Сёння працягваем цыкл публікацый у рамках сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. І на гэты раз мы выправімся ў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю, каб пазнаёміцца з кіраўнікамі цэлага шэрага творчых калектываў гэтай установы адукацыі.
Гэтыя таленавітыя і апантаныя людзі могуць пахваліцца сваёй шматгадовай комплекснай работай па занятасці навучэнцаў у вольны час, і на апошнім Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” іх калектывы заслужана сталі пераможцамі. Ёсць і яшчэ адзін важны момант, характэрны для ўсёй сістэмы мастацкай самадзейнасці ў каледжы гандлю. Гэта ўзаемадзеянне, плённае супрацоўніцтва кіраўнікоў тутэйшых калектываў, гэткая абсалютна шчырая ўзаемападтрымка, якую яны самі свядома культывуюць у сваёй творчай дзейнасці. Спадзяюся, чытач зразумее, пра што ідзе гаворка, калі пачытае ніжэй змешчаныя тэксты…
А тым часам я ішоў у Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю. Міжволі прыгадалася старая добрая аповесць Івана Шамякіна “Гандлярка і паэт”. Памятаеце тую шчымлівую гісторыю кахання гандляркі з Камароўскага рынку, здавалася б, мяшчанкі да самага мозгу костак Вольгі Ляновіч і ўзнёслага паэта летуценнага рамантыка Алеся Гапанюка, якога тая выкупіла падчас Вялікай Айчыннай вайны з лагера для ваеннапалонных? Гісторыю пра тое, што ў жыцці любога чалавека, незалежна ад яго паходжання, умоў выхавання, адукацыі, прафесіі, якой ён займаецца, заўсёды ёсць прастора для духоўнага ўзвышэння і месца для подзвігу. А вось якраз нібыта народжаныя для подзвігу рамантыкі, якія любяць гэтак гучна разважаць пра гераізм, на самай справе нярэдка застаюцца героямі толькі на словах, не здольнымі на высокія ўчынкі. Як вядома з аповесці “Гандлярка і паэт”, Вольга, якой так і не змог напоўніцу даверыцца Алесь, — маўляў, гандлярка і мяшчанка, якая ніколі не чытала кніг, а думала ўвесь час толькі пра выгаду і грошы, ніколі не пранікнецца святой барацьбой з ворагам, — узрывае гранату, ад якой гіне сама разам з фашыстамі і паліцаем Друцькам. А Алесь застаецца няспраўджаным героем, героем толькі ў паэзіі…
Тая гісторыя, калі я ішоў у каледж гандлю, мне ўспомнілася інтуітыўна. Пагутарыўшы з кіраўнікамі творчых калектываў установы, я зразумеў, што інтуіцыя мяне не падвяла. Як высветлілася з гэтых гутарак, у каледжы гандлю ўдзяляецца вялікая ўвага не толькі ўласна гандлю, але і духоўнаму ды эстэтычнаму развіццю навучэнцаў. І хто яго ведае: можа быць, чарговы раз купляючы прадукты ці адзенне ў нейкай краме, мы нават не здагадваемся, што прадавец, “гандлярка”, якая нам адпускае гэтыя рэчы, па вечарах, у вольны ад працы час чытае разумныя кнігі, піша вершы, спявае ў хоры, малюе акварэлькі… І вытокі гэтых творчых памкненняў, гэтай душэўнай светлыні шукаць трэба менавіта ў гадах яе вучобы ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы гандлю.
Зрэшты, слова самім маім суразмоўцам.
Кіраўнік калектыву эстраднага танца Вольга Канстанцінаўна САВІЦКАЯ:
“У першую чаргу я шукаю разумныя вочкі, а не прыгожыя ножкі…”
* Калектыў эстраднага танца нашага каледжа каля 30 гадоў назад заснавалі мае педагогі — заслужаныя артысты Раіса і Мікалай Красоўскія, якія стварылі эстрадна-харэаграфічны калектыў “Чараўніцы”. Там я ў іх вучылася, і менавіта яны прывялі мяне сюды, у каледж, шмат гадоў мы супрацоўнічалі разам з Раісай Ермалаеўнай. А калі яе не стала, кіраўніцтва калектывам легла цалкам на мае плечы. Сёння я спрабую ўсяляк падтрымліваць тую школу і тыя традыцыі, якія далі мне Красоўскія. Нават многае з праграмы “Чараўніц” я спрабую перанесці сюды, у каледж, бо лічу пастаноўкі Красоўскіх лепшымі.* Мне вельмі падабаюцца ў нашым каледжы тыя ўмовы, якія ствараюцца для кіраўнікоў творчых калектываў і дзяцей дзеля іх развіцця. Трэба ж разумець, што да нас у калектывы часта прыходзяць дзеці, якія не маюць нават элементарнага разумення не тое што пра нейкія прафесійныя рэчы, звязаныя, у прыватнасці, з харэаграфіяй, але і ўвогуле пра творчасць як такую. Не сакрэт таксама і тое, што многія дзеці, якія прыходзяць да нас вучыцца, не надта паспяхова вучыліся ў сярэдняй школе. І яшчэ, як правіла, тут вучыцца шмат дзяцей з дастаткова складаных сем’яў, з няпоўных сем’яў. Гэта, як мы часта кажам з нашымі педагогамі, недалюбленыя дзеткі. І менавіта таму яны з такой радасцю, з такой адкрытасцю карыстаюцца магчымасцю тут раскрывацца: і ў вакальным жанры — дзякуючы кіраўніку вакальнай групы Галіне Міхайлаўне Мацяс, і ў інструментальным жанры — дзякуючы кіраўніку джаз-банда Івану Мікалаевічу Ляўкоўскаму, і ў харэаграфічным — разам са мной і з кіраўніком ансамбля народнага танца “Радасць” Дзіянай Антонаўнай Ярашэнка… І гэта вельмі радуе, калі бачыш, як дзеці раптам расцвітаюць. Ужо на другім і тым больш на трэцім курсе вучобы іх не пазнаць, параўноўваючы з тым, якімі яны былі, калі толькі-толькі прыйшлі сюды вучыцца. Гэта адлюстроўваецца не толькі на іх вонкавым абліччы і паводзінах, але нават і на вучобе. Тыя дзеці, якія займаюцца ў нашых калектывах, як правіла, і добра вучацца. Яны больш арганізаваныя, больш выхаваныя.
* Асабіста да мяне прыходзяць займацца толькі дзяўчынкі. Пры наборы на першым курсе я ў першую чаргу шукаю разумныя, зацікаўленыя вочкі — з агеньчыкам, з жывой іскаркай. Да такога прынцыпу — каб шукаць у першую чаргу не прыгожыя ножкі (хаця, безумоўна, і гэта важна), а разумныя вочкі, — я прыйшла не адразу. У самым пачатку сваёй педагагічнай кар’еры я старалася адбіраць дзяцей па здольнасцях, па іх прыродных даных. Але з уласнага вопыту зразумела, што гэта далёка не заўсёды спрацоўвае. Безумоўна, прасцей з падрыхтаванымі дзяўчатамі, якія займаліся гімнастыкай, удзельнічалі ў дзіцячых танцавальных калектывах. І такія ёсць у мяне. Я імі вельмі задаволена. Але справа ў тым, што многія цудоўна падрыхтаваныя дзяўчаты проста не хочуць ісці ў калектыў, бо ім гэтыя танцы надакучылі за папярэднія гады. І яны адкрыта заяўляюць: “Не хочам!” А вось тыя, хто не мае абсалютна ніякай падрыхтоўкі, каго бацькі не адвялі ў свой час ні ў танцавальны гурток, ні ў ансамбль, займаюцца з такім жаданнем, з такім запалам! Таму я і шукаю разумныя вочкі, а не прыгожыя ножкі. Дзяўчат з пагаслымі, абыякавымі да ўсяго вачыма, якую б цудоўную фігуру і харэаграфічную падрыхтоўку яны ні мелі, вельмі цяжка ўдаецца разбудзіць, тым больш вывесці на сцэну і раскрыць. Урэшце, ножкі мы заўсёды зможам прыкрыць, а вось вочкі… Іх не прыкрыеш.
* Я займаюся з імі класічным станком, развучваем рухі, працуем над вобразамі… Я гавару з імі пра прычоскі, культуру апранацца, нават пра мастацтва макіяжу, каб яны разумелі, што адна справа — макіяж на сцэне і зусім іншая — макіяж у жыцці. Кагосьці з дзяўчынак трэба тармазіць з іх макіяжам у 9 раніцы, а кагосьці трэба проста нанова вучыць фарбавацца. Выхаванне густу ва ўсім уваходзіць у нашы абавязкі.
* Наогул, даводзіцца вучыць нашых навучэнак вельмі многім рэчам. Нярэдка бывае, што дзіця іголку не ўмее ў руках трымаць. Вось і даводзіцца тады вучыць шыццю, акрамя ўсяго астатняга. Між іншым, ім гэта вельмі падабаецца. Вось зараз мы рабілі новыя касцюмы — практычна сваімі сіламі. Дзяўчаты самі плялі вянкі, самі бегалі-шукалі кветкі па горадзе. Гэтыя іх запал, жаданне, імкненне вельмі і вельмі радуюць…
* Што тычыцца нашага рэпертуару, гэта і гордасць, і праблема. Гордасць у тым, што ў нас ёсць напрацаваны за гады рэпертуар, які дзеці ведаюць і любяць. Тыя, хто прыходзіць у калектыў упершыню, бачаць фотаздымкі, глядзяць відэафільмы з танцамі нашых колішніх навучэнак. І просяць танцаваць тое ж самае. Але мы абмежаваны тым, што ўдзельнічаем у конкурсах, не можам нават самы любімы і складаны нумар паказваць з году ў год. І вось у гэтым якраз праблема. Напрыклад, дзецям вельмі падабаецца танцаваць “Балеро” Марыса Равеля, хоць гэта і вельмі складаны нумар. Але для таго, каб яго паставіць, трэба адкласці ўбок усе іншыя нумары. Дык а што ж тады мы прадставім на конкурс? З “Балеро” ж на конкурсе выступалі зусім нядаўна, і журы ў такім разе проста не зразумее мяне…
* Так званым стрыт-дэнсам — вулічнымі танцамі — я не займаюся. Мы развучваем класічны танец. Класічны не ў плане балетнага, а ў плане музыкі, рухаў, пастановак. Калі можна так сказаць, я са сваіх дзяўчат раблю прынцэс. І кажу ім пра гэта на самых першых занятках: “Я хачу зрабіць з вас прынцэс!”
* Сёння я ўжо не ўяўляю сваёй дзейнасці без супрацоўніцтва з іншымі творчымі калектывамі нашага каледжа. Мы актыўна ставім сумесныя нумары. І гэта вельмі падабаецца і кіраўнікам, і дзецям, і гледачам, калі вакальная кампазіцыя суправаджаецца прыгожай харэаграфічнай карцінкай. Так, разам з джаз-бандам Івана Мікалаевіча паставілі іспанскі нумар, разам з вакальным калектывам Галіны Міхайлаўны паставілі кампазіцыю “Сонца каласы”, з якой перамаглі на апошніх “АРТ-вакацыях”. Больш за тое, нашы дзеці нярэдка нават як бы перацякаюць з аднаго калектыву ў іншы. Напрыклад, у нумары “Сонца каласы” адна мая выхаванка, Ліза Ганчарова, не танцавала, а спявала. Ну, не магла ж яна раздвоіцца — танцаваць ды спяваць адначасова… А да ўсяго яна яшчэ і інструменталіст у Івана Мікалаевіча, музычную школу па домры закончыла. У нас ёсць нямала такіх унікальных дзяўчат, якія і спяваюць, і танцуюць, і на інструментах іграюць: Насця Бурава, Ксюша Алейнікава і многія іншыя.Увогуле, неяк асабліва апошнім часам у нас адбылося такое незвычайнае яднанне. Дзеці з розных калектываў сябруюць паміж сабой, дапамагаюць: у адным канцэрце дзяўчаты фарбуюць адна адну, заплятаюць, туфелькамі могуць абмяняцца, словам, выручаюць… Ехалі на фінал “АРТ-вакацый” у Маладзечна, дык нехта з народнікаў вянок забыўся ўзяць — за дзве гадзіны дарогі агульнымі намаганнямі сплялі! А нам, кіраўнікам калектываў, таксама вельмі цікава працаваць разам. Няма таго саперніцтва паміж калектывамі, якое было раней. Цяпер мы адзіная каманда.
* Тое, чым дзяўчаты займаюцца ў нас у рэпетыцыйнай зале і на сцэне, абавязкова спатрэбіцца ім і ў іх прафесійнай дзейнасці, бо прылавак для іх будзе ў дарослым жыцці своеасаблівай сцэнай, дзе яны будуць артыстамі, гаспадарамі сваёй тэрыторыі. І як яны тут, у калектыве, кантактуюць з гледачамі ў зале, даносяць да іх свае пазіцыі, свае вобразы, гэтак жа яны будуць паводзіць сябе і з пакупнікамі.
Кіраўнік ансамбля народнага танца “Радасць” Дзіяна Антонаўна ЯРАШЭНКА:
“Народны танец — гэта не абрад…”
* “Народны танец — гэта не абрад, // Даніна ён гісторыі народа, // Яго жыццё, жыцця каштоўны лад, // Яго дыханне і яго свабода…” Менавіта з такіх паэтычных радкоў мне хацелася б пачаць аповед пра наш калектыў, дзейнасць якога дапамагае нашым навучэнцам дакрануцца да спадчыны, адчуць яе непаўторнасць і хараство, пранікнуцца традыцыямі нашага народа. А слаўныя традыцыі самога калектыву заклалі заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Пятровіч Ямінскі і Дзіна Мікалаеўна Ямінская, якія былі нязменнымі кіраўнікамі ансамбля з моманту яго заснавання ў 1991 годзе і да 2009 года. Менавіта яны, выдатныя прафесіяналы, сапраўды вялікія творцы, на працягу многіх гадоў дапамагалі дзецям не проста навучыцца добра танцаваць, але і зразумець народны танец, адчуць яго душой і палюбіць усім сэрцам, а ў далейшым стаць не звычайнымі гандлёвымі работнікамі, а сапраўднымі творчымі людзьмі — і ў жыцці, і ў прафесіі. Гэта, я лічу, было і застаецца нашай звышзадачай — і маёй, і маіх калег. * Я кірую ансамблем з 2010 года, і за гэты час дзе толькі мы ні выступалі. Ні адно мерапрыемства ў каледжы не абыходзіцца без удзелу “Радасці”: канцэртныя праграмы да Дня настаўніка, Дня работнікаў гандлю, Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка, сустрэчы ганаровых гасцей, канцэрты на вечарах выпускнікоў… З задавальненнем праводзім сумесныя вечары з Рэспубліканскім домам ДТСААФ, Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь, Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Нас заўсёды рады вітаць у воінскіх падраздзяленнях Мінскага гарнізона, на базавых прадпрыемствах, на мерапрыемствах, арганізаваных Міністэрствам гандлю, — конкурсах прафесійнага майстэрства, сезонных кірмашах. Сваё мастацтва ансамбль традыцыйна дорыць фіналістам гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, наведвальнікам выставы “Кар’ера і адукацыя”, гасцям “Горада майстроў”. Гучныя апладысменты ў адрас нашых танцораў нязменна гучаць на пляцоўках Першамайскага раёна Мінска на канцэртах, прысвечаных Дню Незалежнасці, Дню Перамогі, святу горада, Дню міліцыі, Дню блакаднікаў Ленінграда. Выступленні перад удзельнікамі Парада Перамогі даюць магчымасць нашым навучэнцам адчуць сябе далучанымі да нашай вялікай гісторыі, да яе святынь. Ужо, бадай, роднай стала для нас пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі. А выступленні на конкурсах мастацкай самадзейнасці ў сістэме адукацыі — “АРТ-вакацыі”, “Юнацтва”, “Беларускі вянок” — прыносяць калектыву вядомасць не толькі на гарадскім, але і на рэспубліканскім узроўні. На працягу многіх гадоў “Радасць” становіцца лаўрэатам гэтых конкурсаў, адзначаецца дыпломамі за высокае прафесійнае майстэрства. Ёсць у нас дыплом і ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за ўдзел у фестывалі “Беларусь — мая песня”.
* Мы прымаем удзел у міжнародным праекце ў рамках дзейнасці клуба “Мы — дзеці Зямлі”. І, дарэчы, у нашым рэпертуары прысутнічаюць не толькі беларускія народныя танцы, але і танцы іншых народаў свету, што часта надае асаблівы каларыт нашым выступленням. Адно застаецца нязменным заўсёды — адухоўленыя твары нашых танцораў, іх танцавальны запал, іх ласкавыя ўсмешкі, іх поўная самааддача танцу і гледачу. Так, безумоўна, наша дзейнасць найперш накіравана на развіццё эстэтычнага густу навучэнцаў, раскрыццё іх творчых задаткаў. Але не менш важна і тое, што праз народны танец яны робяцца сапраўднымі патрыётамі роднай зямлі, дакранаюцца да тайн Сусвету…
Кіраўнік вакальнай групы Галіна Міхайлаўна МАЦЯС:
“Я не ўмею па-іншаму. Я іх люблю, і ўсё…”
* Паралельна з пасадай кіраўніка вакальнага калектыву ў каледжы я ўжо шмат гадоў кірую народным вакальным ансамблем ветэранаў “Памяць сэрца” (дарэчы, у 2014 годзе мы з гэтым калектывам атрымалі спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва). Памятаю, аднойчы, недзе ў 2005 годзе, пасля аднаго з канцэртаў ансамбля “Памяць сэрца” да мяне падышоў тагачасны дырэктар каледжа Леанід Буры і прапанаваў працу тут. Я з задавальненнем пагадзілася (і гэта пры тым, што ў той час я працавала яшчэ і галоўным хормайстрам Акадэмічнага ансамбля Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь), бо дзеці — гэта самая спрыяльная, самая раскошная глеба. Хаця і з ветэранамі мне таксама па-ранейшаму камфортна. Галоўнае і ў працы з дзецьмі, і ў працы з пажылымі людзьмі — знайсці ключ да іх душы, каб ты да іх душэўна ставіўся і каб яны цябе любілі і паважалі. І цяпер так атрымліваецца, што для мяне і навучэнцы каледжа — мае дзеці, і ветэраны — мае дзеці таксама. Я не ўмею па-іншаму. Я іх люблю, і ўсё. * Штогод у верасні, прыглядаючыся да першакурснікаў, патэнцыяльных удзельнікаў нашага калектыву, я ў першую чаргу звяртаю ўвагу на вакальныя даныя. Гэта ўсё-такі самае галоўнае — вакал. Па-другое, безумоўна, важнае значэнне мае выгляд маладога чалавека, каб на яго элементарна было прыемна глядзець. Дарэчы, я заўважаю, што ў таленавітых дзяцей і душа не сапсаваная, і, як правіла, яны прыгожыя знешне. Гэта як закон: што ўнутры чалавека, тое будзе ў вачах, у агульным яго выглядзе, у паводзінах і г.д. З другога боку, да мяне, калі я праводжу набор у калектыў, нярэдка прыходзяць непадрыхтаваныя дзеці, якія ніколі не спявалі, але гараць жаданнем навучыцца спяваць. Я бяру такіх, але заўсёды гляджу, ці ёсць рост. Напрыклад, у мінулым годзе ў нашай вакальнай групе спяваў Даніла Малічэнка — я нават не думала, што ён так распяецца. Але за год ён распеўся. Справа ў тым, што спачатку ён проста не чуў сябе, а я яго навучыла слухаць сябе, чуць свой унутраны голас. Часта музычны слых ёсць, але ён не развіты. У такім разе яго трэба проста развіваць. І тут вельмі важна мець жаданне.
* Многія юнакі і дзяўчаты прагнуць адразу трапіць на сцэну, але не ўсе разумеюць, што да сцэны трэба дарасці, а для гэтага неабходна скрупулёзна займацца, не прастуджвацца, не курыць… Насамрэч. Гэта вельмі жорсткія патрабаванні. Калі, напрыклад, малады чалавек курыць, у яго абавязкова будуць праблемы з галасавымі звязкамі, несумяшчальныя з вакальнымі спевамі.
* На сённяшні момант у студыі займаецца 26 навучэнцаў у 2 гуртках — вакальным і фальклорным. Але задачы ў вакалістаў адны і тыя ж — развіццё музычнага густу, музычных навыкаў, галасавых даных і, безумоўна, духоўнае і эстэтычнае выхаванне, тое, пра што хораша сказалі Вольга Канстанцінаўна Савіцкая і Дзіяна Антонаўна Ярашэнка. Сваім выхаванцам я таксама прывіваю культуру паводзін у грамадстве, культуру паводзін на сцэне, вучу асновам самавыяўлення, камунікабельнасці.
* Яшчэ вельмі важная рэч — разняволіць юнага чалавека. Сцэна ўсё-такі не любіць заціснутых, а вельмі часта ў такім узросце, у 15—16 гадоў, асабліва дзяўчынкі вельмі сарамлівыя. Дзяўчынка можа добра спяваць, але будзе стаяць гэтакім цвічком на сцэне, і гэтыя яе спевы тады ніяк не прагучаць… А як я іх разнявольваю? Вельмі проста. На занятках дэфіле ходзім, падчас чаго вучымся не толькі паходцы, але і правільнаму дыханню, уменню перамагчы хваляванне і г.д. Хаця я хачу сказаць, што ўсе гэтыя напрацоўкі сарыентаваны менавіта на канцэрты. Калі не будзе канцэртаў, то, як ты ў класе ні хадзі, нічога не атрымаецца. Дзякуй богу, канцэрты ёсць.
* Рэпертуар у нас разнастайны. Я вельмі люблю шматгалоссе, таму стараюся прывучаць дзяцей да гучання двух, трох, чатырох галасоў. Самі распісваем, самі аранжыруем. Для нас ніхто не піша. Мы знаходзім песню і апрацоўваем яе пад сваіх дзяцей: мяняем танальнасці, форму, дадаём нешта сваё… Тыя ж “Сонца каласы”, “Рэха жураўлінае”, “Гэта Беларусь мая”, “Рэчанька” — вось толькі некаторыя прыклады тых твораў, якія мы зрабілі менавіта пад сваіх навучэнцаў. І нашы дзеці, здаецца, прыстойна іх спяваюць. А трэба ж разумець, што, каб вырасціць артыста для шматгалосся, трэба не адзін год з ім працаваць. У любым выпадку, калі хлопец ці дзяўчына да каледжа спявалі недзе ў студыі, ён ці яна былі там салістамі. І навучыць іх так спяваць, каб яны не заглушалі адно аднаго, каб слухалі адно аднаго, каб вытрымлівалі агульную гармонію… Для гэтага трэба ўсё-такі папацець, папрацаваць. Зрэшты, усё гэта ў радасць, у задавальненне.
* Тыя ўзаемавыручка, узаемаразуменне і ўзаемадзеянне нашых творчых калектываў, пра якія казала Вольга Канстанцінаўна, не толькі заслуга нас як кіраўнікоў гэтых калектываў. Гэта яшчэ і пастаўленыя нам задачы. Калі задачы менавіта агульныя, мы і арыентуемся на агульную справу, робім яе сумеснымі намаганнямі. У нас вельмі цікавы чалавек дырэктар каледжа Наталля Мікалаеўна Ляўкевіч, якая заўсёды радуецца ўсяму новаму, неардынарнаму. А намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Раманаўна Грыневіч — гэта наогул такі вось стрыжань, вакол якога мы ўсе гуртуемся.
Кіраўнік джаз-банда Іван Мікалаевіч ЛЯЎКОЎСКІ:
“Творчасць пачынаецца з імправізацыі…”
* Так распарадзіўся лёс, што ў каледж гандлю я прыйшоў адразу пасля заканчэння кансерваторыі і вось ужо 23-і год тут працую, пра што ні кроплі не шкадую. За час маёй працы ў каледжы тут памянялася ажно 4 дырэктары, але нязменна спрыяльным заўсёды заставалася стаўленне кіраўніцтва да творчасці, да самадзейнасці. Мяне ж запрашалі, асабліва ў першыя гады ў каледжы, калі ўбачылі першыя вынікі нашай дзейнасці, і ў іншыя ўстановы адукацыі, абяцалі і зарплату большую, але вось менавіта дзякуючы стаўленню да творчасці, якое бачыў тут, я не мог прамяняць каледж гандлю ні на што іншае.
* У нас тут выдатная апаратура, набытая дзякуючы кіраўніцтву ўстановы. У адзін год апаратуры купілі ажно на 17 млн рублёў. Для нас набылі нямецкі мікшарны пульт “Дзінакорд”. А гучанне — гэта вельмі важны момант. Мы выступаем на розных пляцоўках, у тым ліку і ў іншых каледжах, і бачым, што далёка не ўсюды ёсць належная апаратура, таму ўжо прызвычаіліся браць на канцэрты сваю. * Выяўляць таленавітых дзяцей нам дапамагае штогадовы конкурс “Алё, мы шукаем таленты!”. На аснове вынікаў гэтага конкурсу і фарміруюцца вучэбныя групы па мастацкай самадзейнасці ў розных жанрах, творчыя калектывы. Хаця трэба прызнаць, што раней пасля сярэдніх школ у каледж ішло значна больш здольных юнакоў і дзяўчат. Да мяне тут існаваў хор у складзе 70 ці нават больш чалавек! А з маім калектывам мне даводзіцца, напэўна, сёння цяжэй, чым каму, бо музыка, якую мы спрабуем іграць у нашым джаз-бандзе, вельмі складаная, напісаная пад прафесіяналаў. І тым не менш я выдатна разумею, што дзяцей трэба захапіць, зацікавіць, каб ім, як і мне, усё гэта падабалася. На дапамогу прыходзіць тое, што называецца імправізацыяй. Мы бяром, напрыклад, нейкую п’есу, а фактычна толькі нейкі каркас гэтай п’есы. Дзеці збіраюцца і пачынаюць імправізаваць, кожны ўносіць штосьці сваё. І вось з гэтага якраз і пачынаецца ўласна творчасць, а ўжо з гэтай творчасці нараджаецца цікавасць да таго, чым мы займаемся ў джаз-бандзе.
* Безумоўна, усе ўдзельнікі джаз-банда маюць за сваімі плячыма вучобу ў музычных школах. Навучыць ігры на тым ці іншым інструменце з нуля за два з паловай гады проста немагчыма. У мяне штогод вар’іруецца склад. Напрыклад, у пэўныя гады былі цымбалісткі, віяланчэліст… У гэтым годзе ёсць добрая флейтыстка, скрыпачка, гітарыст, але заўсёды складаней за ўсё з ударнікам, таму што гэта вельмі складана — трымаць рытм. І навучыць гэтаму вельмі складана, тым больш што нават у музычных школах гэтаму практычна не вучаць. Былі часы, калі мы выступалі наогул без ударных інструментаў, ігралі пад запіс рытм-машынкі. Але гэта была мёртвая музыка… Аднойчы мы адмовіліся ад фанаграмы раз і назаўсёды.
* Мы іграем розныя рэчы, пераважна класіку ў стылі дыксіленд: Sing, sing, sing, Puttin’ on the Ritz і інш. Лічу, што класіка найлепш выхоўвае эстэтычны густ. Дарэчы, гісторыя нашага калектыву ведае прыклады, калі яго ўдзельнікі звязвалі сваё жыццё менавіта з музыкай. Напрыклад, цікавым чынам лёс склаўся ў нашага выпускніка Сяргея Грышкіна, які і ў джазе ўдзельнічаў, і спяваў хораша. Пасля заканчэння каледжа ён трапіў у ЦУМ, там таксама пачаў актыўна ўдзельнічаць у самадзейнасці, дзякуючы чаму, яго літаральна за год павысілі да намесніка загадчыка секцыі. Людзі 5—6 гадоў працуюць — і ніякага кар’ернага руху. А тут зусім маладога хлопца так павысілі за такі кароткі час! Але ў яго ўсё роўна не ляжала душа да гандлю. Цяпер вось паступіў у Інстытут сучасных ведаў на кампазіцыю, фактычна на тую ж імправізацыю, якой мы займаемся ў джаз-бандзе.
