Вяртаюць дзяцінства

- 10:54World Skills

Мінскі гарадскі педагагічны каледж, які ўзначальвае Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая, кандыдат педагагічных навук, з’яўляецца ініцыятарам адкрыцця новай кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя” на сёлетнім чэмпіянаце і флагманам у развіцці кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”.

У мінулым конкурсе ў гэтай кампетэнцыі перамагла навучэнка 2 курса каледжа Аляксандра Пагасай. На сёлетнім чэмпіянаце ад Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа выступалі Кацярына Падабед, кампетэнцыя “Дашкольная адукацыя” (выпускніца каледжа, уладальніца дыплома з адзнакай), Вікторыя Дабрагост, кампетэнцыя “Пачатковая адукацыя” (навучэнка 3 курса).

За час спаборніцтва ў кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” навучэнцы дэманстравалі прафесійныя навыкі па трох модулях. У першы конкурсны дзень удзельнікі паказалі прафесійныя ўменні па модулях А і С: правялі інтэграваныя заняткі па маўленчым развіцці (выразнае чытанне) з падгрупай дзяцей з уключэннем дыдактычнай гульні на ІКТ-абсталяванні, арганізавалі нерэгламентаваную дзейнасць выхавальніка з дзецьмі дашкольнага ўзросту (з элементамі фізкультурна-аздараўленчай работы). У другі дзень з прымяненнем інтэрнэту канкурсанты падрыхтавалі інтэграваныя заняткі па пазнавальным развіцці (віртуальная экскурсія) і робататэхніцы, прэзентавалі сумесны праект выхавальніка, дзяцей і бацькоў з прымяненнем ІКТ для выступлення на бацькоўскім сходзе.

Каманды прайшлі кампетэнтнасны адбор на рэгіянальным этапе і сталі ўдзельнікамі спаборнітцва на рэспубліканскім узроўні. На пляцоўцы “Дашкольная адукацыя” выступілі Ганна Сакалова (Пінскі каледж Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна), Настасся Ісаковіч (Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрова), Яніна Уткіна (Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага), Аляксандра Прусакова (Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы), Кацярына Падабед (Мінскі гарадскі педагагічны каледж), Элана Мурашка (Сацыяльна-гуманітарны каледж Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова), Зінаіда Казлова (Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа).

— Для мяне прафесія выхавальніка — гэта стан душы, — паведаміла Кацярына Падабед. — Я маю рэдкую магчымасць — працаваць у пару дзяцінства. Гэта дзейнасць унікальная, і прыносіць мне радасць. А значыць, я раблю свет больш добрым і шчаслівым. Конкурс WorldSkills для мяне стаў стартавай пляцоўкай у прафесійным самаразвіцці і самаўдасканаленні. Гэта, з аднаго боку, складана і адказна, але з другога — вельмі цікава. Я педагог сучаснага грамадства. Мне важна ісці ў нагу з часам і быць на крок наперадзе. Гэта дэвіз Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Гэта і мой дэвіз.

Важна адзначыць, што К.А.Пят­руцкая ініцыіравала правядзенне міні-чэмпіянатаў па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. І ўдзельнікі, і эксперты адточвалі ўменні і майстэрства на базах педагагічных каледжаў Мінска, Нясвіжа, Полацка. Сваім вопытам падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу падзяліліся эксперты Гомельскага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі.

Ініцыятарам увядзення і распрацоўкі конкурснай дакументацыі кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя” стаў Мінскі гарадскі педагагічны каледж. Рэгіянальны этап дазволіў вызначыць лепшых з лепшых. І сёння на конкурснай пляцоўцы мы маглі бачыць Хрысціну Селюжыцкую з Пінскага каледжа Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Юлію Лук’яненка з Горацкага педагагічнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Ганну Лаўрову з Ваўкавыскага педагагічнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Вераніку Гунькову з Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, Вікторыю Дабрагост з Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, Настассю Асташэвіч з Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, Караліну Петракову з Аршанскага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

У першы дзень канкурсанты выступалі ў модулі С “Узаемадзеянне з удзельнікамі адукацыйнага працэсу”, распрацоўвалі правядзенне інтэрактыўнага мерапрыемства. Модуль В “Агульнапрафесійнае развіццё” прадугледжваў распрацоўку персанальнага сайта настаўніка.

У другі дзень былі прадстаўлены конкурсныя заданні па модулі В “Агульнапрафесійнае развіццё”. Заданне тычылася распрацоўкі і правядзення фрагмента вучэбных заняткаў (этапы падрыхтоўкі і вывучэння новага матэрыялу) на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі па адным з вучэбных прадметаў з выкарыстаннем інтэрактыўнага абсталявання і арганізацыі віртуальнай экскурсіі. Па модулі А “Агульнакультурнае развіццё” адбылася самапрэзентацыя з элементамі творчасці.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.