Скончыўся чарговы навучальны год. У мінулым — урокі, праекты, канспекты, дзённікі, адзнакі, кантрольныя і лабараторныя, факультатывы і рэпетытары, залікі і падлікі, дэбаты і дыскусіі. Настала цудоўная пара — доўгачаканае, звонкае, цёплае, рознакаляровае, вясёлае, шматабяцальнае, развіццёвае лета з яго вялікімі магчымасцямі і спакусамі. Лета дадзена дзецям для адпачынку і забаў, для загартоўвання і ўмацавання здароўя, для пазнання і пашырэння кругагляду, для сталення і развіцця, для сяброў і любімых спраў, для падарожжаў і адкрыццяў, для паездак і сустрэч з цікавымі людзьмі, прыгожымі гарадамі, таемнымі куткамі, а некаму — для паспяховага заканчэння доўгага школьнага марафону, для галоўнага выбару і пабудовы сваёй прафесійнай і жыццёвай кар’еры.
Што ж канкрэтна могуць зрабіць педагогі і бацькі для максімальнага выкарыстання вялікіх магчымасцей лета, для вырашэння бацькоўскіх і вучнёўскіх планаў па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей, па іх маральным, сацыяльна-працоўным і інтэлектуальным развіцці, па фарміраванні ўніверсальных кампетэнцый, па навучанні нечаму новаму і перспектыўнаму?
Для захавання і ўмацавання здароўя дзяцей на працягу навучальнага года настаўнікі, арганізоўваючы падчас рэалізацыі інавацыйнага праекта навучанне бацькоў з улікам іх адукацыйных запытаў, стараліся раскрыць татам і мамам сваіх вучняў сакрэты мудрых бацькоў, як мець зносіны з дзецьмі, як выхаваць у іх самастойнасць, працавітасць і гатоўнасць дапамагаць старэйшым, як развіваць пазнавальную актыўнасць і мысленне, даследчыя і працоўныя навыкі, як выхоўваць камунікатыўную культуру і сацыяльную адаптацыю, як захоўваць псіхічнае здароўе і эмацыянальны камфорт, як фарміраваць навыкі як у бацькоў, так і ў настаўнікаў па вядзенні здаровага ладу жыцця.
І дзе б ні адпачывала дзіця летам: з бацькамі на дачы ці ў бабулі ў вёсцы, у школьным ці летнім адзараўленчым лагеры за горадам, у лесе або на рэчцы, у турыстычных паходах або на экскурсіях — першачарговая задача дарослых — ахова жыцця і здароўя дзяцей.
Здароўе, згодна са статутам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, — гэта “стан поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі адсутнасць хвароб і фізічных дэфектаў”. Адзін з французскіх пісьменнікаў сказаў: “Здароўе — гэта тое, што людзі больш за ўсё імкнуцца захаваць і менш за ўсё шануюць”.
Педагогамі распрацаваны памяткі для бацькоў, з дзецьмі і выхавальнікамі праводзіцца пастаяннае навучанне па строгім выкананні ў аздараўленчых лагерах, у лесе, на вадаёме ці ў транспарце, у двары, на вуліцы ці дома, у гарах або на марскіх пляжах правіл тэхнікі бяспекі, а таксама па развіцці матывацыі да здаровага ладу жыцця. На класных вучнёўскіх і бацькоўскіх сходах (а ў старшых класах — на сумесных сходах навучэнцаў і бацькоў) метадам мазгавога штурму складзены запаведзі (законы) здаровага ладу жыцця сям’і, чалавека, калектыву.
Здаровы лад жыцця — гэта:
• ранішняя зарадка, рэгулярныя заняткі фізкультурай і спортам;
• рацыянальнае здаровае харчаванне;
• адсутнасць шкодных звычак;
• здаровы сямейны і школьны мікраклімат;
• выкананне рэжыму дня;
• пазітыўнае мысленне;
• станоўчыя эмоцыі;
• жыццё без стрэсаў і канфліктаў;
• працоўная і рухальная актыўнасць;
• пастаянны клопат пра сваё здароўе і здароўе блізкіх.
Летам разам з дзецьмі перыядычна арганізоўваюцца інструктыўныя пяціхвілінкі па выкананні гэтых запаведзей і правіл бяспекі ў тых ці іншых умовах і рэфлексіўныя гутаркі па выніках дня або асобных мерапрыемстваў, праводзяцца таксама спартыўныя спаборніцтвы, тэматычныя мерапрыемствы, конкурсы, гульні, складаюцца, прайграюцца і вывучаюцца розныя памяткі бяспекі (калі адзін дома, як размаўляць з незнаёмым чалавекам і г.д.).
Безумоўна, асабісты прыклад бацькоў і настаўнікаў па выкананні асноўных запаведзей здаровага ладу жыцця — найважнейшая ўмова павышэння матывацыі навучэнцаў да захавання і ўмацавання свайго здароўя. І вучням, і бацькам, і, канечне, педагогам важна заўсёды памятаць словы Сакрата: “Здароўе не ўсё, але ўсё без здароўя — нішто”.
Летам дзеці, асабліва падлеткі, імкнуцца да самастойнасці, прыгод, самасцвярджэння і самарэалізацыі, да лідарства, творчасці, да спасціжэння таямніц прыроды і чалавечых адносін, пазнання ўсяго новага і незвычайнага. Такую магчымасць ім даюць выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы — летнія лагеры, гарадскія і загарадныя, тэматычныя і профільныя, працоўныя і гульнявыя, спартыўныя і экалагічныя, палатачныя і санаторныя, школьныя і міжшкольныя, ведамасныя і валанцёрскія. Дзецям лагер запамінаецца на ўсё жыццё світаннямі і захадамі сонца, начнымі вогнішчамі і паходамі, гульнямі, сяброўствам і вялікай колькасцю творчых спраў, новымі магчымасцямі, новым ладам жыцця, новымі адчуваннямі сябе і навакольнага асяроддзя.
Уважлівыя бацькі, адпраўляючы дзіця ў лагер і назіраючы за ім пры наведванні па выхадных, заўважаюць, як сталеюць дзеці, як развіваюцца. Таты і мамы пытаюць, у якіх справах удзельнічае дзіця, ці ўсё ў яго атрымліваецца, пра што даведалася, чаму навучылася, чаму хоча навучыцца, як сябе адчувае, ці выконвае правілы бяспекі, наколькі адказна ставіцца да свайго здароўя, наколькі яму тут цікава і г.д.
У гэты перыяд бацькі не займаюцца праверкай дамашніх заданняў і многім іншым, што ў навучальным годзе аднімала час і стамляла, а іншы раз і засмучала іх. Затое зараз можна больш часу ўдзяліць зносінам з дзіцем, шчырым размовам, сумесным планам, справам і самаадукацыі. Чытанне кніг пра выхаванне дзяцей, сродкі і спосабы іх развіцця ў хатніх або натуральных прыродных умовах дапаможа кожнаму тату ці маме лепш зразумець сваё дзіця, умацаваць з ім сяброўства, падтрымаць і заахвоціць у патрэбны момант, адсачыць дынаміку асобаснага развіцця, характар і разнастайнасць інтарэсаў, каб зразумець, што і чаму цікава сыну ці дачцэ, што дзіця робіць доўга і без стамлення, і навучыць яго рабіць усвядомлены выбар у розных жыццёвых і вучэбных сітуацыях, выбар адукацыйнага профілю і сферы дзейнасці, якой аддае перавагу, з улікам сваіх здольнасцей, патрэб і магчымацей.
Летам у гарадскіх цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуюць часовыя аб’яднанні па інтарэсах. Як правіла, заняткі там вядуць педагогі-прафесіяналы, улюбёныя ў сваю справу, якія ўмеюць перадаць дзецям сваё захапленне, сваё гарачае пачуццё да любімай працы, многаму навучыць і натхніць кожнае дзіця.
Чаму яшчэ могуць навучыць летам сваё дзіця бацькі? Правільным зносінам з прыродай, клапатлівым адносінам да ўсяго жывога і нежывога, даследаванню прыродных з’яў, сумесна распрацоўваючы інфармацыйныя і даследчыя праекты, арганізоўваючы сямейныя паходы і экскурсіі, наведваючы музеі, паркі, вырошчваючы хатнія або дачныя традыцыйныя і эксклюзіўныя расліны. Маючы зносіны з прыродай, дзеці становяцца разумнейшымі і багацейшымі, дабрэйшымі і больш эмацыянальнымі. Фарміраванне гарманічных адносін у сістэме “чалавек — чалавек, чалавек — прырода” ўмацоўвае і развівае маральна-каштоўнасную аснову выхавання дзяцей.
Наведванні гістарычных і памятных месцаў Беларусі, іншых краін Еўропы і свету (вочна і дыстанцыйна) не толькі ўзбагачаюць дзяцей неабходнай для ўрокаў інфармацыяй, пашыраюць кругагляд, але і выхоўваюць любоў да роднага краю, фарміруюць міжкультурную кампетэнтнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Асабліва каштоўна, што пры гэтым для ўсебаковага гарманічнага развіцця кожнага дзіцяці максімальна выкарыстоўваюцца вялікія магчымасці канікулярнага лета і канікулярнай педагогікі — гармонія чалавека з прыродай, дзяцей з бацькамі, творчасці і сутворчасці дарослых і дзяцей, працы, гульні і пазнання, руху і эмацыянальнага развіцця.
