Восень — час вандровак

- 11:16Нам пішуць

Убачыць мілую Беларусь з акна турыстычнага аўтобуса, прайсціся сцежкамі славутага земляка, адчуць подых мінулага і зазірнуць у будучае — мара ці не кожнага школьніка, якому хочацца адпачыць пасля вучэбнай чвэрці. У рамках праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” вучні нашай школы адправіліся ў вандроўку па роднай зямлі. Першы маршрут пралёг на Брэстчыну, другі — на паўночны захад Гродзеншчыны.

Кожная наша экскурсія — гэта выдатная магчымасць даведацца нешта новае. Так атрымалася і на гэты раз. І калі на ўроках літаратуры будзем чытаць творы А.Міцкевіча, то можам з гонарам сказаць: “Мы былі на радзіме паэта, убачылі кнігі, якія чытаў хлопчык Адам, чыталі яго ліст да брата”. Аповед экскурсавода пра жыццё сям’і Міцкевіча на хутары Завоссе, пра летуценнае каханне да Марылі Верашчакі, пра служэнне Айчыне нікога з юных турыстаў не пакінуў абыякавым. Здавалася, што дом-музей паэта ў Навагрудку раскрыў усе таямніцы, але наведванне хутара Завоссе запомніцца надоўга яшчэ і сумам восеньскага дня, быццам сам паэт удалечыні ад роднай зямлі сумуе па нашай Беларусі.

Уражанні ад убачанага і пачутага не пакідалі нас да наступнай сустрэчы — сустрэчы з гісторыяй чыгункі ў музеі пад адкрытым небам у Баранавічах. Мы ўбачылі не толькі самыя першыя паравозы, але і зразумелі сілу розума чалавека-творцы, які змог стварыць такія вялікія машыны сваімі рукамі. Месцам адпачынку дзеці выбралі лядовы палац, дзе з вялікім задавальненнем пакаталіся на каньках.

У незабыўнае падарожжа ў часе мы адправіліся ў адным з самых старажытных гарадоў Беларусі — Гродне. Менавіта тут захавалася і дзейнічае самая першая на тэрыторыі Беларусі аптэка, якая ўпершыню згадваецца ў 1687 годзе. Тут усё цікава: і аптэчны посуд, і абсталяванне, і аптэчная бібліятэка. Сярод экспазіцыі ёсць шэсць стылізаваных гербарыяў, якія выканала вядомая пісьменніца Элаіза Ажэшка.

У скарбонку нашай вандроўкі ўвайшло яшчэ адно дарагое для беларусаў імя — Максім Багдановіч. Мы наведалі музей паэта. Фотаздымкі, асабістыя рэчы паэта, дакументы і іншыя экспанаты “ажывалі”, каб расказаць нам пра лёс славутага земляка. Архітэктурнай жамчужынай старажытнага Гродна з’яўляецца ўнікальны помнік ХІІ стагоддзя — Свята-Барыса-Глебская Каложская царква. Дабрынёй і святлом напоўнены храм, а нашы сэрцы і душы напаўняюцца пачуццём гонару за родную зямлю, якая нясе свету гэту прыгажосць.


Наша вандроўка завяршылася. Мы адпачылі цікава і з карысцю. А наперадзе — новыя дарогі, новыя сустрэчы, бо другая вучэбная чвэрць закончыцца гэтак жа хутка, як і першая.

Марына СЯВЕЦ,
класны кіраўнік 10 класа Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.