Віталь ДУДКО: “Мы адышлі ад клішэ “сельская школа”

- 11:13Суразмоўца

Лаўрэат конкурсу “Настаўнік года — 2006”, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, настаўнік-метадыст, дырэктар. Трэцяга сакавіка споўнілася шэсць гадоў дырэктарству Віталя Мікалаевіча Дудко. Невялікі тэрмін, але Віталь Мікалаевіч зрабіў многае. Сутыкнуўшыся з комплексам пытанняў і праблем адміністрацыйнага і гаспадарчага характару, ён змог рэалізаваць сваё бачанне жыцця школы і перавёў адукацыйную практыку з рэжыму функцыянавання ў рэжым развіцця. “Зразумела, у мяне б нічога не атрымалася, калі б не падтрымка калег. Я ім вельмі ўдзячны за тое, што яны прынялі мяне і мае ідэі”, — пачаў гаворку Віталь Мікалаевіч. За 6 гадоў сумеснай работы калектыў практычна не памяняўся (на пенсію пайшоў толькі адзін супрацоўнік, і тое па сваім жаданні). Сёння дырэктар Паплаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці — шаноўны госць нашага дырэктарскага клуба.

— Віталь Мікалаевіч, якімі былі першыя крокі ў ролі дырэктара?

— У 2012 годзе мы пачалі работу над праграмай развіцця школы. Гэта адзін з найважнейшых дакументаў любой установы, у якім на працягу 5 гадоў прагназуюцца найбольш важныя працэсы і чаканыя вынікі. Мы вырашылі, што паспрабуем забяспечыць паўнацэннае развіццё ўстановы адукацыі праз укараненне інавацый, і ў тым жа 2012 годзе сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне аўтарскіх электронных сродкаў навучання і выхавання ў сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”. Калі шчыра, тады я не асабліва разлічваў, што мы атрымаем адчувальныя вынікі. Для мяне было куды больш важным і значным, каб у школе з’явілася яднаючая ідэя, здольная ўзняць прафесійны настрой у калектыве. На той момант сярэдні ўзрост настаўнікаў школы быў 42 гады. Працэс прафесійнага выгарання быў відавочным, педагогі жылі ўчарашнім днём, але сітуацыю ўдалося пераламаць.

13 настаўнікаў школы засвоілі спецыяльныя інструментальныя праграмы, з дапамогай якіх можна ствараць абалонку аўтарскага ЭСН. У першы год мы зрабілі 10 электронных сродкаў навучання, у якіх былі сабраны самыя лепшыя напрацоўкі, назапашаныя педагогамі за гады сваёй прафесійнай дзейнасці. Некаторыя ЭСН ствараліся менавіта для вучняў (даведачныя, інфармацыйныя дыскі), а некаторыя былі прызначаны для таго, каб захаваць станоўчы педагагічны вопыт для будучых пакаленняў настаўнікаў. Я таксама стаў удзельнікам гэтай работы проста для таго, каб паказаць настаўнікам, што гэта магчыма, што мы ў стане самастойна зрабіць добры электронны прадукт. Першы распрацаваны мной дыск называўся “Гісторыка-культурная спадчына Бярэзіншчыны”.

У выніку мы распрацавалі 23 аўтарскія ЭСН, якія захоўваюцца не толькі ў нашай школьнай медыятэцы. Яны ёсць у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка. Свае электронныя сродкі навучання распрацавалі настаўнікі матэматыкі, рускай, французскай мовы, працоўнага навучання, геаграфіі. ЭСН змяшчаюць самыя розныя матэрыялы: гульні для дзяцей, кантрольна-вымяральныя матэрыялы, інтэрактыўныя карты, інтэрактыўныя слоўнікі. Мы зрабілі дыскі пра школу, сістэму адукацыі раёна. Ёсць цікавы дыск “Матэрыяльная культура беларусаў”, дзе настаўніца працоўнага навучання сабрала і прааналізавала асаблівасці мясцовай кухні, нацыянальнага касцюма.

— Я так разумею, што працэс прафесійнага выгарання быў спынены.

— Так. Канечне, нам было няпроста, бо гэта была штодзённая карпатлівая праца, якая патрабавала шмат сіл і ўзаемадапамогі, але мы яе зрабілі. Да таго ж яна была накіравана на аб’яднанне калектыву.

Каб падтрымаць некаторыя ЭСН, мы выкарыстоўвалі дыстанцыйную форму навучання. Сельская школа асаблівая. Адной з праблем з’яўляецца тое, што вельмі многа дзяцей падвозіцца, што не дае ў поўнай меры забяспечыць работу факультатываў у другой палове дня. Аўтобус ад’язджае ад школы ў 14.30. Дзеці раз’язджаюцца ў свае вёсачкі, дзе няма сацыяльных аб’ектаў, і ў іх няма магчымасці атрымаць тую адукацыю, якую, напрыклад, могуць атрымаць гарадскія школьнікі. У сувязі з гэтым мы распрацавалі дыстанцыйныя курсы на аснове тых ЭСН, аўтарамі якіх з’яўляюцца нашы настаўнікі. Дзіця атрымлівала даведачна-інфармацыйны дыск. Настаўнікі рыхтавалі лекцыі з дапамогай платформы Moodle, а праз некаторы час давалі кантрольныя пытанні, адказаць на якія можна было, выкарыстоўваючы тэксты лекцый і ЭСН. Такім чынам, у нас арганізавана работа з дзецьмі, якія жывуць у аддаленых населеных пунктах, а такіх у нас 90 вучняў са 178.

— І цяпер вы зноў у інавацыйным праекце.

— Назапашаны намі вопыт быў заўважаны. Мы ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх выставах. У 2014 годзе ў школе праводзіўся вялікі семінар, на які прыязджалі прадстаўнікі тых устаноў адукацыі, якія таксама працавалі ў межах інавацыйнага праекта “Укараненне аўтарскіх электронных сродкаў навучання і выхавання ў сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

У 2015 годзе нам прапанавалі ўключыцца ў новы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Сэнс гэтага інавацыйнага праекта ў тым, каб назапашаны вопыт распаўсюдзіць на большую колькасць устаноў адукацыі. Мы распрацавалі вучэбныя курсы для педагогаў. Ёсць аднадзённыя, ёсць двухдзённыя, розныя па тэматыцы. Мы апрабавалі абедзве формы. Найбольш папулярныя тыя, якія дазваляюць авалодаць інструментарнымі праграмамі. Адна з самых простых — AutoPlay Media Studio 8.0. На вучобу да нас групы настаўнікаў прыязджаюць у канікулярны час (мы не можам спыняць адукацыйны працэс), перад сабой ставім задачу, што за час знаходжання ў нашай школе педагогі павінны (з нашай дапамогай) распрацаваць трохстаронкавы ЭСН. Далей павялічваць колькасць старонак, напаўняць свой ЭСН можна ўжо дома. Мы вучым, як звязаць старонкі ЭСН, як яго аформіць, як зрабіць інтэрактыўныя кнопкі, як уставіць відэа, малюнкі, тэксты і г.д.

Першыя нашы курсы былі для настаўнікаў пачатковых класаў і працоўнага навучання Барысаўскага і Лагойскага раёнаў Мінскай вобласці. Да нас прыехалі 17 чалавек. Педагогі засталіся задаволены. У нас ёсць адна вялікая перавага перад установамі дадатковай адукацыі дарослых: са слухачамі нашых курсаў могуць працаваць не 1—2 трэнеры, а 8—10. Атрымліваецца практычна індывідуальнае навучанне. У нашай школе невялікі калектыў — усяго 23 чалавекі. Большасць мае неабходныя трэнерскія навыкі. Двухдзённыя курсы даюць яшчэ больш магчымасцей. Акрамя таго, што ў межах гэтых курсаў настаўнікі ствараюць свой невялікі ЭСН, мы вучым іх навыкам работы ў праграме Minetest, якія пасля спатрэбяцца пры далейшай рабоце над электронным сродкам навучання. Працэс навучання атрымліваецца цікавым. Яго вынік амаль стапрацэнтны.

— Віталь Мікалаевіч, на вашы курсы, напэўна, цяжка трапіць?

— Чаргі пакуль няма, але настаўнікі прыязджаюць. Праўда, ёсць лагістычны нюанс: да нас не так проста дабрацца, бо школа размешчана не ў раённым цэнтры. Людзей жа трэба сабраць і даставіць да нас, таму з групамі ўзнікаюць некаторыя праблемы. Разам з тым мы даём і індывідуальныя кансультацыі, калі зацікаўленыя ў вывучэнні назапашанага вопыту педагогі прыязджаюць да нас і мы з імі працуем у індывідуальным рэжыме (па папярэдняй тэлефоннай дамоўленасці або па заяўцы на сайце). Такая работа вядзецца па суботах. Увогуле, хачу адзначыць, што з вялікім задавальненнем назіраю за сваімі калегамі, якія з такім жа задавальненнем працуюць з настаўнікамі на гэтых курсах. Яны з радасцю дзеляцца сваім вопытам.

— Чым яшчэ адметна вучэбна-выхаваўчая сістэма Паплаўскай школы сёння? Як вы, з’яўляючыся дырэктарам, расстаўляеце прыярытэты?

— Мне здаецца, што мы адышлі ад клішэ “сельская школа”. Мне было важна пераадолець сіндром сельскага настаўніка, у чым дапамагла наша інавацыйная дзейнасць. У нас выдатная матэрыяльная база. Фактычна кожны ўрок мы можам праводзіць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У нас тры класы абсталяваны камплектамі камп’ютараў, ёсць 2 сучасныя лінгафонныя кабінеты, 16 камп’ютараў, якія падключаны да інтэрнэту, што дае магчымасць выходзіць у сетку непасрэдна на ўроку. Сучаснымі камплектамі аснашчаны кабінеты фізікі, хіміі і біялогіі.

У нашай школе выдатная спартыўная зала, якая адпавядае міжнародным стандартам і якую мы, дарэчы, рабілі сваімі рукамі, добрая трэнажорная зала. Канечне, нешта трэба ўдасканальваць, але ўзроўню разумнай дастатковасці мы ўжо дасягнулі.

Асноўным кірункам выхаваўчай работы з’яўляецца, канечне, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Яно ў нас рэалізоўваецца з 2012 года, калі пачаў дзейнічаць інавацыйны праект. У школе ажыццяўляюцца вельмі цікавыя праекты. Нашы вучні разам з маладым настаўнікам гісторыі Яўгенам Аляксандравічам Котавым стварылі карту воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Паплаўскага сельскага Савета і размясцілі яе на сайце. Дзеці разам з настаўнікам наведалі кожнае пахаванне і з дапамогай GPS-навігатара адзначылі дакладныя іх каардынаты. У выніку атрымаўся цудоўны рэсурс, які можна спампаваць на свой гаджэт, а затым, напрыклад, выкарыстаць для арганізацыі экскурсіі па памятных мясцінах.

Яшчэ нашы дзеці ўдзельнічаюць у адраджэнні народных абрадаў. У мікрараёне школы ёсць вёска Новіны, дзе адрадзілі народны абрад “Цягнуць Каляду на дуба”. 21 студзеня большасць дзецей нашай школы ў вёсцы Новіны ўдзельнічалі у рэканструкцыі гэтага абрада.

— Тут жа хачу спыніцца на арганізацыі шостага школьнага дня.

