“Воблачная” навука

- 16:12Нам пішуць

Вучань 7 класа сярэдняй школы № 1 Астраўца Раман Дрэма і яго настаўніца Ала Аляксандраўна Каржанок вярнуліся з перамогай з навукова-практычнай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, якая праходзіла нядаўна ў Мінску.

Для хлопчыка і яго педагога ўдзел у падобных мерапрыемствах не першы — да гэтага яны прэзентавалі вопыт работы па вывучэнні рацыянальнасці выкарыстання вучнямі розных IT-распрацовак на раённых канферэнцыях, семінарах і на міжнародным форуме ў Цэнтры інавацыйных тэхналогій. І вынікі дзейнасці гэтага творчага тандэма мелі высокую ацэнку членаў журы.

На гэты раз падзяліцца вынікамі сваіх даследаванняў Рамана запрасілі на механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, куды з’ехаліся больш за 40 юных розумаў з усёй краіны. Астраўчанін прадставіў на суд журы аналітычна-даследчыя матэрыялы па выкарыстанні воблачных сэрвісаў для захоўвання даных.

“Воблачны” дуэт вярнуўся на радзіму з дыпломам III ступені, памятнымі прызамі і, галоўнае, жаданнем рабіць новыя адкрыцці!

Рыта ДРЭМА,
Астравец.