* У нас вучыцца шмат таленавітых дзяцей, таленавітых, як ужо казалі тут мае калегі, ва ўсім. І няма большай радасці за тую, калі бачыш удзячнасць гледачоў на канцэртах, калі атрымліваеш заслужаныя ўзнагароды на фестывалях і конкурсах. Памятаю адзін з фіналаў “АРТ-вакацый”. Тады дырэктарам каледжа працаваў Уладзімір Гапоненка. І вось вядучыя аб’яўляюць пераможцаў: назвалі лаўрэатаў ІІІ ступені, потым — ІІ ступені, ужо нібыта і дыпломы заканчваюцца, а каледж гандлю так ні разу і не прагучаў. Мы ўжо разгубіліся зусім, нават няёмка перад дырэктарам, які таксама прыйшоў на канцэрт. І тут пачынаецца: “Дыпломам І ступені ўзнагароджваецца такі і такі калектыў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю, дыпломам І ступені ўзнагароджваецца такі і такі калектыў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю…” І так шмат разоў. І ўжо вядучы гаворыць толькі першую частку фразы: “Дыпломам І ступені ўзнагароджваецца калектыў…” А ўся зала заканчвае хорам: “Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю!” Гэта былі незабыўныя адчуванні.
“На працягу ўжо не аднаго дзесяцігоддзя ў нашым каледжы рэалізоўваецца праект “Развіццё творчага патэнцыялу асобы праз дзейнасць маладзёжнага творчага цэнтра “Вясёлка талентаў”. Нефармальны слоган дзейнасці цэнтра — “Праз прыгажосць і творчасць — да асобы і прафесіяналізму”. Гэты цэнтр аб’ядноўвае не толькі творчыя калектывы, якія сталі пераможцамі “АРТ-вакацый”, але і гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці (саломка, прыродны дызайн і інш.), тэатральнага профілю і г.д. А чаму мы звязваем у адно асобу і прафесіяналізм? Таму што ў той прафесіі, якую абралі нашы навучэнцы, немагчыма быць паўнацэнным прафесіяналам не будучы асобай — яркай, творчай, артыстычнай. Чалавекам, які ўмее кантактаваць з людзьмі, знайсці падыход да людзей, прыгожа прарэкламаваць тавар і заахвоціць такім чынам пакупнікоў да шопінгу. І вось менавіта ўсе гэтыя творчыя якасці асобы і фарміруюцца ў працэсе заняткаў нашых навучэнцаў у разнастайных гуртках і калектывах, падчас насычанай канцэртнай дзейнасці.
Акрамя таго, творчыя калектывы каледжа адыгрываюць вялікую ролю ў нашай прафарыентацыйнай рабоце. Навучэнцы сярэдніх школ бачаць, што ў нашай установе адукацыі ёсць магчымасць развівацца творча, з задавальненнем паступаюць у каледж, запісваюцца ў калектывы і з радасцю займаюцца мастацтвам.
А выхаваўчае значэнне гэтых заняткаў проста цяжка пераацаніць. Толькі адзін паказальны прыклад. У нас вучыцца адна дзяўчынка. Калі яна паступіла ў каледж, гэта быў, мякка кажучы, праблемны падлетак: нелюдзімы, змрочны, агрэсіўны. Але літаральна за нейкія паўгода вучобы ў каледжы, пахадзіўшы ў адзін з нашых калектываў, яна змянілася проста на вачах. Цяпер яна адна з самых актыўных і добразычлівых навучэнак каледжа. Можна сказаць, што менавіта ўдзел у мастацкай самадзейнасці не даў ёй спатыкнуцца ў жыцці”.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота з архіва Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю.