Вялікая гісторыі спадчына

- 15:30Нам пішуць

20 снежня. Апошні месяц адыходзячага юбілейнага для піянерыі 2017 года. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска. Чуваць гукі горнаў, барабанаў, піянерскія песні. Дзеці перад сваімі старэйшымі таварышамі, ветэранамі піянерскага руху даюць урачыстае абяцанне быць вернымі звання піянера і з гонарам насіць піянерскі гальштук. На ўрачыстым піянерскім зборы “Вялікая гісторыі спадчына” ў рамках выязнога пасяджэння IX Пленума Цэнтральнага савета БРПА піянеры падвялі вынікі сваёй дзейнасці і ўзялі старт да новых піянерскіх вяршынь “Ад юбілею да юбілею”.

Заключным акордам у юбілейным годзе стала адкрыццё абноўленага музейнага пакоя “Гісторыі піянерскага руху”. 20 гадоў назад па ініцыятыве дырэктара Светлагорскага дома піянераў і школьнікаў кіраўніка клуба “Пошук” Галіны Мікалаеўны Астроўскай, былой старшай піянерважатай, быў сабраны і сістэматызаваны матэрыял: дакументы, фатаграфіі, успаміны, асабістыя рэчы тых, хто стаяў ля вытокаў піянерыі Светлагорскага раёна. Падрыхтаваны экскурсаводы. Так нарадзіўся музей піянерыі мінулых гадоў.

Пасля рэканструкцыі і пераўтварэння зноў расчыніліся яго дзверы для юных наведвальнікаў і ўсіх тых, хто жадае ўспомніць сваё дзяцінства. Сёння гэта сучасны музейны пакой, экспазіцыя якога складаецца з традыцыйных раздзелаў (“Этапы піянерскага шляху”, “Гісторыя піянерыі Светлагорскага раёна ў асобах”, “Піянерскія сімвалы і рытуалы”, “Піянеры-героі”), а таксама новых (“Піянерыя — усё маё жыццё”, прысвечанага жыццю Г.М.Астроўскай, і “Гісторыя працягваецца…”, пра жыццё піянерыі на сучасным этапе).

Праца музейнага пакоя арыентавана на дзіцячую і падлеткавую аўдыторыю. Як і некалькі гадоў назад, пакой з’яўляецца цэнтрам грамадзянскага і маральнага выхавання падрастаючага пакалення, цэнтрам далучэння да культурна-гістарычнай спадчыны Радзімы, духоўнай асновай фарміравання асобы сённяшніх дзяцей — заўтрашніх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Адначасова з традыцыйнымі формамі работы (экскурсіі, урокі мужнасці, “Падарожжы на машыне часу”, дапамога ў падрыхтоўцы паведамленняў, дакладаў, рэфератаў для навучэнцаў) з’явіліся новыя — квест-гульні. Цікавымі з’яўляюцца экскурсіі з выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій, спецыяльных праграм, якія дазваляюць “ажыўляць” фатаграфію.

Мэта нашых экскурсій — выхоўваць патрыёта і грамадзяніна, творчую асобу, фарміраваць гістарычную свядомасць і музейную культуру.

Лілія ХАРЛАН,
метадыст ЦТДіМ “Ювента” Светлагорска.