Вопыт, традыцыі, пераемнасць

- 11:35"Настаўніцкай газеце" — 70

17 гадоў з 20-ці, якія прайшлі з моманту газетнай публікацыі, педагагічны калектыў Кашавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна ўзначальвала Алена Фёдараўна Кажаноўская. На дырэктарскай пасадзе яна працягвала традыцыі, закладзеныя вопытным кіраўніком і настаўнікам Сцяпанам Кузьмічом Садоўскім, які стаяў на чале калектыву 34 гады. Сёння А.Ф.Кажаноўская працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Вопыт былога кіраўніка з 42-гадовым педагагічным стажам запатрабаваны сярод маладзейшых калег.

А.Ф.Кажаноўская прызнаецца, што марыла стаць настаўніцай з дзяцінства. Педагагічны шлях Алены Фёдараўны пачаўся ў Кашавічах. Амаль 20 гадоў яна працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Сёння ў школе працуе 18 педагогаў. Палова з іх — мясцовыя, астатнія прыязджаюць з Пінска. Так, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце працуе надзвычай творчая, добрасумленная і працавітая выпускніца школы Ганна Аляксандраўна Трушко, якая не ўяўляе сваё жыццё без любімай работы. — Мяне як кіраўніка заўсёды радавала, што ў навучальнай установе не было цякучасці кадраў, — гаворыць А.Ф.Кажаноўская. — Гэта вельмі важна. Адміністрацыя школы заўсёды працавала з педагогамі зладжана і вынікова. Ва ўстанове створаны належныя ўмовы для павышэння метадычнага і прафесійнага майстэрства настаўнікаў, якія з’яўляюцца для дзяцей не толькі адкрывальнікамі новых ведаў, але і старэйшымі сябрамі. Педагогі не замыкаюцца рамкамі свайго прадмета і школы, а дзеляцца назапашаным вопытам з калегамі з іншых устаноў адукацыі Піншчыны. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы работы: канферэнцыі, дыскусіі, творчыя справаздачы настаўнікаў і класных кіраўнікоў, семінары, конкурсы, педагагічныя чытанні і ўзаеманаведванне ўрокаў.
А.Ф.Кажаноўская лічыць, што неабходнай умовай дзейнасці сучаснага настаўніка з’яўляецца пастаяннае павышэнне педагагічнага майстэрства.
— Абмен вопытам, новымі ідэямі і педагагічнымі знаходкамі дазваляе аптымізаваць адукацыйны працэс і павысіць яго эфектыўнасць, — упэўнена Алена Фёдараўна. — На педагагічных саветах настаўнікі разглядаюць розныя актуальныя пытанні, якія тычацца ўзаемадзеяння школы, сям’і і соцыуму ў выхаванні дзяцей, арганізацыі іх вольнага часу, здароўезберажэння, прафарыентацыі вучняў і інш. Амаль усе школьнікі займаюцца ў секцыях і гуртках “Залатая нітачка”, “Дзіва з паперы”, “Умелыя рукі”, “Юны турыст” і “Юны краязнавец”. Дапамагаюць дзецям развіваць творчыя здольнасці педагогі дадатковай адукацыі Ала Георгіеўна Новік, Таццяна Рыгораўна Лазюк, Руслан Мікалаевіч Голікаў і Вольга Анатольеўна Кісель.
Па словах А.Ф.Кажаноўскай, галоўная задача класных кіраўнікоў заключаецца ў фарміраванні зладжанага вучнёўскага калектыву, выхаванні патрыятызму ў школьнікаў, любові да роднага краю і павагі да людзей працы. З гэтай мэтай ладзяцца сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, а таксама мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
— Даволі эфектыўнай формай пазакласнай дзейнасці ў патрыятычным выхаванні школьнікаў з’яўляюцца экскурсіі і паходы, — адзначае Алена Фёдараўна. — Штогод вучні наведваюць Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, замкавы комплекс у Міры і палацавы комплекс у Нясвіжы, Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, а таксама мясцовыя музеі, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Яўгеніі Янішчыц і Якуба Коласа. Ажыццяўляюцца паходы па гістарычных і памятных мясцінах нашай краіны. У гэтым напрамку плённа і мэтанакіравана працуюць класныя кіраўнікі — Ірына Станіславаўна Крыловіч, Ірына Міхайлаўна Ігнатовіч, Тамара Іванаўна Сіманавец і Марына Вячаславаўна Карповіч. Вялікую ўвагу ў школе ўдзяляюць сям’і, якая адыгрывае важную ролю ў выхаванні дзяцей. Адміністрацыя ўстановы, класныя кіраўнікі і настаўнікі-прадметнікі спалучаюць у гэтай дзейнасці калектыўныя і індывідуальныя формы работы: наведваюць сем’і выхаванцаў, запрашаюць бацькоў у школу, праводзяць класныя бацькоўскія сходы, лекцыі, анкетаванне, псіхолага-педагагічныя, групавыя і індывідуальныя кансультацыі, знаёмяць з вынікамі інтэрв’ю “Якім бы я хацеў(ла) бачыць свайго бацьку (маці)” і “Самы блізкі і дарагі чалавек”, ладзяць святы “Тата, мама і я — дружная сям’я” і “Наш радавод”, рассылаюць лісты-падзякі бацькам за добрасумленнае выхаванне дзяцей. Добра працуе з сем’ямі вучняў вопытны сацыяльны педагог Валянціна Васільеўна Калесніковіч.
— Добрай традыцыяй стала мерапрыемства па прыёме маладых бацькоў, чые дзеці пайшлі ў 1 клас, у школьную сям’ю, — расказвае А.Ф.Кажаноўская. — Мамы і таты атрымліваюць маляўніча аформленыя наказы. Педагогі імкнуцца ў кожным вучні ўбачыць нешта добрае. Вопыт паказвае, што пастаянная сувязь класных кіраўнікоў, настаўнікаў і бацькоў станоўча ўплывае на выхаваўчы працэс не толькі ў школе, але і дома. Мэтанакіраваная творчая дзейнасць педагагічнага калектыву прыносіць добры плён. Вучні вызначаюцца актыўнасцю, ветлівасцю, працавітасцю і дысцыплінаванасцю.
У школе назапашаны цікавы вопыт па выкананні праграмы “Здароўе”, правядзенні турыстычна-краязнаўчай работы, акцый “Падзяліся цеплынёй сваёй душы”, “Ветэран жыве побач”, “Чысты двор”, “У жыццё — без СНІДу” і “Падарунак маленькаму сябру”. На базе навучальнай установы праходзяць раённыя і абласныя семінары, пасяджэнні метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў і настаўнікаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.