Вясёлка дабрыні

Для многіх краін стала традыцыйным святкаванне 13 лістапада Сусветнага дня дабрыні. Гэтае свята — яшчэ адна нагода нагадаць людзям, што рабіць дабро зусім нескладана, а вынік у добрых спраў і ўчынкаў каласальны.

Да гэтага дня і ў рамках раённай кансультацыйна-адукацыйнай акцыі “Мой выбар — жыць з пазітывам” спецыялісты сацыяльнай псіхолага-педагагічнай службы сярэдняй школы № 2 Камянца Брэсцкай вобласці правялі тэматычныя перапынкі. Педагог-псіхолаг школы Л.А.Сцепанюк прапанавала дзецям бяспройгрышную латарэю “Падары ўсмешку сябру”. А латарэя сапраўды была бяспройгрышнай, бо кожны квіток прапаноўваў зрабіць ці сказаць прыемнае тым, хто знаходзіцца побач. Напрыклад, павітацца ілбамі, каленкамі, локцікамі, абняць ці сказаць прыемныя словы аднакласнікам або настаўнікам. Сацыяльны педагог В.М.Баранчук чакала навучэнцаў на станцыі “Жамчужыны думкі”. Тут патрабавалася растлумачыць сэнс таго ці іншага выказвання пра дабрыню, сяброўства, чалавечыя адносіны. Акрамя гэтага, навучэнцы ахвотна разгадалі крыжаванку “Дружба” і прынялі ўдзел у танцавальным флэшмобе.

А затым у 5—11 класах прайшлі тэматычныя класныя гадзіны “Вясёлка жыцця”, дзе класныя кіраўнікі пастараліся навучыць выхаванцаў заўважаць яркія фарбы ў жыцці, звярнуць іх увагу на тое, што бязвыхадных сітуацый не бывае. Педагог-псіхолаг правяла трэнінгавыя заняткі ў 10 “А” класе “Жыве на свеце шчасце…”, псіхолаг Ж.К.Калянковіч правяла групавыя заняткі для навучэнцаў 9 “В” класа “Твой жыццёвы выбар”, а навучэнцы 11 “В” класа сустрэліся з праваслаўным святаром — іерэем Свята-Сімяонаўскай царквы айцом Валерыем. Тут у форме адкрытага дыялогу абмяркоўваліся пытанні маральнасці, дабрыні, любові і павагі.

У гэты дзень мы пастараліся звярнуць увагу школьнікаў на тое, што наша жыццё насычана рознымі падзеямі і шмат што залежыць ад нашага стаўлення да той ці іншай сітуацыі. Гэта так проста — усміхнуцца сустрэчнаму, абняць бацькоў ці сябра, зрабіць камплімент сяброўцы ці даросламу, патэлефанаваць сябрам і сказаць ім, якія яны выдатныя, накарміць кацяня або шчаня… І гэты спіс можна працягваць доўга. Усё гэта зойме мала часу і намаганняў, але эфект будзе бясспрэчны, бо з кожным такім учынкам некаму становіцца лепш, а значыць, лепш і нам самім. Важна памятаць, што такімі справамі — праяўленнямі спагадлівасці, сімпатыі, шчодрасці, прыязнасці, любові, высакароднасці ў адносінах да навакольных — мы самі дасягаем гармоніі і душэўнай раўнавагі. І, вядома, вельмі важна рабіць дабро кожны дзень, а не толькі ў Сусветны дзень дабрыні.

Вольга ШУРКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 2 Камянца Брэсцкай вобласці.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *