Ворса. Сафія

- 11:59Культура

Днямі наведаў любімую кнігарню і знайшоў там кнігу Сафіі Ворса “Дзесяць простых гісторый”. На вокладцы — 14-гадовая дзяўчынка ў паласатым чорна-белым світшоце, у чорных джынсах-скіні і ў чырвоных “цімберлэйках”.

Я адразу знайшоў сваё параўнанне: хоць мне ўжо 44 гады, я таксама хаджу ў чорных джынсах-скіні і паласатым чорна-белым світшоце… Але не ў чырвоных “цімберлэйках”, а ў чорных “найках”.

Штосьці роднае, блізкае, цёплае адразу з’явілася. І я стаў чытаць. Што мне можа расказаць гэтая дзяўчынка пра жыццё?

А яна, тым не менш, расказала.

***

Вось яе першая гісторыя.

“Клас змоўк і з нянавісцю глядзеў на монстра-фізічку. Гэта быў яшчэ той персанаж: мажная кабета гадоў 55—60 з тварам шарпея. Шматлікія глыбокія маршчыны ўпрыгожвалі акуляры з ланцужком, якія нагадвалі манокль. Над галавой плыла аблачынка рэдкіх бясколерных валасоў. Партрэт дапаўнялі тонкія бровы (або, дакладней, сляды іх адсутнасці), якія надавалі позірку забойную вастрыню”.

Шчыра кажучы, я не ведаю, хто б з сучасных беларускіх пісьменнікаў змог так напісаць пра сваю фізічку. А яна напісала. Па-беларуску. З юнацкай непасрэднасцю, але з дакладным інтанаваннем тэксту. Словам, з душой — шчырай і… яшчэ дзіцячай.

А далей больш.

“У клас пасярод урока зайшлі тры вучаніцы, якія спазніліся на ўрок. Пронская Софія, Касткевіч Насця і Гардонская Ганна. Быў фактычна скандал. Была сарвана самастойная ў фізічкі.

Тэрмінова выклікала класную — Вольгу Уладзіміраўну. Яе, зусім маладую, незамужнюю, без шкодных звычак, сапраўды вельмі любілі яе вучні.

Прыйшла, накрычала.

А потым, ужо ў сваім кабінеце, сказала Софіі, Насці і Ганне: “Мой сабака ўвесь тыдзень пачуваўся дрэнна. Калі я вярнулася ўчора вечарам з работы, ён ляжаў і ледзьве дыхаў. Я адразу павезла яго ў ветэрынарку. У сабакі знайшлі ўнутраную гематому. Урач прааперываў яго і сказаў, што, калі б мы прыехалі на гадзіну пазней, шансаў на выратаванне было б намнога меней. Дзякуй вам, дзяўчаты. Я проста адчувала вашу любоў. Вы выратавалі майго сабаку! І ўсё ж так на ўроках фізікі рабіць нельга. У наступны раз у вас могуць быць вялікія непрыемнасці і я не змагу вас абараніць…”

***

А вось другая гісторыя.

Сафія напісала яе ад мужчынскага імя. Яна напісала яе ад імя старэйшага брата, які пайшоў гуляць у футбол і забыўся пра сваю малодшую сястрычку Актавію, якую трэба было даглядаць. А далей адна цытата.

“Калі я пастукаў у дзверы, адчыніла мама.

— А дзе Актавія? — спытала яна. І тут мяне як аглушыла. Я рэзка збялеў. Я не бачыў сястру з таго моманту, як пабег гуляць у футбол. Столькі часу прайшло, а яна ўсё яшчэ не прыйшла дадому.

Мама хутка патэлефанавала бацьку. Мы выбеглі на вуліцу і пачалі шукаць малую. На маміных вачах былі слёзы. Я ніколі не бачыў яе такой журботнай. Яна была белая, як снег. Ва ўсіх прахожых мама пыталася пра маленькую дзяўчынку ў ружовай панамцы і блакітнай сукеначцы.

Мне было вельмі страшна. Я разумеў, што гэта мая віна. Яшчэ страшней было прызнаць, як днём я марыў пра тое, каб… Актавія прапала.

Праз некалькі хвілін прыехаў напалоханы бацька і стаў шукаць дачку.

Цямнела. На небе сталі з’яўляцца зоркі. Разам з намі абшуквала двары і міліцыя. “Бедная маленькая напалоханая дзяўчынка. Што з ёй? Дзе яна можа быць? — пыталіся адно ў аднаго растрывожаныя суседзі з нашага пад’езда. Пошукі працягваліся некалькі гадзін, і ўсе вельмі стаміліся.

Чым больш я думаў пра знікненне Актавіі, тым больш усведамляў сваю віну за тое, што марыў згубіць сваю сястру. І згубіў… Мне хацелася расплакацца. Я сеў на бардзюр і ціха заплакаў. Я маліўся, каб яна знайшлася, і быў гатовы на ўсё. Мне падалося, што, калі я зараз падыду да бацькі і раскажу ўсю праўду — усё праз мяне, гэта я хацеў, каб яна знікла! — сястра абавязкова знойдзецца. Але раптам з-за вугла паказаўся Федзя. Ён вёў за руку Актавію. Мама пабегла насустрач і пачала абдымаць дачку.

— Божа, дзіцятка ты маё, дзе ты была? — ад хвалявання мама гаварыла вельмі хутка, быццам Актавія зноў знікне.

— Я ўбачыла кацяня і пайшла за ім. Яно было такое прыгожае. Я стала з ім гуляць, але яно ўцякло. Я пагналася за кацянём, а калі спынілася, то ўжо не ведала, дзе я… Але нейкі хлопчык знайшоў мяне і прывёў сюды.

Мама з удзячнасцю паглядзела на хлопчыка.

— Я ішоў дадому і ўбачыў, як плакала дзяўчынка, — сціпла сказаў Федзя.

— Галоўнае, што ўсе жывыя, — падсумаваў бацька.

У гэты момант я зразумеў тры рэчы: па-першае, гэты руды хлопец з іменем Фёдар, хутчэй за ўсё, стане маім найлепшым сябрам, па-другое, трэба баяцца дурных жаданняў, бо яны могуць спраўдзіцца, і, па-трэцяе, самае галоўнае для мяне — мая сям’я”.

***

Заўважце: гэта піша 14-гадовая дзяўчынка, навучэнка 4-й гімназіі Мінска, пераможца шматлікіх міжнародных літаратурных конкурсаў, самы малады аўтар краіны, якая здабыла сапраўдны літаратурны поспех: у 2017 годзе выйшла ў свет яе кніга “Дзесяць простых гісторый”. І мне думаецца, што іх варта прачытаць усім 14-гадовым. А можа, і нам, усім дарослым, таксама.

Прачытаўшы кніжку Сафіі Ворса, я звязаўся з ёй і задаў некалькі пытанняў. (Адразу хачу папярэдзіць, што мне ніколі да гэтага не даводзілася браць інтэрв’ю ў 14-гадовай дзяўчынкі.)

— Сафія, а табе падабаецца вучыцца ў сваёй гімназіі?

— Гімназія вельмі ўплывае на светаадчуванне ўсіх яе вучняў і на маё таксама. Люблю сваю гімназію. Там свой адмысловы дух, які імкнуцца падтрымліваць як настаўнікі, так і вучні. Навучанне тут праходзіць на беларускай мове. Вывучаецца англійская мова і дадаткова польская, французская, нямецкая. У старшай школе вучні выбіраюць профіль навучання зыходзячы са сваіх здольнасцей і пераваг: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны ці філалагічны. Вельмі важна тое, што любыя твае творчыя пачынанні гімназіяй абавязкова падтрымліваюцца.

— Які твой самы любімы прадмет?

— Напэўна, матэматыка. Больш яркага настаўніка матэматыкі, які б так любіў свой прадмет, чым наша Іна Львоўна, я не сустракала. Яна вельмі жывая, хаця і строгая, разам з ёй не засумуеш. Вельмі прыемна, калі аўтарытэтны настаўнік бачыць у табе асобу.

—Чаму вырашыла пісаць апавяданні, калі дзяўчынкі ў тваім узросце звычайна пішуць вершы?

— На самай справе, усё даволі проста. З-за заняткаў спортам я кожны дзень езджу на трэніроўкі туды і назад на электрычцы. Грамадскі транспарт — гэта вельмі вясёлае месца, там пастаянна здараецца нешта новае і цікавае. Народ у электрычцы ездзіць розны і паводзіць сябе па-рознаму. За ўсім гэтым цікава назіраць, а я люблю ўсё тое, што адбываецца. Школа і двор — крыніцы неверагодна смешных, добрых штодзённых побытавых сюжэтаў. А з гэтых простых сюжэтаў і складаецца наша жыццё. Як у кіно: кадр за кадрам — і атрымліваецца мастацкі фільм.

— А хто, калі не сакрэт, твой любімы пісьменнік? І які самы галоўны ўрок ты вынесла з яго творчасці?

— Ды іх шмат, любімых… Так адразу не адказала б. Ад Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча і Васіля Уладзіміравіча Быкава да Васіля Макаравіча Шукшына і Міхаіла Міхайлавіча Жванецкага. Гэта вельмі розныя аўтары з розным матэрыялам — ад ваеннага гераізму твораў Быкава да адэскага гумару Жванецкага. Але пасыл усіх твораў аднолькавы: яны ва ўсіх жыццёвых сітуацыях вучаць цябе жыць годна. Гэта, мне здаецца, самае галоўнае.

— Ты зразумела, у чым сэнс жыцця?

— Не. Я вельмі далёкая ад вызначэння канчатковай мэты асабістага існавання і пошукаў свайго месца пад сонейкам. У мяне, як і ва ўсіх людзей, ёсць свае мары і планы, але я люблю атрымліваць задавальненне ад працэсу. Мне падабаецца пражываць кожны дзень. Пражываць, а не ляцець у пагоні за ілюзіямі будучыні.

Фантастыка добрая ў літаратуры, а не ў жыцці.

***

Вось такая фантастычная дзяўчынка вучыцца ў 4-й мінскай гімназіі. Запомніце гэтае імя — Сафія Ворса. А каб лепш запомніць, прачытайце яе дзесяць простый гісторый, якія, не пабаюся гэтых слоў, вам проста дапамогуць жыць.

А напрынкацы толькі дзве рэплікі.

Па-першае, не магу не згадаць словы народнай артысткі БССР, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Марыі Захарэвіч, якая на адной з першых старонак кнігі Сафіі Ворса так звярнулася да дзяўчынкі: “Дарагая Сафія! Як добра, што ёсць такія людзі, а потым Асобы, якіх усё цікавіць, хвалюе, уражвае. Сапраўды, душа ў цябе паэтычная. Не ўтаймоўвай яе, радуйся, што яна ў цябе такая, і радуй сваімі пачуццямі, сваім чулым сэрцам іншых. Няхай збываюцца твае мары-задумы! Няхай нябёсы дапамагаюць табе!”

А па-другое, прачытаўшы кніжку “Дзесяць простых гісторый” і ўразіўшыся ёй, я ўразіўся яшчэ і імем аўтара.

Прозвішча дзяўчынкі выклікала ў мяне некалькі асацыяцый, у тым ліку з бітвай пад Оршай, з “варсістай” строгай жанчынай, якая будзе ведаць і цаніць: дзе любоў, а дзе яе няма, дзе дабро, а дзе яго няма, дзе жыццё, а дзе яго няма.

Ну а імя Сафія выклікала толькі адну ўсім вядомую асацыяцыю.

І сэнс. У перакладзе са старажытнай грэчаскай.

Мудрая.

Мікола ЧЭМЕР.