— Мы даволі спакойна паставіліся да загада Міністэрства адукацыі па шостым школьным дні. У нас ён арганізаваны, і мерапрыемствы праходзяць цікавыя. Мы не можам забяспечыць стапрацэнтную яўку, бо многія дзеці жывуць у суседніх вёсках, адкуль не так проста дабрацца. Ды і не патрэбны тут кантрольныя лічбы. Дзеці да нас прыходзяць, бо не ўсе бацькі могуць прапанаваць сваім сынам і дочкам цікавы занятак на суботу. Папулярнымі з’яўляюцца масавыя мерапрыемствы, напрыклад, кірмашы. У нас праводзіцца хлебны тыдзень, Масленіца, калі можна абмяняцца рэцэптамі або прапанаваць сваё печыва. Амаль кожную суботу праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы. У адну з субот кожнага месяца арганізоўваем экскурсіі па краіне. Удзельнічаем у раённых і абласных мерапрыемствах, супрацоўнічаем з сельскімі дамамі культуры. Працуюць секцыі тэніса, шахмат, шашак. Дзейнічаюць фальклорныя калектывы.

— А што ў планах па развіцці школы? Або вы цалкам задаволены тым, што маеце?

— Задаволеным быць немагчыма. У планах — разнастаіць шосты школьны дзень. Нам яўна не хапае тэхнічнай творчасці. Хацелася б, каб былі авіямадэльны гурток або картынг, але гэта немагчыма. Думаю, што мы знойдзем сродкі і ў найбліжэйшы час закупім камплект для робататэхнікі. Гэта будзе запатрабавана і разнастаіць традыцыйныя мерапрыемствы шостага школьнага дня. У нас развіваецца кулінарны напрамак, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, але хочацца дадаць сучаснасці, тым больш што ў нас працуе перспектыўны настаўнік, які будзе развіваць робататэхніку. Ён цікавы дзецям, і яму цікава робататэхніка.

— Віталь Мікалаевіч, калі мы з вамі дамаўляліся аб інтэрв’ю, вы адразу сказалі, што толькі пасля абеду, бо ў першай палове дня, акрамя дырэктарскіх спраў, у вас яшчэ і ўрокі. Наколькі гэта сумяшчальна (і патрэбна) быць дырэктарам і настаўнікам?

— Быць проста менеджарам не атрымаецца, бо вельмі шмат пытанняў вырашаецца за кошт нядрэннага ўласнага аўтарытэту метадыста. Не было б выніку ў інавацыйнай дзейнасці, калі б я проста кіраваў гэтым працэсам, а не пагрузіўся ў яго разам з усімі педагогамі. Гэта шчасце, калі дзверы ў кабінет дырэктара адчыняюцца і нехта з настаўнікаў гаворыць: “Віталь Мікалаевіч, давайце пойдзем і паглядзім. Я тут новы прыём прыдумала!” Чалавек, які не прайшоў настаўніцкім шляхам, не зможа стаць сапраўдным дырэктарам.

— Ці сочыце вы за новымі педагагічнымі тэндэнцыямі, тэхналогіямі?

— У нашым калектыве ў кожнага педагога за гады работы склалася свая аўтарская дыдактычная сістэма. Зразумела, што ўсе яны пастаянна ўдасканальваюцца. Не скажу, што мы моцна асцярожнічаем, працэс апрабацыі новага ідзе, але застаецца тое, што падыходзіць кожнаму канкрэтнаму настаўніку і яго вучням, тое, што можа разнастаіць настаўніцкую дыдактычную сістэму.

Мы знайшлі кірунак, які нам цікавы. Калі настаўнік валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі, ён цікавы цяперашнім вучням. Абысціся толькі дошкай і крэйдай сёння наўрад ці атрымаецца. Я часта хажу на ўрокі да сваіх настаўнікаў і ганаруся іх прафесійным узроўнем. Усё новае добра, калі яно дарэчы. Бессістэмнае выкарыстанне элементаў новых тэхналогій і методык не заўсёды прыводзіць да жаданага выніку.

Разам з тым у школе мы правялі некалькі семінараў па медыяадукацыі, якая цікавіць нашых настаўнікаў. Некаторыя педагогі ездзілі на адпаведныя курсы ў Мінск. Мы развіваем медыяадукацыю ў сваёй школе, лічым гэты напрамак перспектыўным і карысным, бо без фарміравання інфармацыйнай культуры сёння не абысціся.

— А ці ёсць у вашай школе профільныя класы?

— Няма. І перспектывы іх адкрываць таксама пакуль няма. Іх трэба адкрываць тады, калі ёсць попыт з боку дзяцей і іх бацькоў. Наша школа размешчана за 8 кіламетраў ад раённага цэнтра, дзе ёсць вялікія школы з профільнымі класамі. Нават з пункту гледжання лагістыкі няма праблем дабрацца да Беразіна і выбраць штосьці з прапанаваных у школах профільных напрамкаў, але пакуль нашы вучні не выказвалі такога жадання. Думаю, што нават з базавым узроўнем нашы выпускнікі сёлета пакажуць нядрэнныя вынікі. Дарэчы, у 2014 годзе на базе нашай школы пачаў дзейнічаць філіял БДПУ імя Максіма Танка. Студэнты педуніверсітэта праходзяць у нас практыку. Гэта спрыяе таму, што некаторыя выпускнікі школы выбіраюць педагагічныя прафесіі.

— Віталь Мікалаевіч, не магу не спытаць пра набалелае для нашай настаўніцкай супольнасці — прэстыж педагагічнай прафесіі. Ці не падаецца вам, што ў яго зніжэнні вінаваты і самі настаўнікі?

— Падаецца. Калі мы гаворым пра прэстыж настаўніка, пра неабходнасць павышэння педагагічнага статусу, то перш за ўсё маем на ўвазе тое, якія мы, педагогі, у вачах грамадства. Існуе меркаванне, што педагагічны статус дапамогуць падняць адпаведныя тэлеперадачы, мастацкія фільмы, конкурсы і г.д. Магчыма, гэтыя меры часткова могуць паўплываць на сітуацыю. Я часта над гэтым думаю. Патрэба грамадства ў настаўніку-творцу змянілася на патрэбу ў настаўніку-рамесніку. Адначасова фармалізаваліся адносіны паміж бацькамі і дзецьмі ў сям’і. Першаснымі для многіх бацькоў сталі пытанні забеспячэння матэрыяльнага дабрабыту сям’і, а выхаванне дзяцей — другаснай, непрыемнай праблемай, якую павінны вырашаць выключна настаўнікі. Спажывецкае стаўленне да школы людзей трэба мяняць. Але як гэта зрабіць? Можна, напрыклад, уявіць, што нейкаму рэжысёру захацелася зняць рэмейк да фільма “Дажывём да панядзелка”, і няхай там вобраз настаўніка будзе ўвасабляць самы папулярны цяпер расійскі акцёр Даніла Казлоўскі. Ці зменіць гэтае кіно сітуацыю? Думаю, што не. Больш мэтазгодным і выніковым лічу папулярызацыю сямейных каштоўнасцей, станоўчых прыкладаў арганізацыі сямейнага выхавання.

Мяркую, што значная частка праблемы нізкага статусу настаўніка ляжыць і ўнутры ўстановы адукацыі. Я не хачу сказаць, што ў невысокім статусе вінаваты самі настаўнікі, але ў школах часам не ствараюцца дастатковыя ўмовы для таго, каб настаўнікі станавіліся майстрамі. Для мяне майстэрства — такі стан, калі ты перастаеш баяцца. Баяцца адказнасці за паказчыкі прафесійнай дзейнасці, публічнасці, адкрытасці, выглядаць смешна на тым самым педсавеце, няўпэўнена на бацькоўскім сходзе або адкрытым уроку. Гэта стан, калі ты прыняў сябе прафесіяналам.

Сучасная беларуская школа не змізарнела на таленавітых, прафесійных, адданых сваёй справе педагогаў. Праблема не столькі ў настаўніках, колькі ў спосабах, якімі мы, кіраўнікі школ, спрабуем вырашаць задачы, якія стаяць перад установай адукацыі, якія метады выкарыстоўваем для забеспячэння выканальніцкай дысцыпліны і стымулявання творчай актыўнасці педагогаў. Мы шмат бізуна выкарыстоўваем. А калі ў арсенале дырэктара толькі бізун, то настаўніцкага росту дабіцца немагчыма. Канечне, кароткатэрміновы вынік для ўстановы будзе, але добрасумленная праца перастане быць унутранай патрэбай педагога. Кожнаму настаўніку неабходна індывідуальная траекторыя развіцця, якая прывядзе яго да майстэрства.

Каб стварыць такія ўмовы ва ўстанове адукацыі, трэба вельмі пастарацца, папрацаваць, у тым ліку над сабой. Неабходна захапіць інавацыямі, падтрымліваць любыя педагагічныя ініцыятывы, сістэму прэміравання зрабіць празрыстай і справядлівай. Гавораць, што калі сам не навучышся сябе любіць, то не зможаш любіць іншага і цябе таксама ніхто не палюбіць. Настаўнік павінен адчуваць сябе чалавекам з горда ўзнятай галавой і выконваць толькі ўласцівыя прафесіі функцыі. А сёння ва ўмовах спажывецкага стаўлення да школы статус настаўніка прыраўнаваны да статусу даўжніка.

Я быў у школах Чэхіі, Эстоніі, Казахстана і бачыў, чым жыве там настаўнік, бачыў іх распрацоўкі, ідэі. Хачу адзначыць, што мы вельмі часта працуем куды больш прафесійна. У некаторай ступені я быў расчараваны, бо нават у маёй звычайнай школе можна ўбачыць лепшае, больш прадуманае і выніковае мерапрыемства, чым, напрыклад, у пражскай. Але разам з тым яны не выконваюць многія з тых функцый, якія робім мы. У тых жа чэшскіх настаўнікаў ёсць, напрыклад, абмежаванні пры падрыхтоўцы справаздач ці іншых дакументаў.

Мы, настаўнікі, людзі вельмі адказныя, таму стараемся выконваць усё, што даручаюць, але ёсць пэўныя пытанні, якія перашкаджаюць нармальна працаваць. Напрыклад, за нашай школай (і не толькі за нашай) замацавана яшчэ адна ўстанова адукацыі. Яна закрыта (яе вучні перайшлі да нас) і знаходзіцца за 15 кіламетраў. Мы сочым там за парадкам і ахоўваем тэрыторыю, якая памерам 2,6 гектара. Тым не менш гэта школьная тэрыторыя, якую мы даглядаем.

А ў гэтым годзе за намі замацавалі яшчэ 4 населеныя пункты. Гэта вёскі, найбліжэйшая з якіх — за 8 кіламетраў. Мы там таксама павінны наводзіць парадак, але ж калектыў нашай школы — гэта толькі крыху больш за 20 чалавек, з якіх мужчын 5. У нас няма неабходных рэсурсаў (сродкаў малой механізацыі, штатных адзінак). Мы ж павінны і тэрыторыю сваёй школы трымаць у парадку. У нас жа яшчэ і кацельні (пра цяпло ў школе клапоцімся самі). Свая гаспадарка патрабуе немалых сіл і матэрыяльных рэсурсаў. Мы не супраць даглядаць закрытую школу, але вёскі… Мне здаецца, што кожны павінен займацца сваёй справай, а задача школы — найперш вучыць і выхоўваць дзяцей, дапамагаць ім развівацца.

— Сапраўды, кожны павінен займацца сваёй справай. Вялікі дзякуй, Віталь Мікалаевіч, за шчырую размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.