Вучым дзяцей бяспецы

- 11:10Нам пішуць

У рамках акцыі “За бяспеку разам” у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Астраўца прайшлі адкрытыя прагляды адукацыйнай дзейнасці “Дзіця і грамадства” для маладых спецыялістаў Астравецкага раёна, якія працуюць выхавальнікамі ў дашкольных установах першы год. Увазе маладых спецыялістаў былі прадстаўлены заняткі ў розных узроставых групах.

У другой малодшай групе (выхавальнік Гелена Іванаўна Грабоўская) была прадстаўлена інсцэніроўка з Непаслухмянкай, якая прыйшла ў госці да дзяцей. Дзеці з задавальненнем дапамагалі ёй знаходзіць правільныя рашэнні ў розных сітуацыях, тлумачылі, як правільна паводзіць сябе з электрычнымі прыборамі, што неабходна слухацца старэйшых, каб не трапіць у бяду.

У сярэдняй групе (выхавальнік Валянціна Альфонсаўна Лебядзевіч) на занятках “Горад. Вуліца. Святлафор” выхаванцы тлумачылі, чаму яны любяць свой горад, якія вуліцы ведаюць, а таксама як неабходна паводзіць сябе на вуліцы, якія правілы трэба выконваць.

На занятках у старшай групе “Транспарт. Віды транспарту” (выхавальнік Вераніка Аляксандраўна Штаненка) выхаванцы пазнаёміліся з відамі транспарту, вызначылі, для чаго ён неабходны і ці можна без яго абысціся, у якіх прафесіях выкарыстоўваецца той ці іншы від транспарту.

Усе заняткі былі накіраваны на вырашэнне адной задачы: стымуляваць выхаванцаў на тое, каб яны выказвалі свае прапановы, як можна пазбегнуць траўманебяспечных сiтуацый. Дзеці вучыліся кіраваць сваімі паводзінамі дома, на вуліцы, у двары, дашкольнай установе, даведваліся аб правілах бяспечнага абыходжання з рознымі прадметамі, вучыліся прымяняць свае веды ў розных жыццёвых сітуацыях. Выхавальнікі прывучалі дзяцей да выканання правіл бяспечных паводзін на занятках і ў штодзённым жыцці.

Алена ВАСІЛЬЧЫК,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.