Вучыцца з радасцю

- 11:20Па справе з Наталляй Бушной

Аўтар новай рубрыкі “Настаўніцкай газеты” — дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны — разважае пра школьную адукацыю як важную сацыяльную каштоўнасць.

Любыя змены ў нашай сферы выклікаюць вострыя дыскусіі ў грамадстве, бо кожны, у той ці іншай ступені, звязаны з адукацыяй. Паміж тымі, хто прапануе радыкальныя пераўтварэнні, і прыхільнікамі эвалюцыйнага развіцця часам узнікаюць сур’ёзныя рознагалоссі. Але ў аснове любога новаўвядзення ў нашай сістэме (а адукацыя — гэта даволі кансерватыўная, у добрым разуменні гэтага слова, сацыяльная сфера) заўсёды стаяў клопат аб стварэнні роўных умоў для атрымання якаснай адукацыі, пры якой у кожнага навучэнца ёсць магчымасць развіваць сябе ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі.

Але я прапаноўваю змяніць погляд на саму адукацыю. Пагадзіцеся, гэта не паслуга, а пра­цэс, які павінен суправаджаць жыццё чалавека. І да педагога трэба фарміраваць стаўленне не як да абслуговага персаналу, а як да прафесіянала, які дапамагае дзіцяці, яго сям’і і грамадству ў цэлым у станаўленні чалавека — чалавека ў шырокім разуменні гэтага слова. Такое разуменне можа выступіць сур’ёзнай асновай для яднання навучэнцаў, бацькоў, педагогаў і грамадства ў цэлым.

Відавочна: дынаміка развіцця тэхналогій сёння настолькі высокая, што чалавеку, не здольнаму да засваення новых ведаў, вельмі складана, а можа, і немагчыма заставацца канкурэнтаздольным. Таму школа прызначана сфарміраваць у чалавека, які сталее, гэтую патрэбу пазнаваць новае, прычым рабіць гэта з радасцю і задавальненнем, не забываючы пра грамадскія інтарэсы.

А зараз не так глабальна, але не менш важна. Любая, нават вельмі добра арганізаваная сістэма ў працэсе развіцця сутыкаецца з супярэчнасцямі. Закон дыялектыкі. Сёння мы назіраем такую супярэчнасць паміж існуючай выніковай атэстацыяй і правядзеннем уступнай кампаніі ва УВА. Размова — аб выпускных экзаменах і ЦТ, фарматы і сістэмы ацэньвання якіх абсалютна розныя. Не сакрэт, што гэта прыводзіць да сур’ёзных перагрузак, выклікае ў бацькоў пэўны недавер да школьнай сістэмы ацэньвання і канкрэтна да педагога, недавер з боку УВА ў цэлым да школьнай адукацыі. Таму неабходнасць увядзення нацыянальнага экзамену відавочна.

Якія прадметы ў яго ўклю­чыць? Безумоўна, сучасны выпускнік школы павінен валодаць моўнай, чытацкай пісьменнасцю. Увядзенне нацыянальнага экзамену па адной з дзяржаўных моў адлюстроўвае як запатрабаванні грамадства, так і індывідуальную патрэбу выпускніка.

Але ў сучасны век высокіх тэхналогій у любых ведах прысутнічае матэматычны аспект. Многія напэўна ўспомняць крылаты выраз М.Ламаносава “Матэматыку ўжо затым ву­чыц­ь трэба, што яна розум у парадак прыводзіць”. Без сур’ёзнай матэматычнай адукацыі немагчыма развіваць касмічныя тэхналогіі, медыцыну, біялогію і г.д. Матэматыка — гэта логіка, аналіз, доказ, гэта аснова інтэлектуальнага развіцця асобы і грамадства. Нацыянальны экзамен па гэтым прадмеце адлюстроўвае актуальную патрэбу грамадства ў дасведчаных спецыялістах розных профіляў.

Пераканана: увядзенне нацыянальнага экзамену абазначыць узрастаючую адказнасць педагога за вынікі сваёй працы, аб’ектыўнасць яго ацэнкі. І гэты няпросты, але вельмі патрэбны і правільны крок, крок наперад, трэба зрабіць нашай сістэме адукацыі.