Аб традыцыйных і новых кірунках развіцця сталічнай адукацыі расказвае ў інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Н.В.ПРАСКУРАВА.
— Наталля Варленаўна, хутка спаўняецца год, як вы ўзначалілі адукацыю нашай сталіцы. Раскажыце, калі ласка, пра сябе: як да новага назначэння складваўся ваш жыццёвы і працоўны шлях?
— У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама я працую са снежня 2020 года. Раней займала пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, дзе курыравала пытанні адукацыі, ідэалогіі, сацыяльнай абароны, культуры, маладзёжнай палітыкі, фізічнай культуры, спорту і турызму, а таксама медыцыны. З сістэмай адукацыі знаёма не па чутках. Я дачка ваеннага і настаўніцы рускай мовы. Яшчэ ў дзяцінстве вырашыла стаць педагогам, як мама. Скончыла ВНУ і вярнулася ў сваю родную 94-ю мінскую школу, але ўжо ў новай якасці. Спачатку працавала піянерважатай, потым педагогам-арганізатарам, завучам па выхаваўчай рабоце. З вучнямі лёгка знаходзіла агульную мову. Яны мне давяралі. У 1997 годзе ўтварыўся Беларускі патрыятычны саюз моладзі, і я была выбрана першым сакратаром райкама маладзёжнай арганізацыі Першамайскага раёна Мінска. Пачыналі з нуля. Разбурыць старое прасцей, чым пабудаваць нешта новае. Таму работы хапала. Але аб выбары не пашкадавала. За гэты перыяд даведалася для сябе многа новага і многаму навучылася.
— Мы сустракаемся з вамі ў пачатку новага навучальнага года. Хацелася б даведацца, як прайшло камплектаванне сеткі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай адукацыі?
— Перавага прафесійна-тэхнічнай адукацыі відавочна для той часткі нашай моладзі, якая хоча паспрабаваць сябе ў рэальным сектары. Большасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сталіцы ажыццяўляюць падрыхтоўку па некалькіх прафесіях, што дае магчымасць навучэнцу атрымаць некалькі кваліфікацый і, адпаведна, дазваляе быць больш канкурэнтаздольным на рынку працы. У гэтым годзе практычна трэцяя частка ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі аднавіла прыём дакументаў па раней закрытых кваліфікацыях або адкрыла новыя. Лідарамі па папулярнасці сярод нашай моладзі сталі прафесіі сферы бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання, страхавой справы, агента па абслугоўванні аўтамабільных перавозак, слесара па рамонце аўтамабіляў, вадзіцеля катэгорыі “С”. Высокі конкурс быў па спецыяльнасці “Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр’ераў”. Традыцыйна вялікім попытам у абітурыентаў карыстаюцца прафесіі ў сферы аўтасэрвісу, электрамантажных работ, радыётэхнікі. Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі дае не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя ўменні. У выпускнікоў адкрываецца шырокі спектр працаўладкавання: дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы, уласны бізнес. Нашы выпускнікі запатрабаваны ў будаўнічых і праектных арганізацыях, камунальных службах і гаспадарках. У гэтым годзе на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі планавалася прыняць 4356 чалавек.
Змен у парадку камплектавання устаноў дашкольнай адукацыі не было. Як і ў папярэднія гады, сёлета выдача накіраванняў ажыццяўлялася з улікам норм напаўняльнасці груп і ў адпаведнасці са спісам дзяцей, якія маюць патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі. Спіс адлюстроўвае чарговасць пастаноўкі дзяцей на ўлік. Трэба адзначыць, што камплектаванне груп установы дашкольнай адукацыі і перавод выхаванцаў з адной групы ў іншую ажыццяўляецца штогод перад пачаткам навучальнага года з улікам поўных гадоў дзіцяці на 1 верасня. Сёлета было прынята больш за 217 тысяч дзяцей. Прыём дзяцей ва ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку ў першы клас, вызначаны адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі. Прыём ажыццяўляецца ў першую чаргу з замацаванага за ўстановай адукацыі мікрараёна і ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму, якія штогод устанаўліваюцца заснавальнікам установы адукацыі. У гэтым навучальным годзе сталі першакласнікамі 24 259 юных мінчан.
Выпускнікі педагагічных класаў — гэта асаблівая катэгорыя. Менавіта яны многія пытанні разглядаюць адначасова і з пазіцыі вучня, і з пазіцыі будучага педагога. Увогуле, асаблівасць педпрофілю заключаецца ў тым, што школа адначасова з’яўляецца і заказчыкам, і выканаўцам свайго ж заказу.
— Які стан спраў у аснашчэнні вучэбна-матэрыяльнай базы навучальных устаноў? Ці былі ўведзены новыя аб’екты?
— У бягучым годзе ўведзена ў эксплуатацыю адна ўстанова дашкольнай адукацыі на 230 месцаў у Фрунзенскім раёне (мікрараён Масюкоўшчына-5) і 2 установы агульнай сярэдняй адукацыі — школа № 224 у Ленінскім раёне на 1020 месцаў, школа № 225 у Першамайскім раёне на 750 месцаў.
У канцы года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўстанову дашкольнай адукацыі на 230 месцаў у мікрараёне Мінск-Мір Кастрычніцкага раёна Мінска. Акрамя таго, праведзена рэканструкцыя будынка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з кругласутачным знаходжаннем дзяцей для далейшага размяшчэння ў ім кадэцкага вучылішча, рэканструкцыя школы № 39 пад Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ранак”. У адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай Мінска, было праведзена праектаванне і выконваюцца будаўніча-мантажныя работы па рэканструкцыі 9 школьных стадыёнаў. Да пачатку навучальнага года завершаны будаўніча-мантажныя работы на стадыёнах школ у Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах. У рамках падрыхтоўкі да 2021/2022 навучальнага года ў 18 установах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска выкананы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця бегавых дарожак, баскетбольных і валейбольных пляцовак, гумовых пакрыццяў спартыўных пляцовак, адрамантаваны 4 хакейныя каробкі, праведзена замена складовых частак антывандальных спартыўных комплексаў. На падрыхтоўку фізкультурна-спартыўных збудаванняў, набыццё спартыўнага інвентару і абсталявання затрачана больш за 1 400,00 тысяч рублёў.
Усяго на выкананне рамонтных работ ва ўстановах адукацыі з бюджэту Мінска ў 2021 годзе выдзелена 71,9 млн рублёў, у тым ліку на капітальны рамонт — 41,1 млн рублёў; на бягучы рамонт — 30,8 млн рублёў.
У 2021 годзе ў пералік аб’ектаў, якія падлягаюць капітальнаму рамонту, уключана 60 устаноў адукацыі, 35 з якіх падлягаюць уводу ў эксплуатацыю ў 2021 годзе, па 25 аб’ектах вядзецца праектаванне з выкананнем будаўніча-мантажных работ у 2022—2023 гадах.
Пасля капітальнага рамонту будынкаў з 1 верасня 2021 года пачалі функцыянаваць 9 устаноў адукацыі. У час рамонту выконваліся работы па замене ліфтаў, мадэрнізацыі пажарнай сігналізацыі, устройства сістэм гарачага водазабеспячэння, сістэм відэаназірання.
У час бягучага рамонту выконваліся работы па рамонце дахаў, фасадаў, замене аконных блокаў, санвузлоў, вентыляцыйных сістэм, унутраных і знешніх інжынерных сетак, аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, харчаблокаў, агароджаў, спартзалаў і плоскасных збудаванняў. Праведзеныя работы дазволілі забяспечыць належны тэхнічны, санітарна-гігіенічны і супрацьпажарны стан устаноў адукацыі.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі. У адпаведнасці з планавымі асігнаваннямі, закуплена 348 адзінак гандлёва-тэхналагічнага, халадзільнага і дапаможнага абсталявання на суму больш за 920 тысяч рублёў. На правядзенне работ па бягучым рамонце харчаблокаў устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Мінска накіравана 535 тысяч рублёў.

— Калі закрануць зместавае напаўненне сталічнай адукацыі, то якое месца займае профільнае навучанне? Як развіваецца педагагічны профіль?
— Значная ўвага ў Мінску ўдзяляецца арганізацыі профільнага навучання. У гэтым навучальным годзе адкрыта 429 10-х класаў з колькасцю больш за 10 тысяч чалавек. У працэнтных суадносінах профільныя класы складуць 60% ад агульнай колькасці 10-х класаў. Перавага колькасці профільных класаў сведчыць пра тое, што на III ступені навучэнцы накіраваны на працяг атрымання адукацыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі і вызначыліся з выбарам будучай прафесійнай дзейнасці. Найбольш запатрабавана ў навучэнцаў спалучэнне прадметаў “Матэматыка” і “Фізіка”, “Матэматыка” і “Замежная мова”, “Руская мова” і “Замежная мова”, “Хімія” і “Біялогія”. Такое размеркаванне паўтарае тэндэнцыі выбару прадметаў пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць профільныя класы і групы прафесійнай накіраванасці, у тым ліку педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай. Навучэнцы, якія вучацца ў профільных класах прафесійнай накіраванасці, у рамках вучэбных гадзін вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні і абавязкова асвойваюць вучэбную праграму факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці, зацверджаную Міністэрствам адукацыі. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ў горадзе педагагічная прафілізацыя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца сістэмна і мэтанакіравана. Колькасць класаў (груп) педагагічнай накіраванасці і колькасць вучняў у класах педагагічнага профілю штогод павялічваецца. Немагчыма пераацаніць найважнейшы сацыяльны эфект педагагічнай прафілізацыі ў школе. Гаворка ідзе пра развіццё камунікатыўных навыкаў эмацыянальнага інтэлекту, здольнасці працаваць у камандзе, будаваць і падтрымліваць канструктыўныя міжасобасныя адносіны, мінімізаваць канфліктныя сітуацыі. Акрамя таго, педагагічная прафілізацыя дазваляе стварыць умовы для паглыбленага самапазнання: выяўлення сваіх здольнасцей, схільнасцей, інтарэсаў. Створаныя ўмовы профільнага навучання дазваляюць вучню ў поўнай меры разабрацца ў сабе і, як вынік, вызначыцца ў выбары будучай прафесіі. Выпускнікі педагагічных класаў — гэта асаблівая катэгорыя. Менавіта яны многія пытанні разглядаюць адначасова і з пазіцыі вучня, і з пазіцыі будучага педагога. Увогуле, асаблівасць педпрофілю заключаецца ў тым, што школа адначасова з’яўляецца і заказчыкам, і выканаўцам свайго ж заказу.
У рабоце з навучэнцамі запланаваны мерапрыемствы як з традыцыйным падыходам, так і з новым. Сярод іх — дэкады прафесійнага самавызначэння, сустрэчы з пераможцамі конкурсаў прафесійнага майстэрства, прадстаўнікамі педагагічных дынастый, бліцінтэрв’ю, эсэ, флэш-мобы і многае іншае. У мінулым годзе ў 22 установах адукацыі ў рамках профільнага навучання функцыянавалі 44 класы педагагічнай накіраванасці. У гэтым годзе будзе функцыянаваць больш за 60 10—11 педагагічных класаў.
— Якая роля ў выхаваўчай рабоце будзе адводзіцца кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні? Што будзе ўваходзіць у яго абавязкі?
— У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі № 146, пасада “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні” ўводзіцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (за выключэннем пачатковых, вячэрніх, дапаможных школ, спецыялізаваных ліцэяў) пры наяўнасці ад 50 да 350 навучэнцаў — 0,5 штатнай адзінкі, 351 і больш вучняў — 1 штатная адзінка. Штатная стаўка таксама будзе адкрыта ў кадэцкіх вучылішчах, міжшкольных цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі пры наяўнасці 201 вучня (менш — 0,5 стаўкі). Службовыя абавязкі і кваліфікацыйныя патрабаванні кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ўключаны ў 28-ы выпуск Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, занятых у адукацыі. На працягу першага навучальнага паўгоддзя для работнікаў гэтай катэгорыі пройдуць семінары, курсы перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і інстытутах развіцця адукацыі. Такі спецыяліст будзе каардынаваць пытанні, якія тычацца арганізацыі дапрызыўнай падрыхтоўкі з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (у тым ліку ўзаемадзеянне з камандзірамі вайсковых часцей, падраздзяленняў, начальнікамі ваенных факультэтаў (ваенных кафедраў) устаноў вышэйшай адукацыі і інш.). З мэтай павышэння прэстыжу ваеннай службы сярод навучэнскай моладзі будзе ажыццяўляцца супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Узброеных Сіл, ваенных факультэтаў (ваенных кафедраў) устаноў вышэйшай адукацыі па арганізацыі правядзення вучэбна-палявых збораў з навучэнцамі, аздараўленчых лагераў ваенна-патрыятычнага і абаронна-спартыўнага профілю. У рамках пазакласных і выхаваўчых мерапрыемстваў такім работнікам будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка юнакоў і дзяўчат для ўдзелу ў рэспубліканскіх і гарадскіх ваенна-патрыятычных спаборніцтвах, мерапрыемствах (“Зарніца”, “Арляня”, зорныя паходы, пошукавыя экспедыцыі па месцах баявой славы і інш.). Да гэтых спецыялістаў прад’яўляюцца кваліфікацыйныя патрабаванні, у ліку асноўных — вышэйшая адукацыя, якая адпавядае педагагічнай дзейнасці, вопыт ваеннай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.
— Нядаўна ў Міністэрстве адукацыі было праведзена пасяджэнне калегіі па тэме стварэння рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Сталіца мае ў гэтым вялікі вопыт і, па сутнасці, з’яўляецца флагманам лічбавізацыі адукацыйнай галіны.
— Лічбавізацыя сталічнай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Лічбавае развіццё Беларусі” на 2021—2025 гады і накіравана на ўкараненне лічбавых тэхналогій у адукацыйны працэс і сістэму кіравання адукацыяй. Лічбавізацыя — гэта фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы ў адукацыйнай галіне, развіццё электронных сэрвісаў і аналітычных інструментаў для арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У сістэме адукацыі горада наладжана аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі даных “Адкрытая платформа “Адукацыя” і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма “Менеджмент сістэмы адукацыі”. Гэтыя сістэмы забяспечваюць доступ да даных з любога камп’ютара, падключага да інтэрнэту, дазваляюць працаваць з гарадской статыстыкай у рэжыме рэальнага часу, аператыўна ствараць неабходныя справаздачы, аналізаваць дзейнасць устаноў адукацыі і прымаць неабходныя кіраўніцкія рашэнні. Сістэмы прадастаўляюць магчымасць атрымання даных аб установе адукацыi па розных модулях. Раскажу пра некаторыя. Так, напрыклад, модуль “Сістэма адукацыі” змяшчае агульную інфармацыю аб усіх установах сістэмы адукацыі, якая можа быць запатрабавана карыстальнікам у выглядзе каталога ўстаноў, спіса ўстаноў, іх карты, як па ўсёй краіне, так і па горадзе або раёне. Модуль “Установа” ўтрымлівае даныя пра рэквізіты ўстановы адукацыі, стан матэрыяльна-тэхнічнай базы і інфармацыйнага асяроддзя гэтай установы адукацыі. У модулі “Персоны” знаходзяцца асабістыя карткі супрацоўнікаў з данымі аб кваліфікацыйнай катэгорыі, нагрузцы, стажы, павышэнні кваліфікацыі, узроўні адукацыі, атрыманых узнагародах. Выкарыстанне такіх звестак дазваляе фарміраваць статыстыку аб педагогах, якія маюць патрэбу ў павышэнні кваліфікацыі ў бягучым перыядзе, аналізаваць склад супрацоўнікаў у разрэзе кваліфікацыйных катэгорый, наяўнасці адпаведнай адукацыі і прымаць рашэнні аб накіраванні на перападрыхтоўку, стажыроўку, павышэнне кваліфікацыі, вучэбныя курсы і г.д. Таксама ў гэтым модулі захоўваюцца асабістыя карткі навучэнцаў з адлюстраваннем асноўнай інфармацыі, звестак аб сацыяльных умовах пражывання, стане здароўя, вучэбных і спартыўных дасягненнях. Модуль “Адукацыйны працэс” дазваляе фарміраваць статыстычную справаздачнасць аб адукацыйным працэсе ў разрэзе “навучэнец — клас — установа адукацыі”; “навучэнец — прадмет — зводная па ўсіх прадметах” і г.д. Ён таксама фарміруе статыстыку па пропусках заняткаў навучэнцаў, і на аснове гэтых даных на ўзроўні ўстановы адукацыі прымаюцца рашэнні аб індывідуальнай траекторыі работы з канкрэтным навучэнцам.
Прыкладам комплекснай лічбавізацыі працэсаў у сістэме адукацыі з’яўляецца праект “Электронная школа”, рэалізацыя якога ва ўстановах адукацыі горада ажыццяўляецца з 2013 года па двух напрамках: укараненне анлайн-сэрвісу “Электронны журнал / Электронны дзённік” і электроннага дакумента “Карта навучэнца”. Анлайн-сэрвіс “Электронны журнал / Электронны дзённік” прызначаны для апрацоўкі і прадастаўлення ў зручным электронным выглядзе інфармацыі аб паспяховасці вучняў, дазваляе ў электронным выглядзе весці індывідуальны ўлік вынікаў асваення навучэнцамі адукацыйных праграм, а таксама захоўваць у архівах даныя аб гэтых выніках. Электронныя дакументы (журнал, дзённік) выглядаюць падобнымі на папяровыя прататыпы, але з улікам магчымасцей інтэрнэт-сэрвісу. Установа адукацыі атрымлівае вэб-інструмент, які дазваляе арганізаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне бацькоў, педагогаў, навучэнцаў, сфарміраваць індывідуальную адукацыйную траекторыю праз аўтарызаваны доступ да сэрвісу. Цяпер анлайн-сэрвіс “Электронны журнал / Электронны дзённік” выкарыстоўваецца ў 230 установах агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы, што складае 93,9% усіх устаноў адукацыі.
Электронны дакумент “Карта навучэнца” рэалізуе некалькі функцый: карта-пропуск (уваход ва ўстанову адукацыі, рэгістрацыя ў камп’ютарным класе), карта — чытацкі білет (аўтаматызацыя работы ў школьнай бібліятэцы), карта — праязны дакумент (падстава для прадастаўлення льготы на праезд, аналаг папяровай даведкі), карта — плацежны сродак (безнаяўная аплата гарачага харчавання і буфетнай прадукцыі ў сталовай установы адукацыі). Выкарыстанне ўсіх магчымасцей “Карты навучэнца” дазваляе абмежаваць доступ у будынак установы адукацыі старонніх асоб, весці маніторынг наведвальнасці заняткаў; пашырыць спектр выкарыстання пластыкавых картак, павялічыць долю безнаяўных разлікаў; выканаць інвентарызацыю бібліятэчнага фонду ўстановы адукацыі; замяніць папяровую даведку вучня для праезду ў гарадскім грамадскім транспарце сучаснай пластыкавай картай. На сёння ў праекце па ўкараненні “Карты навучэнца” ўдзельнічаюць 184 установы агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.
— Якую ролю ў развіцці інфармацыйных тэхналогій вы адводзіце рэсурсным цэнтрам, створаным на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі?
— Ужо амаль 10 гадоў у горадзе створана і функцыянуе сетка рэсурсных цэнтраў, асноўнай мэтай дзейнасці якіх з’яўляецца распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту. Сёння на базе ўстаноў адукацыі Мінска функцыянуюць 128 рэсурсных цэнтраў, якія маюць розныя кірункі. Сярод іх — па кіраўніцкай дзейнасці (12), прадметнай накіраванасці (65), па выхаваўчай рабоце (33), міжнародным супрацоўніцтве і грамадска-гуманітарнай накіраванасці, комплекснай падтрымцы адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця (4), інфармацыйных тэхналогіях (12). Штогод ажыццяўляецца ацэнка паказчыкаў эфектыўнасці дзейнасці цэнтраў за бягучы навучальны год у адпаведнасці з крытэрыямі на падставе самаацэнкі, узаемаацэнкі і ацэнкі каардынатара кожнага з напрамкаў дзейнасці рэсурсных цэнтраў. Пасля правядзення ацэньвання падводзіцца рэйтынг рэсурсных цэнтраў па напрамках дзейнасці, які разглядаецца на пасяджэнні каардынацыйнага савета па сеткавым метадычным узаемадзеянні.
Напрыклад, гаворачы пра рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій, паводле рэйтынгу эфектыўнасці дзейнасці, цэнтры імкліва развіваюцца, удасканальваецца інфраструктура ўстаноў адукацыі, расце ІКТ-кампетэнтнасць педагогаў, ім аказваецца разнапланавая дапамога ў засваенні розных тэхналогій у галіне інфарматызацыі адукацыі. З мэтай рэалізацыі перспектыў у сферы лічбавізацыі ў адукацыйным працэсе рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій штогод папаўняюць матэрыяльна-тэхнічную базу сучаснымі тэхнічнымі і мабільнымі прыладамі, праграмным забеспячэннем. Сярод іх — акуляры віртуальнай рэальнасці, інтэрактыўныя панэлі, вэб-камеры і іншыя. У большай меры педагагічныя работнікі рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій павышаюць узровень ІКТ-кампетэнтнасці за кошт праходжання павышэння кваліфікацыі, удзелу ў навукова-практычных канферэнцыях, ІТ-мерапрыемствах на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Дзякуючы такому навучанню і самападрыхтоўцы, педагогі цэнтраў вядуць адукацыйныя блогі, ствараюць сайты, умела інтэгруюць магчымасці сэрвісаў Web 2.0 і Web 3.0. (Wizer, Learnis, LearningApps, Quizizz, Kahoot, Google Form і іншыя) у вучэбныя заняткі, выкарыстоўваюць гарадскую сістэму дыстанцыйнага навучання (https://do.minsk.edu.by), платформы для відэа-канферэнц-сувязі Zoom, IVA MCU для арганізацыі адукацыйнага працэсу з навучэнцамі, якія адсутнічаюць на вучэбных занятках. Яшчэ адным важным аспектам дзейнасці рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій з’яўляецца трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту, якая ажыццяўляецца ў сеткавым узаемадзеянні з супрацоўнікамі цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, іншымі ўстановамі адукацыі праз правядзенне ІТ-мерапрыемстваў рознага ўзроўню, арганізацыю конкурснага руху ў сферы лічбавізацыі, правядзенне пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў па інфарматызацыі, у тым ліку з выкарыстаннем гарадской сістэмы дыстанцыйнага навучання, сэрвісаў воблачнай відэа-канферэнц-сувязі IVA MCU, Zoom, Peregovorka.by. Для пашырэння трансляцыі педагагічнага вопыту ў сферы выкарыстання ІКТ рэсурсныя цэнтры пастаянна папаўняюць інфармацыяй старонкі на афіцыйных сайтах сваіх устаноў адукацыі і метадычныя блогі. На гэтых рэсурсах у дастатковай ступені асветлены пытанні функцыянавання рэсурснага цэнтра, своечасова размяшчаецца дакументацыя, анонс і аналіз метадычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на базе РЦІТ, асвятляецца работа ІТ-лабараторый і раённага метадычнага аб’яднання па інфарматызацыі, а таксама адукацыйныя праекты, у якіх удзельнічае гэты цэнтр. Акрамя таго, дзейнасць рэсурсных цэнтраў асвятляецца ў Даведніку рэсурсных цэнтраў у раздзеле “Адукацыя горада / Рэсурсныя цэнтры” сайта камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Там размешчаны прэзентацыйныя матэрыялы аб дзейнасці ўстаноў адукацыі і спасылкі на неабходную інфармацыю па рэсурсных цэнтрах.
З мэтай своечасовага адкрытага інфармавання педагагічных работнікаў аб запланаваных мерапрыемствах РЦІТ на сайце цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, а таксама на блогах гэтых цэнтраў створаны электронныя календары, куды ўносяцца мерапрыемствы гарадскога і раённага ўзроўняў, якія праводзяцца РЦІТ згодна з дадаткам 1 штогадовага плана бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Мінска. Такім чынам, дзейнасць рэсурсных цэнтраў у сеткавым узаемадзеянні дазваляе выбудаваць гнуткую мабільную сістэму метадычнай падтрымкі, павысіць прафесійныя і лічбавыя кампетэнцыі педагогаў як непасрэдна самога рэсурснага цэнтра, так і іншых устаноў адукацыі горада, спрыяе трансляцыі эфектыўнага педагагічнага вопыту па выкарыстанні педагагічных і лічбавых тэхналогій у практыцы работы ўстаноў адукацыі.
Дзейнасць рэсурсных цэнтраў у сеткавым узаемадзеянні дазваляе выбудаваць гнуткую мабільную сістэму метадычнай падтрымкі, павысіць прафесійныя і лічбавыя кампетэнцыі педагогаў як непасрэдна самога рэсурснага цэнтра, так і іншых устаноў адукацыі горада, спрыяе трансляцыі эфектыўнага педагагічнага вопыту па выкарыстанні педагагічных і лічбавых тэхналогій у практыцы работы ўстаноў адукацыі.
— Заслугоўваюць увагі і рэсурсныя цэнтры іншай накіраванасці.
— Безумоўна, так. Дзейнасць такіх цэнтраў даволі паспяховая і эфектыўная. Па выніках кожнага навучальнага года мы вызначаем лідараў. Напрыклад, лепшымі сярод рэсурсных цэнтраў грамадска-гуманітарнай накіраванасці ў мінулым навучальным годзе сталі гімназія № 15 (1-е месца), гімназія № 1 імя Ф.Скарыны (2-е месца), гімназія № 22 (3-е месца). Адметна, што гэтыя ўстановы адукацыі маюць рэсурсныя цэнтры па некалькіх напрамках дзейнасці. Заслугоўвае ўвагі дзейнасць рэсурснага цэнтра па гісторыі і грамадазнаўстве гімназіі № 15. Настаўнікі В.М.Капанева і Т.В.Зенава распрацавалі матэрыялы для eior па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі, 9 клас”. Хацелася б адзначыць работу і рэсурснага цэнтра па рускай мове гімназіі № 22 Мінска. На базе цэнтра настаўнік-метадыст Г.М.Чэпелева праводзіць творчую майстэрню для настаўнікаў горада, якія працуюць у класах з павышаным узроўнем вывучэння рускай мовы. Яна распрацавала матэрыялы для eior па вучэбным прадмеце “Руская мова, 5 клас”. На базе 30 устаноў адукацыі працуюць гарадскія рэсурсныя цэнтры па выхаваўчай рабоце. У гэтым годзе быў адкрыты яшчэ адзін — пакуль адзіны ў нашай краіне — гарадскі рэсурсны цэнтр па медыяцыі. Цэнтр адкрыты на базе сталічнай гімназіі № 17. Яго асноўная задача — акумуляваць лепшыя практыкі арганізацыі работы школьных службаў медыяцыі, распрацоўваць зразумелы для педагагічнай грамадскасці інструментарый па вырашэнні канфліктаў у адукацыйным асяроддзі. На базе цэнтра будуць праводзіцца раённыя і гарадскія мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў, а таксама мерапрыемствы па навучанні законных прадстаўнікоў вырашэнню канфліктаў у сям’і. Хочацца сказаць і яшчэ аб адным рэсурсным цэнтры, які адкрыты на базе сярэдняй школы № 202 Мінска. Дзейнасць гэтага цэнтра накіравана на павышэнне ведаў замяшчальных бацькоў. На сайце рэсурснага цэнтра адкрыты анлайн-факультэт “7-Я”, асноўная задача якога — арганізацыя нефармальнай адукацыі для апекуноў, прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў. Гэта своеасаблівая платформа для абмену інфармацыяй і самаадукацыі названай катэгорыі законных прадстаўнікоў. Гэты ўнікальны вопыт быў прадстаўлены на секцыі сёлетняга Рэспубліканскага педагагічнага савета і атрымаў станоўчы водгук ад Міністэрства адукацыі і прадстаўнікоў адукацыі рэгіёнаў нашай краіны.
— Своеасаблівым індыкатарам прафесійнай і асобаснай гатоўнасці педагогаў да рэалізацыі сучасных падыходаў з’яўляецца ўдзел у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці.
— У сярэднім каля 60% педагогаў устаноў адукацыі Мінска прымаюць удзел у рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Прывяду некаторыя прыклады. Рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця электронных сэрвісаў для павышэння якасці прадастаўлення адукацыйных паслуг ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых” рэалізуецца на пляцоўках Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў перыяд 2018—2022 гг. У рамках рэалізацыі праекта плануецца апрабацыя функцыянавання мадэлі, якая складаецца з трох блокаў: аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, электронны інтэрактыўны модуль вучэбна-праграмнай дакументацыі, анлайн-сэрвіс “Электронны журнал вучэбных заняткаў адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі”.
Першы блок мадэлі — інфармацыйны рэсурс “Павышэнне кваліфікацыі” (http://pk.edu.by) — дазваляе правесці загрузку плана бесперапыннай прафесійнай адукацыі інстытута развіцця адукацыі на каляндарны год, ажыццяўляць выбарку тэматык павышэння кваліфікацыі па катэгорыі слухачоў, па перыядах навучання і г.д., тым самым дае магчымасць фарміраваць электронны кірунак педагогаў на павышэнне кваліфікацыі.
Другі і трэці блокі ў рамках рэалізацыі заяўленай мадэлі ўяўляюць сабой наступнае: фарміраванне электроннага інтэрактыўнага модуля для аўтаматызацыі працэсу фарміравання вучэбнай праграмы, вучэбна-тэматычнага плана, генерацыі раскладу вучэбных заняткаў у рамках павышэння кваліфікацыі, што дазваляе стварыць аснову для пераходу на сістэму электроннага дакументаабароту ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых. У якасці платформ для апрабацыі і ўкаранення электроннага журнала вучэбных заняткаў выкарыстоўваецца ўласная распрацоўка нашага інстытута — праграмны комплекс “Электронны інстытут развіцця адукацыі” (лакальная анлайн-сістэма інстытута http://server.org), якая зыходзіць з асаблівасцей і патрэбнасцей афармлення вучэбна-праграмнай дакументацыі інстытута.
Незвычайны праект рэалізаваны па тэме “Апрабацыя мадэлі цьютарскага суправаджэння адукацыйнага працэсу ва ўмовах Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”. Адукацыйны працэс для навучэнцаў цэнтра праходзіў у новай форме. Замест звычайных урокаў навучэнцы знаёміліся з вучэбным матэрыялам і выконвалі заданні ў адпаведнасці з індывідуальным планам пад кіраўніцтвам педагога-цьютара. Вучням былі прадастаўлены вучэбныя матэрыялы, відэаўрокі, інтэрнэт-крыніцы, а таксама матэрыялы блога “Лідар. Школа”. Для ажыццяўлення зваротнай сувязі з настаўнікамі ўстаноў адукацыі, з якіх прыбылі дзеці, распрацавана Google-форма, спасылка на якую накіроўваецца ва ўстановы. Такая мадэль арганізацыі адукацыйнага працэсу атрымала станоўчыя водгукі і можа выкарыстоўвацца таксама ў арганізацыях аховы здароўя, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях, пры навучанні дома, знаходжанні дзяцей на спартыўных і інтэлектуальных зборах.
Наперадзе ў нас шмат іншых планаў, творчых задум, новых ідэй, якія мы абавязкова выканаем дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагагічнай грамадскасці сталіцы.
Інтэрв’ю падрыхтавала
Ала КЛЮЙКО.