Вучыць мове спяваючы

- 13:01Навіны рэгіёнаў

Музычны конкурс песні на замежнай мове “Еўрабачанне” стаў адным з самых яркіх мерапрыемстваў ліцэя № 1 Гродна.

Традыцыйна на розных этапах навучання многія настаўнікі замежнай мовы выкарыстоўваюць у сваёй рабоце вучэбна-метадычныя комплексы, якія маюць арыгінальны або спецыяльна створаны для вучэбных мэт музычны і песенны матэрыял. Для кожнага педагога замежнай мовы нашага ліцэя аўтэнтычная песня з’яўляецца не толькі эфектыўным дыдактычным сродкам, але і своеасаблівым сістэмаўтваральным вектарам навучання замежнай мове дзяцей старэйшага школьнага ўзросту.

У бягучым навучальным годзе конкурс песень на замежнай мове “Еўрабачанне” выйшаў за рамкі агульналіцэйскага мерапрыемства. Упершыню па ініцыятыве ліцэя № 1 Гродна пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна адбыўся I Абласны конкурс “Еўрабачанне”.

Конкурс праводзіўся ў тры этапы: першы — на ўзроўні ўстаноў адукацыі, другі — на ўзроўні раёнаў Гродзенскай вобласці. Трэці (абласны) этап конкурсу сабраў у ліцэі № 1 Гродна 20 удзельнікаў-пераможцаў раённага адборачнага этапу.

На суд гледачоў і кампетэнтнага журы ўдзельнікі абласнога этапу прадставілі свае песенныя кампазіцыі на англійскай і французскай мовах. Канкурсанты прадэманстравалі высокі ўзровень сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі і выканальніцкага майстэрства. На думку журы, лепшымі былі Аляксей Суцько з гімназіі № 2 Гродна, Таццяна і Юлія Галавенка з ліцэя № 1 Гродна, Паліна Бекіш з гімназіі Шчучына, Ангеліна Марцінчык з сярэдняй школы № 8 Слоніма.

Гісторыя нашага конкурсу песні на замежнай мове толькі пачынаецца, аднак мы ўпэўнены, што кожны год на сцэне гродзенскага ліцэя будуць адкрывацца новыя таленты не толькі ў вакальным выкананні песень, але і ў валоданні замежнай мовай на высокім узроўні.

Наталля САРОКІНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя № 1 Гродна.