Вучыцца энергаэфектыўнасці з дзяцінства

Атрымаць новы досвед у энергазберажэнні, азнаёміцца з вопытам работы навучальных устаноў, якія былі выканаўцамі праекта “Энергаэфектыўнасць у школах”, маглі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара “Вопыт рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў і работы па прыцягненні ўвагі да пытанняў энергаэфектыўнасці выхаванцаў, выхавальнікаў, мясцовага насельніцтва”, які прайшоў у Гродне.

З 2013 года ў чатырох навучальных установах Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцей рэалізоўваўся праект ПРААН “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” (“Энергаэфектыўнасць у школах”), які прадугледжваў не толькі мадэрнізацыю будынкаў, прымяненне энергазберагальных тэхналогій, але і асветніцкую дзейнасць сярод мясцовай грамадскасці. Арганізатары семінара — Прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь, Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь — мэтай работы яго вызначылі павышэнне інфармаванасці кіраўнікоў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, дашкольных устаноў па пытаннях удзелу ў праектах, азнаямленне з вопытам тых арганізацый, якія былі выканаўцамі праекта “Энергаэфектыўнасць у школах”.

У Гродзенскай вобласці две ўстановы — яслі-сад № 45 у Гродне і № 6 у Ашмянах — былі ўдзельнікамі праекта. Але работа па павышэнні энергаэфектыўнасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца і ў іншых установах. Як адзначыў на семінары намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рахунок, штогод у вобласці фарміруецца праграма “Энергазберажэнне”, якая прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў па замене вокнаў, цеплавой рэабілітацыі сцен, даху. У апошні час пачалі ўсталёўваць сонечныя калектары, рэкуператары цяпла. І ў сувязі з гэтым стаіць пытанне аб падрыхтоўцы спецыялістаў устаноў адукацыі і іншых арганізацый, якія маглі б абслугоўваць сучасныя тэхналогіі і сістэмы. Таму разглядаецца пытанне аб пачатку ў 2018 годзе на базе адной з устаноў прафтэхадукацыі вобласці падрыхтоўкі па адпаведнай спецыяльнасці і перападрыхтоўкі кадраў.

Аб тым, як пераходзіць ад энергаэфектыўнасці ўстановы адукацыі да энергаэфектыўнасці рэгіёна, умовах і рэсурсах пашырэння ўплыву ўстаноў адукацыі на працэсы станаўлення жыхароў рэгіёна як суб’ектаў энергаэфектыўнага ладу жыцця, гаварыла ў сваім выступленні начальнік Каардынацыйнага цэнтра па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Софія Савелава. Частка выступленняў была прысвечана пытанням правядзення энергааўдыту, праектным ініцыятывам, распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для ўкаранення энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Кіраўнік праекта ПРААН “Энергаэфектыўнасць у школах” Сяргей Нікіцін прадставіў асноўныя этапы і вынікі рэалізацыі праекта. А непасрэдна азнаёміцца з выкананнем праектных мерапрыемстваў удзельнікі семінара маглі ў гродзенскім яслях-садзе № 45. Загадчыца Людміла Кушнірук правяла экскурсію па будынку. Тут былі ўсталяваны сонечныя калектары, сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, уцеплены сцены і дах, устаноўлены новае энергаэфектыўнае кухоннае абсталяванне, вокны з двайным шкленнем, заменены лямпы. У яслях-садзе вядзецца вялікая работа па прапагандзе і распаўсюджванні ведаў па эфектыўным выкарыстанні рэсурсаў сярод выхаванцаў і іх бацькоў, навучэнцаў іншых устаноў, насельніцтва мікрараёна. Тут працуе школа развіцця эканамічнай культуры і нядаўна пачаў работу адукацыйны цэнтр. Дзеці паказалі гасцям казку пра Калабка, якая стала адным з пераможцаў конкурсу “Энергамарафон”.

Удзельнікі семінара таксама азнаёміліся з асветніцкай работай у яслях-садзе № 101 Гродна. Пабывалі на адкрытых фізкультурных занятках, дзе дзеці будавалі энергаэфектыўны дом, убачылі казку пра тое, як хлопчык Вова вучыўся эканоміць ваду і электрычнасць, азнаёміліся з сістэмай работы з бацькамі па пытаннях эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў і экалагічнага выхавання.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *