Вузельчыкі на ўсё жыццё

- 10:13Людзі адукацыі

Каб расказаць пра сваю работу, Святлана Юльянаўна Шыбайла знайшла вельмі прыгожы вобраз. Яна параўноўвае сваю працу з вузельчыкавым роспісам тканіны. Чыстая тканіна — гэта розум і душа дзіцяці. Кожны вузельчык — гэта ўрок. І з гэтага мноства рознакаляровых вузельчыкаў складаецца прыгожы ўзор — індывідуальны і непаўторны. Гэты ўзор вызначае асобу навучэнца.

— Каб атрымаць цікавы ўзор, я завязваю на тканіне вузельчыкі і замацоўваю ў фарбавальніку. Калі вузельчык завязаўся туга і трывала, значыць, я змагла знайсці тыя стрункі дзіцячых душ, якія ўспрынялі ўрокі, і фарбы зайгралі ў малюнку. А калі вузельчык завязаўся слаба і вось-вось нітачка развяжацца, значыць, здольнасці гэтага вучня пакуль не раскрыты і ўзор яшчэ не атрымаўся. Мне трэба папрацавац­ь яшчэ, каб завязаць гэты вузельчык тужэй і, можа быць, на ўсё жыццё, — кажа Святлана Юльянаўна.

Настаўніца выкладае беларускую мову і літаратуру. Яна сама шчыра захоплена роднай мовай і імкнецца перадаць сваё захапленне дзецям. Педагог пераканана: каб тыя самыя вузельчыкі завязаліся трывала, трэба абудзіць у дзецях цікавасць.

— Часта падчас гутаркі педагогаў і бацькоў можна пачуць пра дзіця: “пасіўны на ўроках”, “мог бы займацца намнога лепш”, “не хоча вучыцца”. Сапраўды, праблема прывіцця цікавасці да ведаў застаецца актуальнай. Мяне як настаўніка беларускай мовы і літаратуры, вельмі хвалюе якасць ведаў маіх вучняў, узровень іх падрыхтаванасці, наогул, зацікаўленасць у вывучэнні роднай  мовы і літаратуры. Пачынаючы кожны ўрок, я думаю, як зрабіць, каб тыя веды, якія прапаноўваюцца на ўроку, сталі трывалым набыткам вучняў. Імкнуся кожны раз не проста правесці ўрок, а зрабіць так, каб вучням было цікава і каб кожны атрымаў на ўроку пэўны вынік для сябе, — расказвае  настаўніца. 

Святлана Юльянаўна амаль 30 гадоў працуе ў школе і за гэты час спрабавала многія тэхналогіі, методыкі, прыёмы. Апошнім часам яе памочнікамі сталі інфармацыйныя тэхналогіі.

— Аднойчы трапіла на курсы па прымяненні інфармацыйных тэхналогій і вельмі зацікавілася гэтай тэмай. Мяне ўразілі майстар-класы калег, якія ўдала ўпісвалі ў сваю дзейнасць розныя камп’ютарныя праграмы. Пасля курсаў я пачала самастойна шукаць інфармацыю ў гэтым кірунку, праходзіла розныя анлайн-курсы і ўкараняла ўсё, пра што даведвалася, у работу. Сучасным дзецям гэта вельмі падабаецца. З дапамогай інфармацыйных сродкаў можна зацікавіць дзяцей на ўроку, — адзначае педагог.

З прымяненнем ІКТ праводзяцца розныя віды ўрокаў: урокі-гутаркі з выкарыстаннем камп’ютара як нагляднага сродку, урокі-даследаванні, урокі практычнай работы, урокі — віртуальныя падарожжы, інтэрнэт-урокі, медыяўрокі і інш. Віды работы могуць быць розныя. Напрыклад, вучням сярэдніх класаў падабаюцца інтэрактыўныя гульні і заданні. А навучэнцам старшых класаў больш цікавая сумесная работа з настаўнікам у інтэрнэце. Напрыклад, стварэнне Google-прэзентацый. Настаўніца актыўна прымяняе сучасныя тэхналогіі для стварэння і правядзення тэстаў.

— Тэсты можна праводзіць у рэжыме кантролю, самакантролю, самакантролю з заахвочваннем. Гэта спрыяе разнастайнасці ўрокаў. Тэсты прапаноўваю з улікам узросту. Напрыклад, вучням 5—6 класаў вельмі цікава працаваць з тэстамі ў рэжыме самакантролю з заахвочваннем, бо, акрамя пытанняў і адказаў, яны бачаць каляровыя малюнкі, якія з’яўляюцца пры правільным ці няправільным адказе, — дзеліцца вопытам Святлана Юльянаўна. — Камп’ютарная сетка дапамагае настаўніку адразу ўбачыць вынікі класа, памылкі кожнага, рост вучня ў параўнанні з папярэдняй работай.

Многія настаўнікі школы № 5 Ваўкавыска распрацоўваюць ды­станцыйныя курсы па вучэбных прадметах у асяроддзі Moodle. Святлана Юльянаўна стварыла курс “Беларуская мова”. Ён уключае тэставыя заданні, распрацаваныя па класах, якія дапамагаюць ажыццяўляць кантроль ведаў вучняў па вывучаных раздзелах прадмета.

Разам з дзецьмі настаўніца стварае электронныя дапаможнікі. Напрыклад, ужо ёсць такі дапаможнік па тэме “Прыметнік”. Ён утрымлівае прэзентацыю з тэарэтычным матэрыялам, практыкаванні, тэсты, абагульняючую гульню, распрацоўкі ўрокаў, дадатковы матэрыял. Настаўніца збірала для дапаможніка заданні, а дзеці дапамагалі з афармленнем. Зараз працуюць над электронным дапаможнікам па беларускай літаратуры, які прысвечаны жыццю і творчасці У.Караткевіча. Развіццё пазнавальнай дзейнасці ў вучняў адбываецца і праз выкарыстанне створаных настаўніцай блогаў “Віртуальны кабінет беларускай мовы”, “Вучымся разам”, “Займальная беларуская мова”.

Педагог паспяхова займаецца з дзецьмі даследчай дзейнасцю, з’яўляецца кіраўніком навуковага таварыства. Дарэчы, і ў гэтай рабоце дапамагаюць інфармацыйныя тэхналогіі. Вынікі даследаванняў збіраюць у адзіны электронны рэсурс. Напрыклад, навучэнцы-даследчыкі вывучалі беларускія матывы ў творчасці вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”. Сабраны матэрыял стаў асновай для блога “Песняры: учора. Сёння. Заўтра”.

“Сяброўства” з інфармацыйнымі тэхналогіямі дапамагло хутка сарыентавацца ў  складаных эпідэміялагічных абставінах. Для навучэнцаў, якія з-за каранавіруса засталіся дома, настаўніца арганізавала дыстанцыйнае навучанне. Дзецям спадабалася. З вучнямі, якія рыхтаваліся да ЦТ, займалася па “Скайпе”. Дарэчы, традыцыйна многія навучэнцы класаў, дзе выкладае Святлана Юльянаўна, выбіраюць для здачы менавіта беларускую мову.

Настаўніца падкрэслівае, што камп’ютар толькі дапаўняе настаўніка, але не замяняе яго.Так, інфармацыйныя тэхналогіі — добрая падмога, але галоўнае — гэта асоба педагога і яго адносіны з дзецьмі. Святлана Юльянаўна лічыць, што нельга ставіць сябе вышэй за дзяцей, дэманстраваць, што настаўнік — эталон ведаў, нейкі недасягальны чалавек. Трэба працаваць разам з дзецьмі, ісці з імі поруч па шляху ведаў, каб яны адчувалі падтрымку.

 — Важны момант у маёй працы — стварыць узаемаадносіны з вучнямі, якія дазвалялі б дзецям паспяхова засвойваць веды і развівацца. Маё супрацоўніцтва з імі будуецца на адкрытасці, узаема­павазе і ўзаемаразуменні, — падкрэслівае настаўніца.

І дзеці гэта адчуваюць, ніколі не баяцца звярнуцца да педагога па дапамогу.

“Не саромся вучыцца ў сталым узросце: лепш навучыцца позна, чым ніколі” — гэтыя словы Эзопа любіць паўтараць Святлана Юльянаўна Шыбайла. І сама гэтым прынцыпам кіруецца ў жыцці і на рабоце. Яна заўсёды ў пошуку новых ведаў і ўменняў, якія можна было б прымяняць на карысць навучэнцаў.

Дар’я РЭВА.