ён заўсёды разумее значнасць кантактаў з бацькамі. Па агульным меркаванні, установе адукацыі цяпер стала больш складана праца­ваць з бацькамі. І справа не толькі ў тым, што аўтарытэт настаўніка як самага дасведчанага і кампетэнтнага чалавека ўжо не абсалютны. Уяўляецца, што найважнейшай праблемай нярэдка з’яўляецца разыходжанне ідэалаў паміж сям’ёй і школай. Для чаго трэба вучыцца? Што дасць тое ці іншае ўменне? Якія мэты павінен ставіць перад сабой чалавек? Сям’я нярэдка імкнецца выхаваць у дзіцяці вузкапрагматычныя погляды, асновай якіх з’яўляецца дасягненне матэрыяльных выгод і кар’ерныя поспехі. А ёсць яшчэ нядобранадзейныя і няпоўныя сем’і.

З улікам асаблівасцей сям’і настаўніку трэба ўмець пазітыўна ўздзейнічаць на яе ўсімі даступнымі сродкамі. Менавіта таму практычна ў кожным курсе павышэння кваліфікацыі ў нас запланаваны тэмы, якія адлюстроўваюць узаемадзеянне ўстановы адукацыі і сям’і, напрыклад, па сямейна арыентаваным падыходзе да выхавання школьнікаў, супрацоўніцтве сям’і і школы, па стварэнні рэгіянальнай мадэлі ўзаема­дзеяння сям’і і школы. З асаблівай цікавасцю ўспры­маецца настаўнікамі-практыкамі спецкурс аб інавацыйных тэхналогіях работы педагога з сям’ёй. З’яўляючыся саюзнікам, вырашаючы адны задачы са школай, сям’я, тым не менш, не заўсёды ўмее наладжваць кантакт, знаходзіць паразуменне з дзіцем. І тут на дапамогу павінны прыйсці прафесіяналы. Мы вучым аказваць такую дапамогу.

Вядома, навучаючы і выхоўваючы дзіця, педагогі павінны ведаць яго з усіх бакоў: пра ўзроставыя і псіхафізічныя асаблівасці, здольнасці, задаткі, цяжкасці і перспектывы развіцця. Тут трэба сучаснае практыка-арыентаванае веданне псіхалогіі. Пры павышэннi квалiфiкацыi актыўна вывучаюцца магчымасці навучання адораных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, так званых трывожных дзяцей, у стрэсавых і дэпрэсіўных станах. Не заўсёды з’яўляецца пазітыўным і ўплыў на навучэнцаў акружэння, аднагодкаў. Часам гэта фактар, які спрыяе ўзнікненню шкодных звычак, правакуе дэвіянтныя паводзіны. Не варта забываць і пра верагоднасць так званага псіхалагічнага гвалту з боку аднагодкаў.

— Але ж і сам педагог павінен быць узорам для пераймання.

— “Выхавальнік сам павінен быць тым, кім ён хоча зрабіць свайго выхаванца”, — гаварыў Уладзімір Іванавіч Даль. Гэта адлюстроўвае значнасць у выхаванні асобы самога педагога, яго грамадзянскіх і маральных якасцей, духоўнасці. І тут мы абавязкова павінны падкрэсліць дзейнасць кіраўніка ўстановы адукацыі, які выступае ў ролі выхавальніка не толькі навучэнцаў, але і настаўнікаў, усяго педагагічнага калектыву. Маральныя каштоўнасці ўстановы адукацыі, яе філасофія і арыенціры фарміруюцца кіраўніком, фактычна ўвасабляюцца ў ім. У сістэмны працэс фарміравання перакананняў і каштоўнасцей павінны быць уключаны і педагогі, і навучэнцы, і бацькі. Зразумела, сучасныя падыходы ў кіраванні ўстановай адукацыі патрабуюць ад кіраўніка пастаяннага ўдасканальвання.

Навукова-метадычнае суправаджэнне пра­фе­сій­нага развіцця кіраўнікоў ажыццяўляе Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, дзе праводзіцца бесперапыннае павышэнне іх кваліфікацыі. Сёння, акрамя традыцыйных форм навучання, кіраўніку прапаноўваюцца такія сучасныя і запатрабаваныя, як дыстанцыйнае навучанне, e-mail-канферэнцыі, вэбінары, інавацыйныя праекты, сеткавае ўзаемадзеянне, удзел у дзейнасці прафесійных аб’яднанняў. Распрацаваны змест і вызначана спецыфіка крэдытна-модульнага павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў устаноў адукацыі на кампетэнтнаснай аснове. Пад куратарствам акадэміі працуюць грамадскія педагагічныя аб’яднанні, дзейнасць якіх садзейнічае самавыхаванню і ўзаемавыхаванню педагогаў. У якасці прыкладу можна прывесці перш за ўсё Беларускае педагагічнае таварыства.

Увогуле ж на свеце няма іншай такой маральна-арыентаванай, адказнай і шматграннай прафесіі, як прафесія педагога. Сярод годных яе прадстаўнікоў ёсць тыя, каго па праве называюць лепшымі з лепшых. Яны вучаць не толькі сваіх вучняў, але і сваіх калег, шчодра дзелячыся багатым вопытам. Як навукоўцы маюць сваю навуковую школу, так і педагогі-майстры вырошчваюць сваіх паслядоўнікаў. Дарэчы, гэты год для нас адметны конкурсам прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, які папоўніць плеяду лепшых з лепшых.

— Згодна з вамі. Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.