Ці можа вясёлка з’явіцца ў сакавіку? Жыхары аграгарадка Прылукі, што пад Мінскам, адкажуць на гэтае пытанне станоўча, бо днямі тут адкрыўся новы дзіцячы сад, які так і называецца — “Вясёлка”. І радуе ўстанова мясцовых жыхароў не менш, чым аднайменная прыродная з’ява, бо патрэбу ў садзе адчувалі многія.
— Дашкольная адукацыя вельмі запатрабавана бацькамі. Дзіця ў дашкольнай установе атрымлівае паўнавартаснае развіццё і выхаванне, якія яму неабходныя для навучання на наступных этапах. Кіраўніцтва Міншчыны штогод накіроўвае значныя сродкі для таго, каб будаваць новыя дзіцячыя сады. З 2011 года ў вобласці з улікам новага сада ў Прылуках пабудавана ўжо 15 і ўведзена ў эксплуатацыю з дапамогай рэарганізацыі і перапрафілявання 9 дашкольных устаноў. У Мінскім раёне за гэты перыяд створана 880 месцаў для дашкольнікаў, — паведаміла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак.
Новы дзіцячы сад у Прылуках — прыклад паспяховага дзяржаўна-прыватнага ўзаемадзеяння. Дашкольная ўстанова была пабудавана прыватным інвестарам — ТАА “МайКлассКом” і перададзена Мінскаму райвыканкаму.
У “Вясёлцы” пачалі функцыянаваць 8 груп, установа разлічана на 150 выхаванцаў. Тут ёсць фізкультурная зала, медыцынскі блок, кабінеты настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага, метадычны кабінет. У кожнай групе прадугледжваецца работа рэсурснага цэнтра па розных кірунках дзейнасці. Харчаблок абсталяваны сучаснай тэхнікай, на спартыўных пляцоўках — яркае гульнявое абсталяванне і прагумаванае пакрыццё для бяспечных прагулак на свежым паветры.
Адметна, што за аснову будаўнікі ўзялі нетыповы праект. Усе групы сада аб’яднаны паміж сабой пераходамі, што дазволіць педагогам цесна супрацоўнічаць. Усе выхады з груп вядуць у адзіную прасторную залу, дзе будуць сустракацца, знаёміцца і ўзаемадзейнічаць бацькі і выхаванцы розных груп.
З’яўленне “Вясёлкі” парадавала маленькіх і дарослых.
— Мы вельмі чакалі адкрыцця сада. Вазіць дзіця даводзілася ў дзіцячы сад у Мінску, потым у суседні пасёлак. Гэта было нязручна, — расказвае маці чатырохгадовай дзяўчынкі Машы Таццяна Капуста. — Новы сад прыемна ўразіў, спадабаўся і будынак, і выхавальнікі. Маша ходзіць сюды ўжо некалькі дзён, і відавочна, што ёй падабаецца: дачка сама прачынаецца раніцай і просіць завесці яе ў сад.
Выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак пачалі 24 педагогі, якія гатовы агарнуць дзяцей дабрынёй і клопатам, каб усе яны ішлі ў дашкольную ўстанову з такім жа настроем, як і Маша.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.