Вучым мову гуляючы

- 9:45Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 34 Бабруйска Людміла Крылова разам з вучнямі распрацоўвае настольныя гульні, якія дапамагаюць у засваенні роднай мовы. 

“Вучым мову гуляючы” — так называецца праект, які педагог абараняла нядаўна на фестывалі “Пазнанне ў сутворчасці” і за які атрымала дыплом ІІІ ступені.   

— На паліцах кнігарняў сёння амаль не знойдзеш беларускамоўныя гульні для дзяцей, а тыя, што ёсць, у асноўным разлічаны на дзяцей малодшага ўзросту, калі фарміруецца актыўны лексічны запас слоў, — адзначае Людміла Уладзіміраўна. — На гэтыя гульні ёсць попыт, бо заўсёды ёсць бацькі, якія хочуць ву­чыць сваіх дзетак па-беларуску і шукаюць для гэтага цікавы і займальны матэрыял. Акрамя апантаных бацькоў, ёсць і настаўнікі беларускай мовы, якім патрэбен гульнявы матэрыял, каб разнастаіць вучэбны працэс, пры­віць вучням цікавасць да роднага слова, пашырыць слоўнікавы запас, развіць крэатыўнае мысленне. Таму хацелася б, каб беларускамоўныя гульні выпускалі і для дзяцей старэйшага ўзросту. Для сябе я вырашыла гэтую праб­лему. Сама ўзялася за распрацоўку і выданне дыдактычных гульняў у фармаце настолак для выкарыстання на ўроках і па-за імі. Да гэтага працэсу далучыла сваіх вучняў, якія дапамагаюць мне ў стварэнні механікі гульні. 

Але такому захапленню педагога папярэднічаў шэраг па­дзей. Людміла Крылова мае багаты вопыт работы не толькі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але і настаўнікам-дэфектолагам з дзецьмі з парушэннямі маўлення. Педагог атрымала адпаведную адукацыю, таму вельмі добра адчувае ўсе моўныя памылкі сваіх вучняў, ра­зумее іх прычыны. Быў у жыцці Людмілы Уладзіміраўны і перыяд, калі яна працавала ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе вяла гурток “Роднае слова”, з адоранымі дзецьмі. Яе заўсёды цікавіла шматпланавасць выкарыстання моўнага матэрыялу, яго варыятыўнасць. Так на занятках гуртка нарадзілася ідэя беларускамоўных гульняў. Педагог наладзіла творчыя сувязі з цікавымі людзьмі Беларусі, пачала рыхтаваць імпрэзы, ездзіць на беларускамоўныя фэсты, займацца народнымі танцамі. Калі ж зноў вярнулася ў школу, то вырашыла падзяліцца новым вопытам з вучнямі. 

 

Падрабязней чытайце ў матэрыяле Надзеі Церахавай, а таксама глядзіце спасылку на гульню ў нумары ад 20 студзеня 2023 года.