Віктар Доўнар — пра змястоўныя школьныя суботы і праект «Бацькоўскі ўніверсітэт»

- 11:20Компетентно, Образование, Школа управления

Начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра выхаваўчыя падыходы ў новым навучальным годзе.

— Віктар Паўлавіч, у нашых установах адукацыі да Дня народнага адзінства прайшлі святочныя мерапрыемствы, дзе ганаровае месца было адведзена Дзяржаўнаму сцягу, які выносіць сцяганосная група. Раскажыце пра гэта.

— Сцяганосныя групы былі створаны ў сістэме адукацыі яшчэ ў мінулым навучальным го­дзе. Але ёсць установы, якія маюць шматгадовую гісторыю ўшанавання Дзяржаўнага сцяга, і ў іх стала традыцыяй выносіць яго кожную раніцу на пастраенне пад гучанне гімна. Каб сістэматызаваць гэты кірунак, да пачатку новага навучальнага года нашым міністэрствам былі распрацаваны інструктыўна-метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі сцяганосных груп. У іх прадугле­джана, што ў кожнай установе адукацыі павінна быць створана свая сцяганосная група для ганаровага ўшанавання Дзяржаўнага сцяга і правядзення адпаведнага ры­туалу. Гэта азначае, што пры правядзенні мерапрыемстваў выхаваўчага характару ў абавязковым парадку будзе арганізаваны вынас Дзяржаўнага сцяга.

У інструктыўна-метадычным пісьме цэлы раздзел прысвечаны арганізацыі сцяганоснай групы ва ўстанове адукацыі. Прадугледжваецца шэраг патрабаванняў, крытэрыяў, механізмаў дзеян­ня. Перш-наперш гэта тычыцца распрацоўкі кіраўніцтвам установы адукацыі адпаведнай распарадчай дакументацыі. Дырэктар павінен выдаць загад па арганізацыі сцяганоснай групы. У змесце загада трэба адзначыць, што быць членам сцяганоснай групы — ганаровая місія і адбор у яе навучэнцаў неабходна абмяркоўваць педагагічным калектывам. Акрамя таго, павінна быць указана, якую экіпіроўку павінны мець члены групы. Установа адукацыі прадастаўляе членам групы ваенную парадную форму адзення, белыя пальчаткі, стужкі. Усе гэтыя атрыбуты можна выкарыстоўваць пры наяўнасці права іх нашэння.

У многіх установах адукацыі ёсць кадэцкія класы, дзе выхаванцы маюць спецыяльнае абмундзіраванне, якое можна выкарыстоўваць сцяганоснай групе. Для ганаровай місіі Дзяржаўны сцяг павінен быць выдзелены асобна і прызначаны толькі для яго вынасу і заносу сцяганоснай групай. Ва ўстанове адукацыі яму трэба вызначыць месца для ганаровага захавання. Сцяганосная група можа ўключаць ад аднаго да чатырох чалавек, у ліку якіх будуць кіраўнік групы і сцяганосцы. Могуць быць утвораны некалькі такіх груп на выпадак, калі спатрэбіцца замена. У рэкамендацыях адзначана, што члены сцяганоснай групы выбіраюцца з ліку навучэнцаў другой альбо трэцяй ступені навучання. У асноўным гэта вучні 8—9 класаў, якія з’яўляюцца актыўнымі членамі вучнёўскага самакіравання, пярвічных арганізацый БРСМ, піянерскай арганізацыі, пераможцы і ўдзельнікі розных конкурсаў, фестываляў патрыятычнай накіраванасці, добра вучацца, маюць прыкладныя паводзіны. Толькі такія школьнікі заслугоўваюць выконваць ганаровую місію. Набор у сцяганосную групу арганізоўваецца на конкурснай аснове. Пры выбары членаў групы таксама ўлічваюцца асаблівасці фізічнага стану здароўя навучэнца, яго фігура, рост.

Мерапрыемствы з вынасам Дзяржаўнага сцяга могуць быць прымеркаваны як да асноўных дзяржаўных свят, так і лакальных, якія тычацца пачатку новага навучальнага года, заканчэння чвэрцяў, перамог школьнікаў у вучэбных і спартыўных спаборніцтвах, прыёму іх у піянеры і БРСМ. Сцяганосная група можа ўдзельні­чаць таксама ў іншых патрыятычных акцыях, ва ўскладанні кветак да памятных месцаў, помнікаў героям. Фарміраванне сцяганосных груп неабходна ўдакладніць з бацькамі навучэнцаў, для гэтага правесці бацькоўскі сход, каб бацькі альбо іх законныя прадстаўнікі былі ў курсе, што сабой уяўляюць сцяганосныя групы і для чаго прызначаны, і далі згоду на іх фарміраванне.

— У гэтым навучальным го­дзе застаецца па-ранейшаму актуальным пытанне заня­тасці навучэнцаў у пазаўрочны час. Якая роля ў гэтым адведзена шостаму школьнаму дню?

— Неабходна ствараць паўнавартасныя ўмовы для таго, каб дзеці ў вольны час маглі займацца любімай справай, рэалізоў­ваць свае імкненні, творчыя магчымасці, былі задзейнічаны ў цікавых мерапрыемствах, і тым самым былі пад наглядам дарослых. Самы лепшы спосаб заняць дзяцей — гэта дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах, створаных у навучальных установах і ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У агульнаадукацыйных установах на арганізацыю такіх аб’яднанняў прадугледжана пэўная колькасць гадзін, якія фінансуюцца з бюджэту. На падставе запытаў саміх навучэнцаў, іх бацькоў трэба пашыраць сетку аб’яднанняў па інтарэсах, каб задаволіць патрэбы ўсіх жадаючых. Для рэалізацыі іх дзейнасці створаны тыпавыя вучэбныя праграмы, на аснове якіх калектывы ўстаноў адукацыі могуць сфарміраваць свае праграмы, якія павінны быць узгоднены з раённымі аддзеламі або ўпраўленнямі па адукацыі.

У гэты навучальны год шосты школьны дзень будзе арганізоўвацца ў традыцыйным фармаце і скіраваны на занятасць навучэнцаў. Мы рэкамендуем аб’яднанні па інтарэсах праводзіць у суботні дзень. Акрамя таго, кожная субота павінна мець тэматычную накіраванасць: духоўна-маральную, патрыятычную, спартыўную, працоўную. Неабходна актывізаваць супрацоўніцтва з бацькамі, далучаць іх да арганізацыі занятасці дзяцей. У гэтым годзе бу­дзе праходзіць дзявяты па ліку Рэспубліканскі конкурс на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Запрашаем педагогаў прыняць у ім актыўны ўдзел і спадзяёмся, што лепшыя праек­ты, метадычныя знаходкі ўзбагацяць арганізацыю шостага дня на практыцы.

Акрамя таго, плануем развіваць экскурсійную дзей­насць, распрацоўваць краязнаўчыя маршруты, якія будуць пазнавальнымі і цікавымі для школьнікаў у вывучэнні роднага краю. Паспрыяе гэтаму і супрацоў­ніцтва навучальных устаноў з сацыякультурнымі ўстановамі, музея­мі, тэатрамі. Нагадаю, што наша міністэрства падпісала пагадненне з Міністэрствам культуры аб тым, што навучэнцы могуць раз у месяц наведаць бясплатна любы музей, незалежна, дзе ён знаходзіцца — у сталіцы альбо ў рэгіёне.

Задача кіраўніка ўстановы адукацыі — стварыць спрыяльны псіхалагічны клімат, камфортныя ўмовы для навучання і выхавання. У гэтым перш-наперш павінна быць задзейнічана сацыяльна-псіхалагічная служба, класныя кіраўнікі, якім неабходна ўважліва сачыць за атмасферай у навучэнскім асяроддзі, наладжваць кантакт з кожным школьнікам, быць у курсе яго жыцця, узаемадзейнічаць з бацькамі.

— Ці пацвердзіў сваю значнасць праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”? Як ён будзе працаваць далей?

— Пацверджана часам, што школа павінна працаваць у адзінстве з сям’ёй. Толькі гэты тандэм дасць плён. І “Бацькоўскі ўніверсітэт” гэтаму спрыяе. Таму і ў гэтым навучальным годзе мы бу­дзем працягваць супрацоўніцтва з бацькамі і іх законнымі прадстаўнікамі. Усе метадычныя рэкамендацыі па правядзенні ўніверсітэта размешчаны на партале Нацыянальнага інстытута адукацыі, дзе прадстаўлены 44 тэмы з распрацоўкамі для кожнай паралелі класаў. У год павінны быць праведзены чатыры мерапрыемствы — па адным у чвэрць. Ва ўстанове адукацыі павінен быць сфарміраваны план-графік іх правядзення, вызначаны адказныя асобы за арганізацыю.

