Вясёлае развітанне

- 16:44Нам пішуць

У апошнія выхадныя лютага, мяркую, і ў самым вялікім горадзе, і ў самай маленькай вёсачцы людзі весела развітваліся з зімою. Старажытнае свята Масленіца папулярна і сёння. Відаць, мы пачынаем сумаваць па цёплым вясновым сонейку, таму провады зімы — сапраўдная радасць. А магчыма, з-за таго, што з гэтым святам звязана мноства вясёлых забаў. З нецярпеннем чакалі пачатку Масленіцы вучні Зэльвенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната.

З прывітальным словам вядучыя звярнуліся да прысутных і расказалі пра кожны дзень масленічнага тыдня, а пасля запрасілі ўсіх паўдзельнічаць у масленічных забавах. Якое ж свята без гульняў? “Бывай, валёнак!”,“Трапны стралок”, “Хто каго?”, “Сталбаходы” прыйшліся даспадобы кожнаму. Песні,танцы, карагоды… Мы вельмі стараліся парадаваць вясну. А зіма быццам назнарок пасылала нам развітальнае прывітанне — пранізлівы, калючы вецер, часам са снегам. Не спужаліся мы. Падтрымала народная мудрасць: “Хто ўмее весяліцца, той гора не баіцца”. Цяплей рабілася і ад сяброўскіх усмешак. Кульмінацыя Масленіцы — урачыстае спальванне пудзіла зімы. А разам з ім спальвалі нягоды, перажыванні, негатыў. Вясну сустрэлі блінамі — галоўным пачастунак на Масленіцу, якія вельмі падобны да сонца.

Задавальненне, яркія і незабыўныя ўражанні, а таксама цёплыя сонечныя промні ў той халодны дзень — узнагарода за весялосць, за спрыт і пашану да духоўнай спадчыны.

Ірына ШАЛЯСТОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага літаратурнага аб’яднання.