Вучыцца толькі на дзесяць, развівацца ў творчасці і спорце, набраць 400 балаў для паступлення ва ўніверсітэт — рэальна. Гэта пацвярджае вопыт палачаніна Дзяніса Кагукіна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На працягу ўсяго часу навучання ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны ў Дзяніса ўсе гадавыя адзнакі былі аднолькавыя — нязменныя дзясяткі. Сёлета ён атрымаў па 100 балаў на цэнтралізаваных экзаменах па беларускай мове і матэматыцы. Як пераможцу заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы юнаку пры паступленні на профільную спецыяльнасць таксама будзе залічана 100 балаў. Столькі ж складае сярэдні бал атэстата, памножаны на дзесяць. У выніку роўна 400 балаў. Як гэта ўдалося, ці заставаўся час на захапленні па-за вучобай, што ў планах — пацікавіліся ў таленавітага выпускніка.
— Быць круглым выдатнікам складана?
— Мяне прываблівае тое, што невядома, таму люблю вучыцца. Кожную цяжкасць у працэсе вучобы ўспрымаю хутчэй як цікавую задачу. Рашыў — адкрываецца новы ўзровень, і гэта захапляе. Толькі трэба разумна размяркоўваць мэты: якія для цябе важнейшыя на цяперашні момант і ў перспектыве. Вольнага часу, калі можна зусім нічога не рабіць, з кожным годам усё менш, бо мне не хочацца марнаваць ні хвіліны. Размова не выключна пра вучобу. Так, да 8 класа я займаўся футболам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Я з камандай удзельнічаў у розных турнірах, уключаючы рэспубліканскія і міжнародныя, прычым дастаткова паспяхова, але ў пэўны момант узважыў прыярытэты, параіўся з бацькамі і ад думак пра вялікі спорт адмовіўся. Тады ж у мяне добра пайшлі алімпіяды, даследчыя праекты. Неабходна было зрабіць выбар, які напрамак мне бліжэйшы, хаця і спорт у маім жыцці, безумоўна, застаўся. Акрамя футбола, зацікавіўся валейболам, два гады займаўся ў секцыі. За гімназію выступаў у розных відах, нават давялося асвоіць спартыўнае арыентаванне.
— Настаўнікі ў гімназіі расказалі, што вы прыгожа танцуеце. Адкуль харэаграфічныя навыкі?
— Не сказаў бы так. Але, магчыма, настаўнікам лепш відаць, прыемна гэта чуць. У нашай гімназіі ёсць узорны харэаграфічны калектыў “Забава”. З 1 па 5 клас я займаўся там пад кіраўніцтвам Святланы Міхайлаўны Круцёнак. Потым неяк пераважыў спорт, аднак застаўся і харэаграфічны факультатыў, наведваў яго да выпускнога класа ўключна. Гэта больш для душы.
— Як вы далучыліся да алімпіяднага руху?
— Калі браць унутраныя алімпіяды ў гімназіі, то яны яшчэ да 4 класа пачаліся. На раённым узроўні дэбютаваў якраз у 4 класе, па матэматыцы, заняў 1-е месца. У 8 класе паўдзельнічаў у сваёй першай абласной алімпіядзе, таксама па матэматыцы, узяў дыплом ІІІ ступені. А ў 9 класе на раённай алімпіядзе па гэтым прадмеце паспрабаваў рашыць задачу па-свойму. Напэўна, крыху намудрыў, журы не вельмі гэта ўхваліла, таму пайшоў на раённую алімпіяду па фізіцы. У выніку перамог на раённым этапе, а на абласным і рэспубліканскім атрымаў дыпломы І і ІІІ ступеней адпаведна. Далей неяк нацэліўся ўжо на фізіку. Праз год на рэспубліцы атрымаў дыплом І ступені, сёлета стаў трэцім у рэйтынгу. Паралельна займаўся інфарматыкай, бо падабаецца праграмаванне. Недзе з 7 класа хадзіў на факультатыўныя заняткі — без асаблівай мэты, для сябе. Потым настаўніца прапанавала мне схадзіць на алімпіяду — на раёне заняў 2-е месца, але абласная алімпіяда была па фізіцы.
— Атрымліваецца, у адзін сезон здаралася паўдзельнічаць у раённых этапах алімпіяды па двух прадметах?
— Сёлета ўдзельнічаў у алімпіядах па чатырох прадметах: фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы і яшчэ астраноміі. Па ўсіх я ў тройцы лідараў. Дэбютаваў па астраноміі, яна з фізікай вельмі цесна звязана. Настаўніца прапанавала паспрабаваць сілы ў алімпіядзе, я прыслухаўся да сябе і зразумеў, што магу і ў прынцыпе хачу паўдзельнічаць. Вынік — дыплом ІІ ступені. Прайшоў на вобласць, але тут зноў давялося выбіраць. Аддаў перавагу фізіцы.
— Якія перамогі для вас найбольш значныя?
— Напэўна, усе пералічаныя, нездарма яны адразу прыгадаліся. Яшчэ быў шэраг алімпіяд па розных прадметах, што праводзіліся на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі. Таксама каштоўны вопыт. І, безумоўна, у гэтым навучальным годзе асабліва каштоўныя для мяне дыплом ІІ ступені Адкрытай беларускай фізічнай алімпіяды школьнікаў і дыплом І ступені XII Міжнароднай дыстанцыйнай алімпіяды “Сузор’е талентаў”, таксама па фізіцы. Варта дадаць, што падрыхтавацца да алімпіяд на такім высокім узроўні я не змог бы без дапамогі выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і асабіста дэкана факультэта інфармацыйных тэхналогій Вольгі Мікалаеўны Пятровіч.
— Вы многа займаліся праектнай і даследчай дзейнасцю. Якія з рэалізаваных праектаў самыя цікавыя?
— Да 8 класа я да гэтага напрамку прымерваўся. Удзельнічаў у нашых гімназічных канферэнцыях, у асноўным па матэматыцы. У 9 класе з маімі аднакласніцамі Настассяй Рыўкінай і Алінай Блізняцовай пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлаўны Навумавай мы зрабілі цікавы праект па геаграфіі. Напрамкам выбралі дэмаграфічную характарыстыку Полацка. Мая частка работы ў асноўным заключалася ў складанні задач на адпаведныя тэмы. Не магу не назваць і наш лінгвістычны праект пад кіраўніцтвам Алены Уладзіміраўны Казловай. Працавалі зноў камандай, з аднакласніцамі Марыяй Батурынай і Настассяй Твардоўскай. Мы звярнулі ўвагу на такую праблему: на ўпакоўках харчовай прадукцыі айчынных прадпрыемстваў інфармацыя на беларускай мове нярэдка адсутнічае або, здараецца, пададзена з памылкамі. Мы прааналізавалі словы, якія ў падобных выпадках найчасцей выкарыстоўваюцца, склалі актыўны руска-беларускі слоўнік больш як на тысячу лінгвістычных адзінак і на яго аснове распрацавалі электронны перакладчык. Дарэчы, у працэсе рэалізацыі задумы многія словы мы не знаходзілі ў слоўніках і тады, згодна з правіламі беларускай мовы, самі рабілі пераклад. Абодва праекты мы прадстаўлялі на конкурсных мерапрыемствах рознага ўзроўню, у тым ліку на абласной канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Эўрыка”, абласным этапе “100 ідэй для Беларусі”, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Прыемна, што нашу працу ацанілі: маем шэраг узнагарод.
— У выпускнікоў ёсць традыцыя: на парозе школы выказваць падзяку любімым настаўнікам. Скарыстаецеся выпадкам?
— Колькі чалавек можна назваць? Многім педагогам я ўдзячны, і сказаць добрыя словы хочацца пра ўсіх.
— Прапаную спыніцца на прыгожай лічбе 7.
— Добра. Пачнём з пачатковых класаў. Святлана Генадзьеўна Твардоўская і Галіна Канстанцінаўна Яроміна — гэта мае першая настаўніца і выхавальніца. Менавіта яны разам з маімі бацькамі заклалі аснову таго, кім я зараз з’яўляюся, прывілі працавітасць і адказнасць, паказалі, як шмат у свеце цікавага і як захапляльна крок за крокам гэта вывучаць, навучылі не забываць пра аднакласнікаў, у любой справе ўлічваць не толькі свае інтарэсы, але і іншых людзей. Святлане Пятроўне Царовай, намесніку дырэктара гімназіі і маёй настаўніцы фізікі, велізарны дзякуй: было вялікім гонарам для мяне працаваць разам. Шчыра ўдзячны Алене Уладзіміраўне Казловай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Немагчыма ў яе вучыцца і не палюбіць прадмет! Да таго ж мы з гэтым педагогам на ўроках і дадатковых занятках рыхтаваліся да цэнтралізаванага экзамену па беларускай мове: рэпетытары мне не спатрэбіліся. А Лілія Канстанцінаўна Раткевіч захапіла рускай літаратурай і навучыла нас у любой сітуацыі заставацца людзьмі. Жаданне вывучаць мінулае Радзімы, зберагаць і прымнажаць спадчыну продкаў нам прывіла настаўніца гісторыі Алена Андрэеўна Дранец. Пара спыняцца? Гэта вельмі цяжка! Тады адназначна назаву Галіну Сяргееўну Сутовіч, настаўніцу матэматыкі. Яна ж наш класны кіраўнік. Прычым сапраўды класны — і ў значэнні кіравання калектывам, і адносна чалавечых якасцей. З яе я браў прыклад.
— Ваша малодшая сястра зараз вучыцца ў класе Святланы Генадзьеўны?
— Так. Ёй, як і мне калісьці, пашчасціла з першай настаўніцай. Ксюша, між іншым, таксама выдатніца. І шахматамі захапляецца: калі пайшла ў першы клас, у нас з’явіўся шахматны клуб “Дэбют”, яна пачала хадзіць на заняткі. Выступае на гарадскіх і абласных турнірах, займае прызавыя месцы.
— З сястрой у шахматы гуляеце? Хто перамагае?
— Найчасцей пакуль я. А ўвогуле нас навучыў гэтай гульні бацька, які таксама вялікі аматар шахмат. Калі ў гімназіі праходзіў сямейны адкрыты праект па шахматах “Чорна-белая казка”, сястра выступала разам з татам. Яны пяць партый з сямі выйгралі, хаця некаторыя з дарослых удзельнікаў турніру займаюцца шахматамі прафесійна.
Сям’я — наша першая школа ў шырокім сэнсе. Прастора, дзе любяць і паважаюць адно аднаго, і самая надзейная каманда падтрымкі ва ўсіх пачынаннях. Калі дапамога патрэбна, яна будзе.
— Паколькі ўступныя выпрабаванні фактычна пройдзены, у вас застаецца той самы дэфіцытны ў перыяд вучобы вольны час. Чым займаецеся?
— Няма такога, каб гультаяваць, ды мне гэта і не трэба. Пра спорт я раней сказаў. Люблю слухаць музыку, зараз вучуся іграць на гітары. Яшчэ пачаў вывучаць нямецкую мову. У гімназіі была англійская, а ў 6—7 класах увялі нямецкую, дадаткова. Потым здарыўся перапынак, цяпер вярнуўся да гэтага.
— Кім сябе бачыце ў будучыні?
— Насамрэч, яшчэ дакладна не вызначыўся. Пераходзячы ў старшыя класы, я цвёрда вырашыў, што вучыцца далей буду ў Беларусі. А вось з выбарам універсітэта складана, у кожным ёсць свае перавагі. Хутчэй за ўсё, маёй альма-матар стане БДУІР, бо цікавіць праграмная інжынерыя. Але і фізікай хацеў бы працягнуць займацца, асабліва эксперыментальнай. Можа, атрымаецца знайсці нешта новае і карыснае ў ходзе даследаванняў на стыку розных навук або развівацца ў напрамку інфармацыйных тэхналогій, стварыць значны для грамадства праграмны прадукт. Час пакажа.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіваў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны і сям’і Кагукіных