Візуалізацыя на ўроку чарчэння: якія выкарыстоўваюцца праграмы

- 13:30Образование, Портфолио, Приложение

Спецыфіка выкладання чарчэння прадугледжвае наяўнасць вялікай колькасці нагляднага матэрыялу і выкарыстанне ў адукацыйным працэсе ўрокаў­-візуалізацый. Такія ўрокі ўяўляюць сабой сукупнасць вуснай інфармацыі, пераўтворанай у візуальную форму, дзе нагляднасць не толькі дапаўняе слоўную інфармацыю, але і сама выступае носьбітам інфармацыі.

 

 

Праграмы падрыхтоўкі і прагляду прэзентацый

Безумоўна, асноўным сродкам візуалізацыі вучэбнай інфармацыі з’яўляюцца прэзентацыі. Для падрыхтоўкі да ўрокаў чарчэння актыўна выкарыстоўваю праграму Microsoft PowerPoint. Гэта даволі распаўсюджаная і параўнальна лёгкая ў асваенні праграма. Яна простая ў кіраванні і не патрабуе навыкаў праграмавання для стварэння маляўнічых, насычаных і цікавых урокаў.

Слайды, якія дэманструюцца, служаць узорамі для правільнага графічнага выканання работы. Магчымасць некалькіх рэжымаў дэманстрацыі (змена слайдаў уручную — у прамым і зваротным напрамку — з суправаджэннем кожна­га кадра тлумачэннямі; аўтаматычны паказ) дазваляе настаўніку вярнуцца да матэрыялу ўрока (да слайдаў — наглядных дапаможнікаў) на любым яго этапе.

Вектарныя графічныя рэдактары

Аднак пры стварэнні прэзентацый у праграме Microsoft PowerPoint выяў­ляецца нязручнасць выка­рыстання ўбудаванага графічнага рэдактара. Таму пры стварэнні складаных чарцяжоў выкарыстоўваю іншыя праграмныя сродкі — графічныя рэдактары і сістэмы аўтаматызаванага праектавання.

Графічныя рэдактары падраздзяляюцца на дзве катэгорыі: растравыя і вектарныя. Яны адрозніваюцца па спосабе, якім прадстаў­ляюць графічную інфармацыю.

Растравыя графічныя рэдактары з’яўляюцца найлепшым сродкам апрацоўкі фатаграфій і малюнкаў, паколькі растравыя выявы забяспечваюць высокую дакладнасць перадачы градацый колераў і паўтонаў. Растравыя выявы складаюцца з пікселяў фіксаванага памеру. Таму свабоднае маштабаванне без страты якасці да іх не прымяніма. Гэтая асаблівасць, а таксама сама структура растравых выяў крыху ўскладняюць іх рэдагаванне і апрацоўку. Прыкладамі растравых рэдактараў з’яўляюцца Microsoft Paint і Adobe Photoshop.

Вектарныя графічныя выявы з’яўляюцца аптымальным сродкам захоў­вання высокадакладных графічных аб’ектаў (чарцяжоў, схем і г.д.), для якіх мае значэнне наяўнасць выразных контураў. Усе кампаненты вектарнай выявы апісваюцца матэматычна, а значыць, абсалютна дакладна. Вектарныя выявы не ў стане забяспечыць блізкую да арыгінала рэалістычнасць, але перавагай вектарнай графікі з’яўляецца тое, што файлы, якія захоў­ваюць вектарныя графічныя выявы, маюць параўнальна невялікі аб’ём. Важна таксама, што вектарныя графічныя выявы могуць быць павялічаны або паменшаны без страты якасці. Найбольш папулярнымі вектарнымі рэдактарамі з’яўляюцца Inkscape, Adobe Illustration і CorelDraw.

Пры падрыхтоўцы да ўрокаў чарчэння зручна выкарыстоўваць менавіта вектарныя рэдактары, якія дазваляюць:

— мяняць памеры чарцяжоў;

— мяняць колер, стыль, даўжыню і таўшчыню ліній;

— устаўляць і ствараць многавугольнікі любой складанасці;

— дабаўляць надпісы чарцёжным шрыфтам (GOST type A і GOST type B) у любое месца чарцяжа і рэдагаваць іх;

— выкарыстоўваць інструмент “Разлінееная папера” (устаўка асобнага слоя, які выглядае як ліст у клетку);

— заліваць замкнутыя зоны суцэльнай або гра­дыентнай заліўкай;

— захоўваць чарцёж у выглядзе растравай або вектарнай выявы.

Вектарныя графічныя рэдактары выкарыстоўваю як пры складанні практычных заданняў, так і для афармлення алгарытму выканання гэтых работ.

Пры распрацоўцы алгарытму ў графічным рэдактары будуецца чарцёж з усімі прамежкавымі пабудовамі, гэта значыць, гэтак жа, як павінны рабіць навучэнцы на паперы з выкарыстаннем чарцёжных інструментаў. Этапы пабудовы захоўваюцца ў выглядзе асобных малюнкаў, а затым збіраюцца ў пакрокавую інструкцыю з выкарыстаннем тэкставага рэдактара.

Такія алгарытмы дазваляюць навучэнцам не толькі правільна выбіраць інструменты, але і звяраць атрыманыя вынікі з узорам (пасля кожнага выкананага этапу работы).

Аніміраваныя малюнкі

На практычных работах навучэнцам зручна карыстацца невялікімі па памеры аніміраванымі малюнкамі, якія дэманструюць пакрокавы ход пабудовы чарцяжа. Такія анімацыі дазваляюць навучэнцам выбіраць зручны для сябе тэмп работы і пастаянна кантраляваць правільнасць яе выканання.

Для стварэння аніміраваных малюнкаў неабходна ў вектарным графічным рэдактары ці сістэме аўтаматызаванага праектавання зрабіць чарцёж. Пры гэтым кожны крок пабудовы захоўваецца ў выгля­дзе асобнага малюнка. Затым можна скарыстацца праграмай або анлайн-сэрвісам для стварэння gif-анімацыі, напрыклад, “Гіфа­віна”. Гэты сэр­віс дазваляе загружаць выявы з камп’ютара, устанаўлі­ваць памеры малюнка і час працягласці кожнага кадра. Пры неабходнасці можна дабаў­ляць каментарыі з дапамогай убудаванага тэкставага рэдактара. Пасля націскання на кнопку “Гатова” можна прагледзець анімацыю, спампаваць яе на свой камп’ютар, падзя­ліцца спасылкай або атры­маць код для ўстаўкі на сайт (блог).

Пры тлумачэнні, замацаванні вучэбнага матэрыялу, пры праверцы дамашняга задання можна скарыстацца інтэрактыўнымі flash-ролікамі.

Сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР)

Для стварэння больш складаных чарцяжоў, тэхналагічнай дакументацыі і трохвымерных мадэлей зручна выкарыстоўваць сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР).

Найбольш папулярным праграмным пакетам для стварэння чарцяжоў і работы з імі на камп’ютары з’яўляецца Autodesk AutoCAD. У параўнанні з пабудовай чарцяжоў у графічных рэдактарах работа ў AutoCAD мае шэраг пераваг:

— унясенне карэкці­роўкі ў чарцёж;

— раздрукоўка чарцяжа ў любым маштабе і на неабходным фармаце паперы;

— аўтаматычная прастаноўка памераў;

— магчымасць 3D-ма­дэлявання, пабудовы ізамет­рычнай праекцыі трохвымерных аб’ектаў з наступным захаваннем выніку ў растравы фармат выявы і інш.

Аб’ёмныя (трохвымерныя) мадэлі

Навучэнцы, якія вывучалі ў 7—9 класах геамет­рыю на плоскасці (планімет­рыю), адчуваюць сур’ёзныя цяжкасці пры пераходзе з плоскасці ў прастору. Справа ў тым, што геаметрычнае, прасторавае ўяўленне ўласціва не ўсім навучэнцам. Большасці вучняў патрабуецца дапамога ў развіцці ўмення ўяўляць і адлюстроўваць стандартныя стэрэа­метрычныя канфігурацыі.

У фарміраванні прасторавага мыслення навучэнцаў асаблівую ролю адыгрываюць трохвымерныя мадэлі. Найважнейшай адметнай рысай такіх мадэ­лей з’яўляецца тое, што пры рабоце з імі можна ў любы момант адвольна змя­ніць ракурс выявы. З’яўляецца магчымасць па-новаму складаць і рашаць задачы на пабудову ў прасторы, прычым праверыць правіль­насць рашэння можна, паглядзеўшы на канструкцыю з розных бакоў.

Аб’ёмныя мадэлі, створаныя ў САПР SolidWorks, AutoCAD ці “КОМПАС-3D”, зручна праглядаць і аніміраваць з дапамогай спецыялізаванага модуля eDrawings Viewer.

eDrawings Viewer уяўляе сабой просты праглядчык — гэта значыць, няма магчымасці рэдагаваць мадэль. Тым не менш можна аглядаць яе з усіх бакоў, маштабаваць, перамяшчаць, вымяраць адлегласць і вуг­лы паміж аб’ектамі на ма­дэлі. Таксама ёсць магчымасць праглядаць сячэнні сваіх мадэлей у XY-, YZ- ці ZX-напрамках з абодвух бакоў і лёгка перамяшчаць плос­касць сячэння на экране.

eDrawings Viewer падтрымлівае анатаванне — магчымасць дабаўляць паметкі на мадэль (стрэлкі, фігуры, зноскі, каментарыі і г.д.). Адрэдагаваную ма­дэль можна раздрука­ваць.

Праграмы для інтэрактыўнай дошкі TRACBOARD

Пры тлумачэнні новых тэм і правядзенні практычных работ зручна выкарыстоўваць праграму для інтэрактыўнай дошкі TRACEBook.

Праграма служыць для стварэння прэзентацый. Маючы ў наборы простыя ў кіраванні інструменты, яна дазваляе максімальна аблегчыць работу па пад­рыхтоўцы інфарматыўных і рознабаковых прэзентацый. Асноўнай асаб­лівасцю TRACEBook з’яўляецца магчымасць ства­раць (мяняць) прэзентацыю на ляту, гэта значыць, у ёй сумешчаны рэжымы рэдагавання і дэманстрацыі.

У інструментарый гэтай праграмы ўваходзяць чарцёжныя інструменты (лінейкі, цыркуль, транспарцір), што дазваляе наглядна, ра­зам з навучэнцамі, выконваць пабудову чарцяжоў.

На ўроках чарчэння пры рабоце з усімі праграмнымі прадуктамі зручна выкарыстоўваць інтэрактыўную дошку.

Усе прэзентацыі, дэманстрацыі і практычныя заданні публікуюцца ў раздзеле “Завочная школа” па вучэбным прадмеце “Чарчэнне” на сайце сярэдняй школы № 1 Ліды. Гэта дазваляе навучэнцам самастойна вывучыць або паўтарыць матэрыялы мінулых урокаў і падрыхтавацца да самастойных і практычных работ.

Такім чынам, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроках чарчэння:

  • дае магчымасць візуалізаваць вучэбную інфармацыю за кошт дынамічнага прадстаўлення працэсаў;
  • дазваляе дэманстраваць пакрокавы ход выканання практычных і графічных работ;
  • развівае ў навучэнцаў навыкі назірання і ана­лізу формы, памераў прадметаў, чытаць графічныя выявы;
  • садзейнічае развіццю ў навучэнцаў прасторавых уяўленняў;
  • развівае навыкі работы з чарцёжнымі інструментамі;
  • дазваляе 3D-візуалізаваць, аніміраваць прадметы, аб’екты, малюнкі;
  • робіць магчымым адвольнае змяненне ракурсу выявы ў любы момант;
  • садзейнічае інтэнсі­фікацыі і інтэрактыўнасці працэсу навучання школьнікаў графічнай мове;
  • дае навучэнцам шырокія магчымасці для самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці;
  • скарачае часавыя затраты настаўніка на пад­рыхтоўку да ўрока;
  • садзейнічае павышэнню матывацыі да навучання і падрыхтоўцы навучэнцаў да канструктарска-тэхналагічнай дзейнасці.

Павел КРУГЛЫ,
настаўнік інфарматыкі і чарчэння
сярэдняй школы № 1 Ліды Гродзенскай вобласці