Вучымся разам

- 11:05Нам пішуць

Для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”.

Лепшая школа — гэта бяспечная школа. У першы ж дзень другой чвэрці навучальнага года выхавальнікі Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрнат Гродзенскага раёна нагадалі дзецям правілы бяспечных паводзін у школе і за яе межамі, паўтарылі правілы дарожнага руху. А пазней у гасцях у школьнікаў пабывалі ратавальнікі Гродзенскага раённага аддзела МНС. Яны расказалі навучэнцам і супрацоўнікам аб стане пажарнай бяспекі ў раёне, паказалі вучэбна-прафілактычны фільм, патлумачылі наступствы невыканання правілаў пажарнай бяспекі, пакідання дзяцей без нагляду, злоўжывання спіртнымі напіткамі і курэннем, навучылі дзяцей правілам пажарнай бяспекі ў побыце і ў школе. Павышаную цікавасць у хлопчыкаў і дзяўчынак выклікала дэманстрацыя магчымасцей пажарнай тэхнікі і абсталявання. Школьнікі задавальненнем пасядзелі ў пажарнай машыне, ім нават дазволілі паспрабаваць уключыць гукавую сірэну і пробліскавыя маячкі, што выклікала ў дзяцей непадробнае захапленне.

У рамках пажарна-прафілактычнай акцыі супрацоўнікі Цэнтра культуры і вольнага часу аграгарадка Азёры правялі для нашых выхаванцаў конкурсна-гульнявую праграму “Ратуйся, хто можа!”. Удзельнікі каманд “Юныя ратавальнікі” і “Пажарныя” выконвалі розныя тэматычныя заданні: спаборнічалі ў хуткасці і правільнасці надзявання формы ратавальнікаў, аказвалі першую дапамогу “пацярпелым”, падказвалі спосабы выжывання і выратавання тым, хто заблудзіўся ў лесе, выпраўлялі памылкі пры карыстанні электрапрыборамі і бытавым газам , удакладнялі правілы паводзін пры ўзнікненні пажару, называлі нумары тэлефонаў экстранных служб і г.д. Пакуль гульцы думалі над выкананнем сваіх заданняў, гледачы ў зале адказвалі на пытанні вядучай і за правільныя адказы атрымлівалі прызы ад ратавальнікаў.

Мноства цікавых і карысных конкурсаў матывавалі дзяцей на вывучэнне правіл бяспекі. З невялікім адрывам ад “Юных ратавальнікаў” перамогу атрымалі “Пажарныя”. Усе ўдзельнікі гульні атрымалі ў падарунак ад ратавальнікаў кніжкі “Прыгоды Дашы ў краіне небяспекі”, “Вучым правілы бяспекі разам”, “Геаметрыя бяспекі”.

Наталля ПІЦКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.