Неабходна рэгулярна право­дзіць асветніцкія сустрэчы з баць­камі па тых ці іншых злаба­дзённых пытаннях, арганізоў­ваць інфармацыйныя кансультацыі, весці гутаркі, лекторыі і інш. Усе мерапрыемствы павінны быць праведзены ў інтэрактыўнай форме, быць жывымі, цікавымі для актывізацыі ўвагі прысутных. Мы рэкамендуем пашырыць кола ўдзельнікаў бацькоўскага ўніверсітэта, запрашаць на сустрэчы спецыялістаў іншых профільных арганізацый і ведамстваў, больш цесна ўзаемадзейнічаць з установамі аховы здароўя, права­ахоўнымі органамі, МНС, прадстаўнікамі духавенства.

— Ужо трэці год у сістэме адукацыі працуюць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Як яны сябе зарэкамендавалі?

— Гэта добрыя памочнікі ў выхаваўчай рабоце з нашымі дзецьмі. Але іх дзейнасць патрабавала пэўнага інструментарыю. Для гэтага Міністэрствам адукацыі распрацавана інструктыўна-метадычнае пісьмо, у якім выкладзены асноўныя напрамкі дзейнасці кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Акрамя таго, створаны дапаможнік “Ваенна-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў” для кіраўні­коў і спецыялістаў, якія курыруюць пытанні патрыятычнага выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Распрацаваў гэты дапаможнік калектыў НІА. У скла­дзе аўтараў — педагогі профільных устаноў, супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і інш.

У вучэбнай кнізе змешчаны два раздзелы: тэарэтычныя асновы ваенна-патрыятычнага выхавання і арганізацыйна-метадычныя асновы ваенна-патрыя­тычнага выхавання ў школе. Таксама ёсць чатыры дадаткі: метадычныя распрацоўкі для правя­дзення мерапрыемстваў ваенна-ідэалагічнай, ваенна-гістарычнай, ваенна-спартыўнай накіраванасці і алгарытм работы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Дапаможнік выкладзены ў даступнай форме і зместава насычаны. Яго могуць выкарыстоўваць не толькі кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, але і дырэктары ўстаноў адукацыі, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце, усе зацікаўленыя.

— Якія механізмы ў выхаванні прапанаваны сацыяльна-псіхалагічнай службе?

— У гэты імклівы, інфармацыйна насычаны час трэба шукаць усё новыя і новыя падыходы ў выхаванні нашых дзяцей. Пад уплывам лічбавых тэхналогій, гаджэтаў нашы дзеці праяўляюць такія якасці, як раўнадушша, жорсткасць, абыякавасць да таго, хто побач. З’яўляецца булінг, калі адбываецца агрэсіўнае праследаванне і здзекі з аднаго са школьнікаў з боку іншага. Гэта негатыўная з’ява, з якой мы павінны змагацца. Задача кіраўніка ўстановы адукацыі — стварыць спрыяльны псіхалагічны клімат, камфортныя ўмовы для навучання і выхавання. У гэтым перш-наперш павінна быць задзейнічана сацыяльна-псіхалагічная служба, класныя кіраўнікі, якім неабходна ўважліва сачыць за атмасферай у навучэнскім асяроддзі, наладжваць кантакт з кожным школьнікам, быць у курсе яго жыцця, узаемадзейнічаць з бацькамі. Дапаможа ў своечасовым выяўленні канфліктных сітуацый правядзенне карэкцыйных заняткаў, псіхалагічных дыягностык, трэнінгаў. З нашага боку падрыхтаваны шэраг нарматыўных прававых дакументаў па арганізацыі дзейнасці сацыяльна-псіхалагічных службаў. Цяпер вядзецца работа па ўдакладненні псіхалагічнага дыягнастычнага інструментарыю, частка якога ў найбліжэйшы час будзе прадастаўлена для выкарыстання ўстановамі адукацыі.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА