Вялікая яркая палітра

- 9:38Выхаванне, Выхаваўчая работа

Якая яна — ідэальная школьная субота? Які рэцэпт адпачынку абавязкова ацэняць школьнікі? Сваімі меркаваннямі мы прапанавалі падзяліцца дзецям, іх настаўнікам і бацькам.

Прапановы згодна з узростам

Мы прадаставілі слова тым людзям, якія добра разбіраюцца ў суботніх справах. Нашы сураз­моўнікі ведаюць, як заваяваць дзіцячую ўвагу. Яны пераможцы і прызёры рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня апошніх гадоў, таму іх аб’ядноўвае ўменне знаходзіць падыход да правядзення цікавых субот. Тут, па іх меркаванні, галоўнае — прапаноўваць мерапрыемствы згодна з узростам.  

Алена Раманаўна Міклаш, дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці:

“У раннім узросце дзеці лю­бяць актыўныя віды дзейнасці, любяць гуляць, спазнаваць новае, таму вернымі памочнікамі ў арганізацыі работы з малодшымі школьнікамі ў шосты школьны дзень стануць гульня-падарожжа, квест-гульня, гульня па станцыях. У сярэднім школьным узросце падлеткі пачынаюць лічыць сябе дарослымі, і ім трэба дазволіць гэта адчуваць. Тут на дапамогу прыйдуць сітуатыўныя гульні, гульні з мадэляваннем сітуацый. Выдатна, калі ў такіх мерапрыемствах прымаюць удзел запрошаныя дарослыя спартсмены (яны як ніхто мо­гуць данесці дзецям, напрыклад, паняцце матывацыі), бацькі (яны ўмеюць цікава расказаць пра сваю прафесію) і г.д. 

Пачынаючы з сярэдняга школьнага звяна лепш, калі дзіця не пасіўны ўдзельнік выхаваўчага суботняга мерапрыемства, а актыўны яго стваральнік і арганізатар. Добра, калі работа па падрыхтоўцы пачынаецца загадзя, калі дзецям даюцца заданні, размяркоўваюцца даручэнні. Такія простыя метады дапамогуць матываваць дзіця, падтрымаць цікавасць да будучага мерапрыемства, выведуць яго з зоны камфорту, а значыць, накіруюць на шлях развіцця.

Старшакласнікаў складаней уключыць у шосты школьны дзень, але таксама магчыма. Для іх будуць цікавымі прафарыентацыйныя мерапрыемствы, трэнінгі, накіраваныя на пазнанне сябе. Але, безумоўна, работа са старшакласнікамі патрабуе яшчэ большай падрыхтоўкі: калі проста звадзіць іх на прафарыентацыйную экскурсію, на другую яны ўжо наўрад ці пойдуць, а вось калі ў рамках прафарыентацыі яны змогуць паспрабаваць сябе ў ролі цырульніка, швачкі, кандытара — ім будзе цікава прыйсці яшчэ раз. Заняткі з элементамі трэнінгу павінны насіць сістэмны характар, арганізоўвацца ў малых групах. Калі педагог-псіхолаг знойдзе ключык да душы дзіцяці, ён не толькі дапаможа яму вырашыць унутраныя праблемы, але і расправіць крылы”.

Адпачнём ад “лічбы”

Калі паназіраць за тым, як мяняюцца праекты школьных субот, з кожным годам становіцца больш відавочны іх тэхналагічны ўхіл. Многія педагогі імкнуцца так атрымаць увагу да сваіх мерапрыемстваў у аматараў адпачынку за маніторам. Але тут трэба ведаць меру. Пра гэта папярэджвае настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова Юрый Аляксандравіч Базыкін, які неаднаразова быў пераможцам, а потым і членам журы конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня:

“Шосты школьны дзень — гэта вялікая і яркая палітра. Збірай дзяцей, педагог, бяры пэндзаль, і разам пішыце сваю карціну дзівосную, але толькі вашу! І няхай яна будзе праставатая, няхай пакуль няўмелай рукой. Важна зрабіць першы крок, а не ныць “я не ўмею”, “мяне такому не вучылі”. Дарогу адужае той, хто ідзе, і настаўнік павінен вучыцца. Настаўнікамі нас ро­біць не дыплом аб вышэйшай адукацыі, а самаразвіццё, здольнасць ісці наперад, быць актуальным, быць чалавекам. Працоўныя справы і дабрачыннасць, творчасць і фізічная культура, інтэлектуаль­ныя праекты і края­знаўства, ту­рызм і сямейныя мерапрыемствы — выбар вялікі! 

Галіна Гузоўская:
“Нельга школьныя мерапрыемствы, а тым больш патрыятычныя, праводзіць дзеля птушачкі, дзеля таго толькі, каб упісаць у свае планы іх прыгожыя назвы. Калі няма шчырасці, жывых вачэй педагога і настаўніка, нічога не атрымаецца”.

Адно насцярожвае — “лічба”. Бескантрольнае, безлімітнае захапленне ёй. Не хацелася б адда­ваць лічбе і школьную суботу. А яна ўжо забіта пад завязку хэштэгамі, віртуальнымі праектамі і вечарынамі каля манітораў. Я не веру ў довады тыпу “трэба ісці ў нагу з часам”, таму што бачу, куды мы прыйшлі (а можа, упалі?). Не ўсе шырокія дарогі вядуць у патрэбным кірунку — гэта маё асабістае меркаванне. Зусім нядаўна мы з дзецьмі напісалі і паставілі п’есу “Каштанавы лес”. Маленькая гісторыя аднаго класа, гісторыя цэлага пакалення… Яна пра дзяцей каштанавага лесу, якія хо­чуць жыць у любові, а не ў чаце. П’еса пра тое, як ім цяжка сярод аднагодкаў, як цяжка тым, хто не хоча “ісці ў нагу з часам”. 

Субота — гэта дзень, праве­дзены ярка і з карысцю, цікава і пазнавальна, творча і актыўна. Субота — гэта пошук сябе, гэта адключаны смартфон. Гэта калі дзеці, настаўнікі, сем’і — усе ра­зам. Такой я бачу школьную суботу — адну на ўсіх”.

З гордасцю за роднае

Апошнім часам асаблівую актуальнасць набывае патрыя­тычны акцэнт школьных мерапрыемстваў. Тут педагогам трэба ўмець спалучыць выхаваўчы складнік з цікавымі для дзяцей формамі мерапрыемстваў. У сярэдняй школе № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска стараюцца сумяшчаць розныя актыўнасці з адной мэтай — пака­заць дзецям, наколькі ўнікальная ў нас краіна, якія цікавыя ў нас традыцыі, якія людзі тут жы­вуць і г.д. І галоўнымі маячкамі тут сталі ўдзельнікі 5 груп навучэнцаў: экскурсаводы, бібліятэкары, журналісты, спецыялісты па сувязях з грамадскасцю і этнографы. Яны актыўнічаюць у школе ў межах праекта “Ролевая мадэль арганізацыі шостага школьнага дня “Дзеці роднай Беларусі”.

Галіна Мікалаеўна Гузоў­ская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска: “Нельга школьныя мерапрыемствы, а тым больш патрыятычныя, праводзіць дзеля птушачкі, дзеля таго толькі, каб упісаць у свае планы іх прыгожыя назвы. Калі няма шчырасці, жывых вачэй педагога і настаўніка, нічога не атрымаецца. У нас невялікая школа, усяго 400 чалавек. Усе нацэлены на супрацоўніцтва, на партнёрства. І ў гэтым наша адметнасць. Бацькі нашых навучэнцаў таксама дапамагаюць, разіваюць сваіх дзяцей. Ужо ідучы ў першы клас, тыя ведаюць, што такое музеі, тэатры, кінатэатры, бо не раз там былі. А далей мы на гэты духоўны фундамент нанізваем свае “цаглінкі”, пашыраючы веды дзяцей пра нашу краіну, пра яе славутасці і вялікіх людзей”.

Дзецям галоўнае — мець выбар

Чаго хочуць дзеці? Гэтае пытанне педагог павінен задаваць ім у самым пачатку. І планаваць любы праект, любыя актыўнасці трэба зыходзячы з адказаў. Гэтае пытанне задалі і мы.

Вікторыя Фалей, дзевяцікласніца Палачанскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці: “Шосты дзень павінен улічваць інтарэсы кожнага дзіцяці, каб мы, дзеці, змаглі выбіраць тое, што нам цікава. Я, напрыклад, з усіх суботніх мерапрыемстваў звычайна выбіраю музычныя і экалагічныя. І, як па мне, суботу нельга право­дзіць у класе, за партамі — трэба абавязкова выходзіць са школы. Таму мяне зацікавіў і не адпускае наш праект “Зялёныя маршруты Маладзечаншчыны”.

Я ўбачыла на свае вочы шмат прыродаахоўных аб’ектаў, але кожны раз адкрываю для сябе новыя, нешта новае пра свой родны край. Нават самы яркі аповед настаўніка ў класе, самая дасканалая яго прэзентацыя не заме­ніць гэтых адкрыццяў. Напрыклад, у нашым раёне расце самы стары вяз у Беларусі. І калі б нам расказалі, што яму больш за 300 гадоў і што ён вельмі вялікі, гэта было б не тое. А калі мы самі, стоячы знізу, не маглі ўбачыць яго вяршыню (з якой, дарэчы, можна было б у бачыць не толькі Маладзечна, але і Смаргонь), калі, узяўшыся за рукі з 7 аднакласнікамі, ледз­ь змаг­лі абхапіць яго камель — гэта ўражвае і не забываецца. Як не забываецца і смак вады з крыніцы Максіма Багдановіча, від на нашы мясцовыя горы і інш. Ды і сам па сабе паход, ночы ў палатках, ранак пад спеў птушак, ежа на кастры, згуртаванасць — гэта цікава. І нават ногі не баляць, калі ты праходзіш па 20 кіламетраў за выхадныя”.

Алена Шлапік:
“Любое мерапрыемства павінна быць цікавым, пазнавальным і абавязкова сучасным — з розным абсталяваннем, з выкарыстаннем новых тэхналогій”.

Старшакласнікі, як правіла, не ўпускаюць магчымасць паглыбіцца ў сваю будучую прафесію, асабліва калі побач сапраўдныя прафесіяналы. Напрыклад, у Падсолтаўскай сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна (Магілёўская вобласць) старшакласнікі асвойваюць прафесію пчаляра пад кіраўніцтвам свайго педагога Аляксандра Міхайлавіча Арцёмава, які мае 4-ы кваліфікацыйны разрад па гэтай спецыяльнасці. Навучэнцы Велікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці чака­юць суботы, каб прыбегчы ў школьны сад, дзе асвойваюць справу садавода з падтрымкай Віктара Мікалаевіча Шышова, прафесійнага агранома і настаўніка біялогіі, хіміі і сельскагаспадарчай працы. У школьнікаў Ліды ёсць магчымасць прыме­раць на сябе прафесію ветэрынара ў межах праекта “ЗааДоктар”, які сумесна рэалізуюць Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і края­знаўства і ветэрынарны цэнтр “Кот Бегемот”.

Калі бацькі — аднадумцы

Шосты школьны дзень — гэта ўнікальная магчымасць і для педагогаў, і для бацькоў змяніць свой прывычны статус і самім хоць ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства. Адклаўшы журналы і пад­ручнікі, педагогі разам з дзецьмі ўжываюцца ў сцэнічныя ролі, іграюць на гітары каля вогнішча, таты, радуючыся магчымасці вырвацца з офіса, дэманструюць свае турыстычныя, а мамы — артыстычныя, арганізатарскія здольнасці. Нішто так не аб’ядноўвае дзяцей і дарослых, як сумесны адпачынак. Менавіта гэта добра разумеюць у сярэдняй школе № 12 Гродна, дзе бацькі такія ж частыя наведвальнікі школы па суботах, як і дзеці. 

Алена Шлапік, мама чацвёртакласніцы Дар’і: 

“Мая дачка — актыўная ўдзель­ніца школьнага жыцця, таму і мама падключана да яго па поўнай праграме. У школе вельмі развіты экалагічны кірунак. Мы, бацькі, прымалі ўдзел у экамарафоне “Чыстая справа” па ўборцы лесу. У яго межах прымалі ўдзел у майстар-класах па вырабе сувеніраў з другаснай сыравіны, рабілі свае (мы з Дашай рабілі падстаўку пад ручкі і алоўкі). Уменне пашыць з падручных матэрыялаў калекцыі адзення дэманстравалі на шоу-подыуме “Сэканд-Арт”. Прымалі ўдзел у экамайстэрні, дзе вучыліся эканоміць электра­энергію дома, прымалі ўдзел у LED-шоу (я дапамагала Дашы ставіць яе танец). У нас у школе працу­юць і “зялёнае” фае, і зялёныя майстэрні, ладзяцца майстар-класы ў экацэнтрах, сямейныя эка-ўік-энды і велаквесты, выставы і інш. Крыху пазней у нас плануецца свята мікрараёна “Экасуседзі” з фрымаркетам, майстар-класамі, конкурсамі, чэленджамі і інш.

Алена Міклаш: 
“Для таго каб шосты школьны дзень сапраўды выхоўваў, ён павінен быць правільна прадуманым і лёгкім. А гэтая лёгкасць залежыць ад выбраных форм і метадаў работы, ад атмасферы ў кабінеце і манеры зносін з дзецьмі”.

Мы з Дашай стараемся не прапускаць ніводнае мерыпрыемства і літаральна кожную суботу ў школе (а Даша яшчэ і вечарамі ў будныя дні). Выключэнне толькі, калі мы некуды збіраемся ехаць. Калі бацькі не бываюць у школе — значыць, ім проста не цікава тое, што цікава іх дзіцяці. Калі мая дачка гарыць жаданнем прыняць у нечым удзел, то я абавязана ёй дапамагчы — яна ж яшчэ не ўсё можа сама. І калі дзіця бачыць побач маму, яе падтрымку, у яго з’яўляецца жаданне не­шта рабіць, быць актыўным. Цікава дзіцяці — цікава і сям’і. Я раю ўсім баць­кам жыць разам з дзіцем. Калі вы падзяляеце яго інтарэсы сёння, то некалі і ваша дзіця бу­дзе цікавіцца вашым жыццём, быць вам падтрымкай. Гэта такая пераклічка поглядаў дзяцей і бацькоў”.

У бараўлянскай сярэдняй школе № 3 Мінскага раёна па суботах дзеці ідуць у школу не толькі з мамамі, але і з татамі. Тут паспяхова рэалізуецца рэспубліканскі праект “Тата-зала”, мэта якога зблізіць маладых татаў са сваімі дзецьмі, навучыць іх з карысцю для сябе і здароўя праводзіць час разам, а ў выніку — максімальна аб’яд­наць сем’і. У рамках праекта маладыя таты, якія пражываюць або працуюць у Мінскім раёне, могуць увахо­дзіць у клуб і бясплатна атрымліваць увесь спектр паслуг, якія прадстаўляюцца спартыўнай базай школы, па суботах займацца ў спартыўных і трэнажорных залах школы. Узначальвае клуб і распрацоўвае спецыяльныя праграмы трэніровак пяціразовы чэмпіён свету па гіравым спорце, майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Ігар Сігневіч.

Юрый Базыкін: 
“Шосты школьны дзень — гэта вялікая і яркая палітра. Збірай дзяцей, педагог, бяры пэндзаль, і разам пішыце сваю карціну дзівосную, але толькі вашу! І няхай яна будзе праставатая, няхай пакуль няўмелай рукой. Важна зрабіць першы крок, а не ныць “я не ўмею”, “мяне такому не вучылі”. Дарогу адужае той, хто ідзе, і настаўнік павінен вучыцца.

А для мам з дзецьмі працуе “Мама-зала”, які ўзначаліў чэмпіён свету па гандболе, майстар спорту міжнароднага класа Максім Няхайчык. Часта ў госці да дзяцей прыязджаюць знакамітыя спартсмены, яны дзеляцца вопытам і падказваюць, як дасяг­нуць поспеху. Адзін з самых вялікіх сяброў школы — вядомы баксёр Магамед Нурудзінаў. Ён часта праводзіць тут агульную размінку, расцяжку і вучыць некаторым элементам бокса. Вынікі такога супрацоўніцтва з прафесійнымі спартсменамі пераацаніць цяжка. Ды і лепшай матывацыі, чым іх уласны прыклад, не прыдумаеш. 

Таму, паважаныя педагогі, прыдумвайце свае цікавыя суботы, дабаўляючы і міксуючы свае ўласныя ідэі! Фантазіруйце, спрабуйце, эксперыментуйце. З дзецьмі і для дзяцей!

Святлана НІКІФАРАВА.