Вольга Саварын: любую справу імкнуся давесці да паспяховага выніку 

- 13:50Учитель года

Сакрэтамі і перавагамі любімай прафесіі з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Полацка Вольга Саварын.

— Каб адважыцца на другую спробу ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года”, трэба мець характар і моцную матывацыю. Навошта гэта вам асабіста?

— Мой дэбют адбыўся насамрэч раней і для маладога спецыяліста атрымаўся дастаткова ўдалым. Цяпер адчуваю, што магу значна больш, вырасла як педагог. Важкі фактар — падтрымка калектыву і асабліва нашага кіраўніка. Гэта была яе прапанова, каб я сёлета пайшла на конкурс. Дарэчы, калі аб’яўлялі пераможцаў абласнога этапу, яна прыехала ў Віцебск і знаходзілася ў зале. Эфект­ная паўза вядучага, стаю на сцэне, хвалююся — незабыўны момант! Выпадкова сустракаемся позіркамі — і разумею, што мая загадчыца перажывае не менш, чым я, у яе слёзы на вачах. Такая ступень падтрымкі незвычайна натхняе і матывуе. Што поўнасцю супадае з асабістай пазіцыяй: любую справу я імкнуся давесці да паспяховага выніку. 

— Вы па натуры перфек­цыяніст?

— Максімальна не. На маім стале не раскладзены кніжачка да кніжачкі, па колерах і роўненька пад лінейку. Яны ляжаць дастаткова акуратна, але зручна, і я дакладна ведаю, дзе якая. Калі дапус­ціць, што хтосьці старонні навядзе ідэальны парадак, — удзячна не буду. Бо гэта парушыць мой рабочы творчы парадак, у якім вельмі добра арыентуюся.

— Калі выбіралі прафесію, чым кіраваліся? 

— У нечым паўплывала сямейная гісторыя. Сястра маёй маці была загадчыцай дзіцячага сада. На жаль, яна рана пайшла з жыцця, аднак родныя мне многа пра яе расказвалі, таму што бачылі падабенства ў характары і нават знешне. Не раз у дзяцінстве чула: “Можа, і наша Вольга нацэліцца ў педагогіку?” Другі важны для мяне званочак празвінеў дзякуючы школьным дням самакіравання. Мне пару разоў даручалі весці ўрокі беларускай мовы і літаратуры. Настаўніца па прадмеце назірала, як я рыхтавалася да заняткаў, падавала матэрыял. Пасля параіла: “З лёгкасцю трымаць аўдыторыю і цікава тлумачыць — гэта талент, у цябе ён ёсць. Падумай, ты здольная стаць добрай настаўніцай”. Такія імгненні ніколі не мінаюць бясследна, штосьці мне ў душу запала. Аднак канкрэтна пра будучую прафесію я да апошняга не задумвалася. З сённяшняга пункту погляду — вецер у галаве: 11 клас, а ў мяне толькі прыблізныя варыянты. Хаця звязаныя са сферай адукацыі былі ў прыярытэце. Аднойчы жартам з аднакласніцай узялі даведнік для абітурыентаў і загадалі: “Няхай разгорнецца на старонцы з УВА, куды мы паступім”. Бачым — ВДУ імя П.М.Машэрава. Пачалі пільней разглядаць спе­цыяльнасці, факультэты і сур’ёзна абмяркоўваць, бо адна з прапаноў насамрэч зачапіла. Колькі потым ні шукалі лепшую, ні параўноўвалі з падобнымі ў іншых універсітэтах, але менавіта на ёй абедзве спыніліся. У выніку па першай вышэйшай адукацыі я педагог-псіхолаг, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

— Чаму змянілі прафесійны напрамак?

— Першы крок — рашэнне вярнуцца на малую радзіму. Акрамя прывабных спецыяльнасцей, да паступлення ў ВДУ мяне матывавала яшчэ і юнацкае жаданне самастойнасці, пазнання свету. Віцебск уяўляўся тады далёкім горадам! З часам я гэта перарасла, адчула ў сабе: нападарожнічалася, хопіць. Таму на размеркаванні сама папрасілася на работу ў родны Полацк. Мяне пагадзіліся пры­няць педагогам-псіхолагам у дзіцячы сад № 22, потым перайшла ў Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. На першым рабочым месцы адпрацавала толькі год, далей быў дэкрэтны водпуск. Шчыра прызнацца, ужо тады зразумела: па ўсім відаць, у мяне іншае прафесійнае прызванне. Злавіла сябе на зайздрасці… да выхавальнікаў! Непасрэдныя зносіны, гульні, заняткі з дзецьмі ў групе — гэта мне намнога бліжэй, а ў педагога-псіхолага іншыя службовыя задачы і поле дзейнасці. Не тое, каб я з імі не спраўлялася. Наадварот, усё якраз нядрэнна атрымлівалася. Але калі трэба было на замены, з радасцю пакідала кабінет і бегла да дзяцей. Калі мая дачка падрасла, я прыйшла да загадчыцы дзіцячага сада і папрасілася: “Хачу быць выхавальніцай, возьмеце?” А ў адказ: “Месца ёсць, толькі неабходна профільная прафесійная падрыхтоўка, каб працаваць”. Я паабяцала вучыцца. З гэтай умовай мяне прынялі на выпрабавальны тэрмін. Зноў паступіла ў ВДУ, завочна, атрымала другую вышэйшую адукацыю. Удзячна лёсу, што ў педагагічнай дзейнасці знайшла менавіта сваё, працую з задавальненнем. 

— Што ў рабоце з дзецьмі вас прываблівае найбольш?

— Гульня. Той выхавальнік, каго дзеці любяць і каму давяра­юць, праз гульню можа не толькі перадаць ім веды, уменні, але і карэкціраваць паводзіны, разві­ваць і выхоўваць асобу, фарміраваць калектыў. Гэта вельмі важна і цікава. Безумоўна, прыемна назіраць станоўчыя вынікі. Мы вя­дзём малышоў ад трох да шасці гадоў. Яны ў гэтым узросце літаральна ўпітва­юць усё, з чым сустракаюцца што­дня, каменціруюць — часам дарослы так трапна не скажа! — і шчыра вераць у цуды. У іх паняцце цудоўнага іншае: у звычайным бачаць незвычайнае. Ты паказваеш на занятках, як мяняе колер каменьчык, калі яго намачыць вадой, — выхаванцы ў захапленні, бо ўбачылі дзівосную рэч і даведаліся, чаму так адбываецца. З дзецьмі можна паскакаць, пабегаць, павесяліцца.

Мне падабаецца адчу­ваць сябе добрым чараўніком, з якім разам яны адкрываюць і даследуюць таямніцы свету.

Калі гава­рыць пра методыку на занятках, то мне імпануе сторытэлінг — мастацтва данясення інфармацыі з дапамогай гісторый, якія абуджаюць у чалавека эмоцыі, спрыяюць развіццю звязнага маўлення і творчага мыслення. Характэрныя “кубы гісторый” я адаптавала ў адпаведнасці з узростам выхаванцаў, дапоўніла аўтарскімі дапаможнікамі, відэаролікамі. 

— А калі дзіця ў групе паво­дзіць сябе ціха, не хоча гу­ляць — тады як?

— Не бывае пасіўных і абыя­кавых дзяцей! Такія паводзіны сведчаць аб сур’ёзнай праблеме — магчыма, звязанай са здароўем, зносінамі ў сям’і ці калектыве, пэўным негатыўным вопытам, страхам яго паўтарэння. Я педагог і павінна вызначыць прычыну, каб прафесійна дапамагчы дзіцяці. Пры ўсіх індывідуальных асаб­лівасцях паводзіць сябе з табой і ў групе выхаванец будзе так, як ты выбудуеш адносіны. З навічкамі мінае некаторы час, каб яны адаптаваліся, навучыліся цябе не слухаць — чуць, захацелі слухацца. Потым зваротная сувязь мацнее: часам і слоў не трэба, дастаткова позірку. Несупынная ўвага патрэбна выхаванцам з асаблівасцямі ў развіцці, я мела такую практыку. Старалася іх адаптаваць і адчувала гордасць, калі бачыла станоўчую дынаміку, нават у дробязях: напрыклад, навучыла паводзіць сябе за сталом, правільна тры­маць лыжку. Групу я накіроўвала на падтрымку гэтых дзяцей. Радасна і кранальна было назіраць, як равеснікі шчыра, без напамінаў клапаціліся пра іх, ахвотна прымалі ў гульню. Убачыць часам сусед ці суседка непарадак — і тут жа сурвэт­кай асцярожна, хуценька выцірае роцік, нібы свайму браціку ці сястрычцы. Я ніколі сама не строю дзяцей парамі, бо лічу правільным даваць права выбару, плюс для мяне — гэта паказчык узаемаадносін у калектыве, арыен­цір у рабоце. Выхаванцы з асаблівасцямі ніколі без пары не заставаліся, да іх падбягалі першымі.

— Пацікавілася ва ўніверсітэце: вас памятаюць як актыўную студэнтку, вядучую мерапрыемстваў, удзельніцу КВЗ. Цяпер на гэта няма часу?

— Хто шукае, той знаходзіць і прымнажае. Спецыфіка работы дашкольнай установы — мноства свят. І, напэўна, няма ніводнага, дзе б я ні ўдзельнічала. На прысвечаных Вялікадню, Калядам — традыцыйна ў ролі вядучай. Ніколі не выйду да гледачоў з папкай, мне неабходны прамы кантакт. Вывучу, па сітуацыі буду імправізаваць — нават у вершаваных словах. Мала хто здагадваецца, хіба наш музычны кіраўнік глядзіць і ўсміхаецца: бачыць, што я ўжо на хаду прыдумляю. Звычайна пад Новы год у мяне 5—7 сцэнарыяў для розных груп. Там я Баба Яга, там Зай­ка, там Снягурка і зноў яна, але з іншым сюжэтам… Сёлетні Новы год на­бліжаўся, а ў мяне толькі адзін сцэнарый ляжыць. Пытаюся: “Дзяўчаты, чаму не нясуць?” Кажуць: “У цябе з-за конкурсу нагрузка велізарная, адпачні”. А я не магу інакш. З-за конкурсу давялося толькі аніматарскую практыку часова перапыніць — гэта калі ў выхадныя мы ўдзельнічаем у масавых святах, выязджаем у санаторыі, дзіцячыя лагеры. Право­дзім майстар-класы, забаўляльныя праграмы, танцы. Надзвычай цікава і вопыт каласальны. Дарэчы, потым я яго адаптую і прымяняю ў сваёй групе. Такі характар — трэба пастаянна быць у руху.

— Вашы выхаванцы ў гульні не спрабуюць прымерыць на сябе ролю выхавальніка?

— Некаторыя нават упэўнены, што будуць выхавальнікамі. У групе ходзяць за мной з важным выглядам, кажуць: “Я — памочнік выхавальніка”. Прыемна, хаця далей час пакажа. Пакуль мае старшыя дзеці, каго выпусціла, толькі перайшлі ў 5 клас. Многія ў Instagram у мяне ў сябрах! Я за іх поспехамі таксама зацікаўлена сачу. Хтосьці засяродзіўся на вучобе, хтосьці развіваецца ў спорце, творчасці і ўжо дасягнуў немалых вышынь. Мае дзяўчаты першыя месцы займаюць на рэспубліканскіх спаборніцтвах па гімнастыцы! Спадзяюся, аднойчы яны і ў выбраных прафесійных напрамках мяне пераўзыдуць, а галоўнае, вырас­туць добрымі людзьмі. І прывя­дуць да мяне за руку сваіх дзяцей і ўнукаў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара