Вучымся слухаць і чуць адно аднаго

- 11:46Навіны рэгіёнаў

Неабходнасць захавання пераемнасці паміж дашкольнай адукацыяй і першай прыступкай агульнай сярэдняй адукацыі адносіцца да ліку найважнейшых напрамкаў работы сістэмы адукацыі нашай краіны. Пытанні пераемнасці могуць быць паспяхова вырашаны толькі пры цесным узаемадзеянні ўстановы дашкольнай адукацыі і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Выйграюць ад гэтага ўсе, асабліва дзеці. Таму ў Капыльскім раёне ўжо больш за пяць гадоў у рамках раённага метадычнага аб’яднання праводзіцца семінар па праблемах пераемнасці на ўзроўні дашкольнай адукацыі і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Правядзенне семінара цяпер лічым нашай традыцыяй.

Семінар вельмі запатрабаваны ў выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, вучэбна-педагагічных комплексаў, настаўнікаў пачатковых класаў, намеснікаў дырэктараў, настаўнікаў-дэфектолагаў. Мы арыентуем педагогаў на ўсталяванне дзелавога супрацоўніцтва: знаёмства з вучэбнымі праграмамі дашкольнай адукацыі і пачатковых класаў, узаемнае наведванне ўрокаў і заняткаў з наступным абмеркаваннем, вывучэнне вопыту выкарыстання форм, метадаў і прыёмаў работы ў практыцы настаўнікаў і выхавальнікаў, наведванне выхавальнікамі псіхолага-педагагічнага кансіліуму па выніках вывучэння адаптацыі першакласнікаў, сумесныя педагагічныя саветы па пытаннях пераемнасці, дзіцячыя экскурсіі, дні адкрытых дзвярэй.

Падчас семінара настаўнікі пачатковых класаў усведамляюць унікальнасць жыцця дзіцячага сада, бачаць працу выхавальніка з будучымі школьнікамі. Пасля педагогі прызнаюцца, што адчуваюць рэальную неабходнасць пераймаць вопыт работы ў выхавальнікаў дашкольнай установы, што ўзнікае жаданне прыйсці ў педагагічны калектыў дзіцячага сада з мэтай атрымання парад, рэкамендацый, новых ведаў. Настаўнікі канчаткова пераконваюцца, што выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі хоць і меншыя за навучэнцаў пачатковых класаў, але навучаннем ахоплены раней. І вопыт менавіта дашкольнай прыступкі можа быць перададзены ў спадчыну пачатковай школе, а не наадварот.

Тэматыка семінараў па пытаннях пераемнасці розная: у 2014/2015 навучальным годзе гэта была “Панарама вопыту работы ўстаноў па забеспячэнні пераемнасці паміж сямейным выхаваннем, дашкольным і I прыступкай агульнай сярэдняй адукацыі”, у 2015/2016 годзе абмяркоўвалі “Пераемнасць у сістэме “дашкольная адукацыя — I ступень агульнай сярэдняй адукацыі”, у мінулым навучальным годзе тэмай стала “Пераемнасць у арганізацыі даследчай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў”, сёлета разглядалі тэму “Пераемнасць у рабоце ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу ў рамках суправаджэння дзяцей з АПФР устаноў дашкольнай адукацыі і I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Семінары праходзілі не толькі на базе дзіцячых садоў і школ Капыля, але і ў вучэбна-педагагічных комплексах. Менавіта ва ўстановах такога тыпу існуюць найбольш спрыяльныя ўмовы для арганізацыі работы па забеспячэнні пераемнасці. Напрыклад, падчас аднаго з нашых семінараў сваім вопытам работы дзяліўся педагагічны калектыў Мажскага дзіцячага сада — пачатковай школы. Сад і пачатковая школа размяшчаюцца ў адным будынку і ўзаемадзейнічаюць на працягу ўсяго навучальнага года, таму ў гэтай установе няма праблемы адаптацыйнага перыяду, існуюць адзіныя прынцыпы стварэння прадметна-развіццёвага асяроддзя: утульныя класы, дзве сталовыя, музычная зала. Тут пануе згуртаванасць калектыву, як дарослага, так і дзіцячага. Бацькі навучэнцаў займаюць актыўную пазіцыю па пытаннях супрацоўніцтва з установай адукацыі. Мажскі дзіцячы сад — пачатковая школа можна смела назваць сям’ёй.

У далейшых планах — прадоўжыць правядзенне такіх семінараў на Капыльшчыне, бо на гэтых мерапрыемствах мы вучымся ўзаемадзейнічаць, слухаць і чуць адно аднаго, каб разам ствараць для дзяцей найбольш камфортныя ўмовы для навучання і выхавання.

Алена СЕРАДЗІНСКАЯ,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі,
спорту і турызму
Капыльскага райвыканкама.