Лагер — гэта вечны рух да дабра, парадку, да дасягненняў і творчасці, гэта вельмі карыснае задавальненне, якому няма цаны. У Полацкай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны на спецыяльных практыкумах распрацаваны праект (мадэль) летняга аздараўленчага лагера. У Коханаўскай сярэдняй школе па ініцыятыве настаўнікаў біялогіі адкрыты школьны экалагічны цэнтр як рэсурсны цэнтр па рабоце з навучэнцамі ў напрамку арыентацыі на прафесіі, якія патрабуюць глыбокіх ведаў па прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах і ўменняў правільна жыць у прыродзе, берагчы і прымнажаць прыродныя рэсурсы. У рамках праекта распрацаваны міні-праект па актуальнай для краіны праблеме “Беражлівасць: выкарыстанне бытавых адходаў”.
У летні час можна таксама вярнуцца да праблемы развіцця чытацкай дасведчанасці і матывацыі да чытання навучэнцамі мастацкай, навукова-пазнавальнай, філасофскай літаратуры. Гэта можна рабіць праз комплекс мерапрыемстваў, такіх як наведванне Нацыянальнай бібліятэкі, кніжнага магазіна (з самастойным выбарам дзіцем кніг), сумеснае чытанне і абмеркаванне цікавай кнігі. Важна не проста, ведаючы літары, чытаць тэкст і правільна ставіць націскі, а чытаць яго з разуменнем сутнасці падзей, якія апісваюцца, задумы аўтара, яго адносін да герояў твораў, умець пераказваць тэкст, адказваць на пытанні, самому фармуляваць пытанні і даваць аргументаваны адказ на пытанні свайго суразмоўцы.
У гімназіі № 4 Баранавіч настаўнікі прапанавалі бацькам вучняў спісы абавязковай і рэкамендаванай для чытання летам літаратуры, пракаменціравалі іх на бацькоўскіх сходах, правялі міні-гутаркі з вучнямі пра адносіны да чытання і важнасць чытання кнігі правільна.
Не менш актуальнай з’яўляецца работа бацькоў пра развіцці фінансавай дасведчанасці іх дзяцей.
Яшчэ адна цудоўная асаблівасць лета — гэта магчымасць больш выхоўваць працавітасць навучэнцаў, павагу да людзей працы, фарміраваць навыкі выканання самых простых працоўных аперацый. У гімназіі № 1 Баранавіч створаны клуб бацькаў, які арганізоўвае работу з дзецьмі па тэхнічнай творчасці, па вырабе самых простых бытавых рэчаў і мадэлей, па падрыхтоўцы іх да конкурсаў вырабаў. І таты, і сыны працуюць на такіх занятках з захапленнем, натхненнем, адказна. Такое эмацыянальна-працоўнае адзінства ўзмацняе выхаваўчы патэнцыял узаемадзеяння школы, бацькоў і дзяцей і напаўняе паняцце “працоўнае супрацоўніцтва” глыбокім сэнсам.
Арганізоўваючы летні пазнавальна-развіццёвы вольны час дзяцей, асабліва падлеткаў, мудрыя бацькі з мэтай прадухілення шкодных звычак і непажаданых залежнасцей уважлівыя да сяброў і новых знаёмых дзіцяці, іх заняткаў, інтарэсаў, уплыву на сваіх дзяцей. Пры гэтым важна захаваць даверлівыя сяброўскія адносіны са сваім дзіцем.
Летам адказныя бацькі пільную ўвагу ўдзяляюць таксама інтэлектуальнаму развіццю дзяцей, асабліва падчас настольных, сюжэтных, дыдактычных і рухавых гульняў, сумесных спраў і свабодных зносін.
Лета патрабуе ад бацькоў не меншай увагі да вывучэння сваіх дзяцей, іх выхавання і развіцця, чым вучэбны час. А іх настойлівасць і мудрасць будуць узнагароджаны поспехамі дзяцей, іх добрым здароўем, выдатным настроем, радасцямі, умацаваннем дзіцяча-бацькоўскіх адносін і новымі перспектывамі.
Пажадаем жа ўсім дзецям вялікай удачы, цікавых адкрыццяў, а настаўнікам, татам, мамам, бабулям і дзядулям — спакою, цярплівасці, мудрасці, бо дзеці, якія, хоць і пасталелі на год, у гэты забаўляльна-пазнавальны, інтэлектуальна-працоўны час маюць вялікую патрэбу ў любові, разуменні, клопаце і падтрымцы.
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ.