“ВЯСЁЛКАвы” настрой звычайнага тыдня

- 14:39Навіны рэгіёнаў

“Зробім зіму яркай!” — вырашылі вучні і настаўнікі пачатковых класаў Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна і пад такім дэвізам арганізавалі і правялі “ВЯСЁЛКАвы тыдзень” пачатковых класаў. Сем дзён яркіх уражанняў, цікавых і пазнавальных сустрэч, напружанай, творчай працы праляцелі непрыкметна.

Малодшыя школьнікі мелі магчымасць прадэманстраваць свае літаратурныя здольнасці і чытацкі густ, наведаўшы кніжны кірмаш і прыняўшы ўдзел у анлайн-галасаванні на сайце ўстановы, у “Дзень кнігі”. Развіццю творчых здольнасцей, прывіццю навыкаў самаабслугоўвання садзейнічаў цікавы і крэатыўны майстар-клас “Незвычайнае пераўтварэнне рэчаў”, праведзены выхавальнікам групы прадоўжанага дня С.У.Данусевіч у межах дня творчасці і прыгажосці.

“Кім быць?”, “Калі пачынаць вызначацца з будучай прафесіяй?”, “Якая прафесія лепшая за іншыя?” — пытанні, складаныя нават для дарослых. Адказ на іх шукалі навучэнцы ў дзень прафарыентацыі, наведаўшы разам са сваімі класнымі кіраўнікамі арганізацыі і ўстановы аграгарадка Варняны. Цырульнік, фармацэўт, аператар-касір, паштальён, педагог дадатковай адукацыі, кухар, бібліятэкар, бухгалтар… Так, выбар сапраўды багаты! Магчыма, хтосьці з дзяцей задумаўся ўжо цяпер, паслухаўшы прэзентацыі прафесіяналаў.

Не маглі абмінуць сваёй увагай вучні і настаўнікі экалагічную тэму. Вывучэннем прыроды роднага краю, а менавіта ласасёвых рыб, займаюцца варнянскія школьнікі ўжо не першы год. Рабіць гэта на высокім узроўні дапамагло адкрыццё на базе ўстановы адукацыі Рэспубліканскага ласасёвага цэнтра. Інтэрактыўнае падарожжа з ласосем нікога не пакінула абыякавым. Не засталіся ўбаку дзеці і ад іншых праблем жывой прыроды. “Экалагічны брэйн-брынг”, праведзены І.В.Багдановіч, акцыя-конкурс “Кармушка для птушкі” дазволілі актуалізаваць веды школьнікаў пра сезонныя змены ў жыцці птушак, стварылі ўмовы для фарміравання ў навучэнцаў уменняў і навыкаў прыродаахоўнай дзейнасці, дазволілі кожнаму праявіць клопат пра птушак.

Важнае месца ў адукацыйным працэсе надаецца пытанням бяспечных паводзін. “Дзень бяспекі” — своеасаблівы вынік вялікай напружанай працы, якая вядзецца штодзённа. Праверыць веды і ўменні дзяцей, яшчэ раз нагадаць аб правілах бяспекі, паводзінах у экстрэмальных сітуацыях у школу прыйшлі прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзела ўнутраных спраў. Трэба сказаць, што вучні выдатна вытрымалі іспыты, за што атрымалі сувеніры-памяткі ад гасцей.

Як заўсёды весела і насычана прайшоў шосты, спартыўны, дзень тыдня. “Вас выклікае спартландыя!” — пачулі дзеці і разам з бацькамі сабраліся ў спартыўнай зале, каб прыняць удзел у спаборніцтвах.

Засталося толькі падвесці вынікі, што і зрабілі на чарговай урачыстай лінейцы. Самыя актыўныя, творчыя, адказныя і старанныя атрымалі дыпломы. Былі ўзнагароджаны і класы, якія па выніках тыдня ў маршрутных лістах набралі найбольшую колькасць балаў. “ВЯСЁЛКАвы тыдзень” дасягнуў сваёй галоўнай мэты — стварыць сітуацыю поспеху для кожнага вучня, развіць жаданне супрацоўнічаць, абудзіць цікавасць да вучэбнай дзейнасці.

Таццяна ЛАКЕВІЧ,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў
Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.