Ці існуе ўніверсальная формула педагагічнага поспеху? Па меркаванні настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Клічава імя П.І.Кавалёва Алены Клеўжыц, такога алгарытму няма. Кожны педагог індывідуальны, таму трэба шукаць уласны шлях паспяховасці ў прафесіі. Сама Алена Эдуардаўна ў гэтым плане кіруецца адным пастулатам: імкнуцца да ідэалу неабходна, але гэта не галоўнае, значна важней, каб тая справа, якой займаешся, была ў радасць.
Свой прафесійны выбар Алена Клеўжыц некалі здзяйсняла па закліку сэрца. Яшчэ ў дзяцінстве яна цвёрда вырашыла, што будзе настаўнічаць. А як жа інакш: перад яе вачыма быў прыклад выдатнага школьнага педагога ў асобе настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людмілы Рыгораўны Вабішчэвіч.
— Людміла Рыгораўна — цудоўная настаўніца! Яна амаль адразу паланіла нас, тады пяцікласнікаў, сваім высокім майстэрствам, улюблёнасцю ў прадмет. У яе на ўроках усё здавалася незвычайным і цікавым. Тады і зарадзілася ў мяне мара стаць такім жа педагогам, — успамінае Алена Эдуардаўна.
Атрымаўшы школьны атэстат, Алена Клеўжыц свядома працягнула навучанне на філалагічным факультэце сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова. Роздумаў наконт прафесійнай будучыні ў яе не ўзнікала. Паступаючы ва ўніверсітэт, яна марыла аб тым, што неўзабаве будзе прывіваць любоў да слова дзецям на ўласных уроках.
Юнацкая мара хутка ажыццявілася. Незаўважна прайшоў час навучання — і дапытлівая студэнтка Алена Клеўжыц стала маладым спецыялістам. Настаўнічаць яна накіравалася ў свой раённы гарадок Клічаў, нават трапіла ў родную сярэднюю школу № 2. Па першым часе педагагічнай дзейнасці ў яе ўзнікалі пэўныя цяжкасці, але ў гэты перыяд прафесійнага станаўлення маладога педагога добра падтрымала кіраўніцтва навучальнай установы.
— Слушнымі парадамі дапамагала і любімая настаўніца Людміла Рыгораўна Вабішчэвіч. Яна дзялілася са мной сакрэтамі майстэрства, вучыла верыць у сябе, правільна вырашаць складаныя сітуацыі ў працы. За гэта вельмі ёй удзячна, — адзначае Алена Эдуардаўна.
Да ўдасканалення педагагічных навыкаў Алена Клеўжыц мэтанакіравана імкнулася і сама. Ды і зараз яна па-ранейшаму лічыць прафесійнае развіццё неабходным. І гэта нягледзячы на тое, што за яе плячыма ўжо звыш дваццаці гадоў педагагічнага стажу.
— Сучасны педагог павінен абавязкова ісці ў нагу з часам. Вывучаць, асвойваць новыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі. Але не менш важна любіць сваю работу, сваіх вучняў, напаўняць кожны ўрок творчасцю, каб дзецям сапраўды хацелася вучыцца. Толькі такім чынам атрымаецца даць ім сапраўды якасную адукацыю, — падкрэслівае настаўніца.
З самых першых заняткаў Алена Эдуардаўна ўключае дзяцей у творчую дзейнасць, стварае сітуацыі, якія матывуюць на самастойную здабычу ведаў, а не атрыманне іх у гатовым выглядзе, вучыць аналізаваць, адстойваць свой пункт гледжання. Рускую мову і літаратуру яе вучні спасцігаюць пры дапамозе гульняў, дыскусій і дыялогаў, праз работу над тэматычнымі праектамі і даследаваннямі. Такая методыка робіць кожны ўрок непаўторным, непадобным на іншыя. Як вынік — вучні заўсёды пакідаюць заняткі з важкім аб’ёмам новых ведаў.
Гэты неардынарны педагог цалкам захоплена сваім прадметам і ўмее зацікавіць ім навучэнцаў. Канкрэтнымі прыкладамі яна пераконвае дзяцей у тым, што вывучэнне мовы і літаратуры патрэбна ўсім прысутным у класе, а рабіць гэта можна з задавальненнем. Алена Клеўжыц пераканана: захапіць вучобай можна любога вучня, трэба толькі знайсці да яго падыход.
У Алены Эдуардаўны добра атрымліваецца знаходзіць паразуменне з вучнямі, таму ў яе класах даволі высокая паспяховасць, а некаторыя вучні штогод дасягаюць значных поспехаў па прадмеце. Перыядычна яе навучэнцы становяцца пераможцамі розных (у тым ліку і заключнага) этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.
Працоўных дасягненняў у Алены Клеўжыц хапае. Яе плённая праца неаднаразова адзначалася на розных узроўнях. Але зусім не гэта яна лічыць сваёй галоўнай педагагічнай перамогай. Для яе больш важныя цёплыя ўзаемаадносіны з вучнямі, падтрыманне сувязі з выпускнікамі. Дарэчы, некаторых з іх Алена Эдуардаўна натхніла на педагагічную прафесію, як некалі яе натхніла на гэтую нялёгкую працу школьная настаўніца. Такім чынам, добры ланцужок працягваецца. І ў гэтым заключаецца яе педагагічнае шчасце.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Алены КЛЕЎЖЫЦ.