Вяззеўская школа ў Асіповіцкім раёне разбурае стэрэатып пра вясковую ўстанову адукацыі. Чым яна адметная

- 12:56Пресс-тур «Настаўніцкай»

Пра асаблівасці стварэння шматфункцыянальнай адукацыйнай прасторы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася падчас візіту ў Вяззеўскую сярэднюю школу.

Маладая настаўніца хіміі Вікторыя Пляшко на ўроку

І хоць звонку будынак тыпавы, то, калі трапляеш унутр, першыя хвіліны знаходзішся ў дысанансе. У дысанансе ад спалучэння колераў, абсталявання, аздаб­лення, святла ў вучэбных кабінетах і калідорах, ад інтэрактыўных зон, спартыўных аб’ектаў. Дырэктар Валянціна Грышановіч, заўважыўшы здзіўленне, патлумачыла: “У 2020 годзе ў межах праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” быў праведзены капітальны рамонт школы з элементамі інавацыйнага праектавання. У выніку была створана прыродазнаўчанавуковая зона за кошт аснашчэння прадметных кабінетаў (фізікі, хіміі, біялогіі) вучэбным абсталяваннем праз стварэнне кластара лабараторый. Для гэтага прасторы кабінетаў фізікі і хіміі аб’ядналі празрыстымі перагародкамі, вылучыўшы актыўныя і эксперыментальныя зоны ў лабараторыі, дзе размяшчаецца агульнае абсталяванне.

Дырэктар школы Валянціна Грышановіч

У кабінетах фізікі і хіміі зрабілі рамонт, устанавілі зашклёныя перагародкі з дзвярыма, якія раз­дзяляюць дэманстрацыйныя зоны па фізіцы і хіміі, закупілі неабходнае абсталяванне. Акрамя таго, у школе стварылі шматфункцыянальную прастору для навучэнцаў першай ступені навучання, а для арганізацыі адукацыйнага працэсу, фізкультурна-аздараўленчай, спартыўнай работы, заняткаў спортам дарослага насельніцтва аграгарадка Вяззе абсталявалі шматфункцыянальную спартыўную зону”.

Каб ацаніць маштаб рэканструкцый і ўсвядоміць іх уздзеянне на арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу, нам прапанавалі экскурсію па навучальнай установе. Пачалася яна з наведвання харчаблока, найноўшае абсталяванне якога дазволіла лёгка і хутка перайці на новыя прынцыпы харчавання навучэнцаў. Школьны шэф-повар Вольга Анатольеўна Барысава азнаёміла з меню снедання для пачатковай школы: “Сёння ў нас бутэрброды запечаныя “Купалле”, тварожная запяканка “Зебра” (напалову з какавай), мандарыны, мармелад, чай. Дзеці, дарэчы, вельмі любяць запяканку. Увогуле, новае меню добрае, стравы разнастайныя і смачныя”.

У гэтым мы пераканаліся, калі пачаткоўцы селі за сталы і актыўна ўзяліся за лыжкі і відэльцы. Пра тое, што снеданне смачнае, сведчылі задаволеныя тварыкі хлопчыкаў і дзяўчынак. Ды і атмасфера ў сталовай спрыяла апетыту: ярка, чыста і ўтульна. Паспяваць гатаваць, прыбіраць і зноў накрываць на стол работнікам школьнай сталовай дапамагае сучаснае кухоннае абсталяванне — параканвектамат, электрычная патэльня, пліта, пасудамыйная машына. Акрамя таго, у школе існуе практыка дзяжурства старшакласнікаў па сталовай. Такая грамадска карысная дзей­насць спрыяе не толькі выпрацоўцы важных для жыцця навыкаў, але і далучае школьнікаў да калектыўнай справы, да работы ў камандзе.

“Нашы кухары гатуюць вельмі смачна. Канечне, мы прытрымліваемся ўсіх правіл і рэкамендацый, але ж і ад людзей многае залежыць. У нас на кухні працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія штодзень прапаноўваюць нашым вучням і педагогам прыгожыя, смачныя і карысныя стравы”, — заўважыла дырэктар.

Валянціна Грышановіч запрасіла наведаць спартыўна-аздараўленчы блок, які мае асобны ўваход з вуліцы. Гэта зроблена для таго, каб наведвальнікі з ліку мясцовых жыхароў маглі свабодна карыстацца спартыўнай базай школы і не перашкаджаць адукацыйна-выхаваўчаму працэсу. Для спартыўных дасягненняў і падтрымання задароўя ў належным стане ў школе дзейнічаюць спартыўная, трэнажорная залы, стадыён, таму настаўніку фізічнай культуры і здароўя ёсць дзе разгарнуцца. У дзень нашага прыезду Анатоль Валянцінавіч Мікуліч якраз рыхтаваў сваіх вучняў да спаборніцтваў па настольным тэнісе. Занятыя былі ўсе тры тэнісныя сталы. У Вяззеўскай школе склаліся добрыя спартыўныя традыцыі, пра якія сведчаць шматлікія кубкі.

Асаблівай увагі заслугоўвае блок пачатковай школы. Найперш у вочы кідаецца арганізацыя яго вучэбна-выхаваўчай прасторы. З калідора можна назіраць за тым, што адбываецца ў класах, бо і дзверы, і сцены (часткова) шкляныя, але з добрай гукаізаляцыяй. Некалькі мінут і мы паназіралі за ходам урока ў 1 класе. Педагог вучыла дзяцей гукам і літарам, выкарыстоўваючы інтэрактыўную дошку. Як гаворыцца, сучасным дзецям — сучасны адукацыйны працэс. З класаў на перапынку дзеці трапляюць у інтэрактыўную інтэлектуальна-гульнявую зону. Тут можна пазабаўляцца на турніках або міні-скаладроме ці паўдзельнічаць у пазаўрочным мерапрыемстве, рабочая зона для якога лёгка збіраецца з мэб­лі-трансформера. Вельмі зручна!

У школе працуюць 23 педагогі і вучацца 136 дзяцей і, што немалаважна, з кожным годам іх становіцца больш.
На старшай ступені арганізавана профільнае навучанне — дзейнічаюць класы педагагічнай і аграрнай накіраванасці.

У прыродазнаўчанавуковай зоне мы затрымаліся. Хацелася бліжэй азнаёміцца з тым, як тут усё ўладкавана. Першым наведалі кабінет біялогіі. Яго гаспадыня, настаўніца біялогіі Лілія Іванаўна Сашчэка, не без гордасці дэманстравала сучаснае вучэбнае абсталяванне, наяўнасць якога значна павышае матывацыю вучняў. Яно і зразумела, бо калі, напрыклад, на сталах стаяць мікраскопы, то вывучаць дробныя дэталі біялагічнага аб’екта значна цікавей. А калі педагог яшчэ і цудоўна валодае сучаснымі тэхналогіямі, то хуткасць засваення матэрыялу значна павышаецца. Трэба адзначыць, што ў Ліліі Іванаўны ёсць віртуальны кабінет біялогіі, зайсці ў які можна з сайта школы.

Настаўніца біялогіі Лілія Сашчэка

Аб’яднаная лабараторыя па фізіцы і хіміі таксама робіць працэс засваення гэтых прадметаў больш прывабным. Як адзначыла настаўніца фізікі Алена Вікенцьеўна Гаўруковіч, асноўная перавага такога аб’яднання ў наяўнасці пад рукой патрэбнага вучэбнага абсталявання. Хімія, як вядома, вывучае рэчыва і яго ўласцівасці, а фізіка — энергію і яе ўзаема­дзеянне з рэчывам. Абедзве дысцыпліны абапіраюцца на законы тэрмадынамікі, уласцівасці атамаў, малекул і прынцыпы квантавай механікі, каб растлумачыць паводзіны матэрыі і энергіі. І створаны ў Вяззеўскай школе кластар спрашчае разуменне ўзаемасувязі гэтых прадметаў. Ды і працаваць тут зручна: усё неабходнае размешчана ў шафах вакол вучэбных сталоў. Маладая настаўніца хіміі Вікторыя Алегаўна Пляшко, даючы практычнае заданне сваім вучням, якраз і прадэманстравала, як хутка можна арганізаваць работу ў фізіка-хімічным кластары школы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА