Вучыць віртуальна, але з рэальным вынікам

- 10:50Выхаванне

— Сёння значны дзень, бо гарантаванне бяспекі — гэта справа дзяржаўнай важнасці. Для прафілактыкі мала проста сустракацца і размаўляць, неабходны практычныя дзеянні. Чалавек павінен убачыць, паспрабаваць і навучыцца, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, — сказаў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка падчас адкрыцця ў Лідзе Цэнтра бяспекі.

У Гродзенскай вобласці адкрыўся Цэнтр бяспекі абласнога ўпраўлення МНС. Тут дзеці пачынаючы з трохгадовага ўзросту, навучэнцы школ, ПТВ змогуць атрымаць веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці, правілах аказання першай медыцынскай дапамогі, карыстання калектыўнымі і індывідуальнымі сродкамі аховы. Што вельмі важна, гэтыя веды будуць насіць практычны характар, бо цэнтр аснашчаны сучасным абсталяваннем з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій, а метады навучання і спосабы ўзаемадзеяння з дзецьмі — інтэрактыўныя. Дзецям раскажуць аб правілах паводзін у грамадскім транспарце і на прыпыначных пунктах, правілах пасадкі і высадкі з аўтобуса ці тралейбуса.

Тэарэтычная праверка ведаў будзе ажыццяўляцца ў класе, які аснашчаны электроннымі планшэтамі. Спачатку дзецям пакажуць фільмы па бяспецы жыццядзейнасці. Потым на электронных планшэтах у тэставым рэжыме пад наглядам супрацоўніка МНС ажыццяўляецца праверка атрыманых ведаў. У кожнага дзіцяці — сваё працоўнае месца.

У аснову навучання пакладзены віртуальныя дзеянні, якія імітуюць надзвычайныя сітуацыі. Тут навучаць, як правільна выклікаць дапамогу, карыстацца сродкамі пажаратушэння ў памяшканнях ці ў лесе, аказваць першую медыцынскую дапамогу — навучаць рабіць штучнае дыханне з дапамогай манекенаў, ёсць у медыцынскім блоку імітатары розных раненняў, перавязачныя матэрыялы. У спецыяльна абсталяваным басейне пакажуць прыёмы выратавання. Прадугледжаны варыянты дзеянняў для навучання правілам паводзін на вадаёмах як у зімовы, так і ў летні час.

У спецыяльным памяшканні, якое імітуе жылы пакой, праводзіцца інструктаж аб дзеяннях у выпадку пажару, эвакуацыі з кватэры. На экране тэлевізара дэманструецца вучэбны ролік. Пасля гэтага наведвальнікі па адным пераадольваюць пакой задымлення, арыентуючыся на светлавыя табло “Выхад”. У пакоі размешчаны страбаскопы для імітацыі гарэння, дымагенератары, відэакамеры для кантролю фізічнага стану і месцазнаходжання чалавека.

Навучанне правілам дарожнага руху праводзіцца ў горадзе, абсталяваным дарожнымі знакамі, кіруемымі святлафорамі. У дзень адкрыцця лідскія школьнікі паспрабавалі сябе на пляцоўках цэнтра. А сімвалічны ключ ад яго атрымалі выхаванцы дзіцячага сада № 26 горада.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Цэнтра бяспекі прысутнічалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Кадлубай. Пасля пераразання чырвонай стужкі госці азнаёміліся з умовамі работы цэнтра і праверылі на электронных планшэтах свае веды правіл бяспекі, а таксама пасадзілі дрэвы ў гонар адкрыцця цэнтра.

Займацца ў Цэнтры бяспекі адначасова могуць дзве групы па 15—20 чалавек. Тут прадугледжаны ўмовы для навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У найбліжэйшы час плануецца зрабіць трэнажор на аснове тэхналогіі дапоўненай рэальнасці — у пакоі “пасля пажару” відэакамера планшэта дазволіць навучэнцам убачыць памяшканне да яго і адшукаць умовы, якія прывялі да здарэння, каб навучыцца яго папярэджваць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.