Выхоўваць патрыётаў з дзіцячага садка

- 10:55Нам пішуць

На Століншчыне прайшоў педагагічны марафон, прысвечаны пераемнасці ў рабоце дашкольных устаноў і пачатковай школы па фарміраванні нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей у дзяцей у розных відах дзейнасці. Удзельнікамі марафону сталі выхавальнікі дзіцячых садкоў і школьных груп прадоўжанага дня, а таксама настаўнікі пачатковых класаў. На працягу двух тыдняў педагогі наведвалі адно ў аднаго ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, заняткі і майстар-класы.

Вынікі марафону былі падведзены ў Столінскай дзяржаўнай гімназіі падчас тэматычнага семінара-практыкуму. Адкрылі мерапрыемства выхаванцы Рэчыцкага ясляў-сада № 3 беларускімі народнымі танцамі. Трэба адзначыць, што беларускія народныя песні ў выкананні гімназістаў гучалі на працягу ўсяго семінара-практыкуму.

Пра сістэму работы па фарміраванні нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей у дашкольнікаў і малодшых школьнікаў расказалі намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Стружскага ясляў-сада А.В.Літвінка і настаўніца пачатковых класаў Глінкаўскай сярэдняй школы В.П.Езубец. Пра формы метадычнай работы з выхавальнікамі і настаўнікамі пачатковых класаў па ажыццяўленні пераемнасці ў фарміраванні ў дзяцей культурных і агульначалавечых каштоўнасцей гаварыла выхавальніца групы прадоўжанага дня рэчыцкай сярэдняй школы № 2 А.Я.Бруцкая. Эфектыўнымі метадамі стварэння сацыякультурнага асяроддзя з мэтай адраджэння духоўных каштоўнасцей сям’і і народа ў дашкольнікаў і малодшых школьнікаў ва ўмовах вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — школа” падзялілася намеснік дырэктара Церабліцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Т.Р.Рудзецкая. Практыка-арыентаваны характар насілі выступленні настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Століна М.Г.Яхнавец і выхавальніцы ясляў-сада № 1 Давыд-Гарадка Н.М.Бясан.

Падчас семінара-практыкуму разглядаліся пытанні выкарыстання патэнцыялу музейнай педагогікі ў азнаямленні дзяцей з культурнай спадчынай і сучаснасцю Беларусі, праектнага метаду па фарміраванні ў дзяцей любові да родных мясцін і роднай мовы ў розных відах дзейнасці. Педагогі атрымалі магчымасць удакладніць свае веды пра Століншчыну ў інтэрактыўнай гульні “Столін-квест” і віктарыне “Як вы ведаеце родную мову?”.

Удзельнікі мерапрыемства пагадзіліся, што мэтанакіраваная работа па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці дапамагае дзецям з маленства адчуць сябе грамадзянамі і патрыётамі сваёй краіны.

Наталля КАВАЛЬСКАЯ,
метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.