Выбудаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю

- 11:02Адукацыйныя праекты

Адбылася сустрэча педагогаў, удзельнікаў рэспубліканскага інавацыйнага праекта па лічбавай прафарыентацыі, з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі нашай краіны. У сустрэчы прынялі ўдзел дэпутаты Т.І.Сайганава, А.І.Сягоднік, А.М.Сопікава, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства І.У.Каржова.

Удзельнікі Рэспубліканскага інавацыйнага праекта прадстаўлялі 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, сярод якіх былі школы і гімназіі Мінска, Гомеля, Любанскага, Маладзечанскага раёнаў Мінскай вобласці, Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці, Баранавіч, Ляхавіч Брэсцкай вобласці. За круглым сталом былі разгледжаны пытанні, якія тычыліся праблем і перспектыў развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, дзяржаўнай палітыкі па ўдасканаленні адукацыйнай галіны, развіцця лічбавай трансфармацыі адукацыі, ролі настаўніка ў сучасным інфармацыйным грамадстве і развіцця прафарыентацыі сярод школьнікаў.

Адкрываючы дыскусію, дэпутат Ала Мікалаеўна Сопікава нагадала, што праект па ўкараненні лічбавай кампетэнтнасна арыентаванай мадэлі прафарыентацыйнай работы, удзельнікамі якога з’яўляюцца прысутныя педагогі, абапіраецца на канцэптуальныя палажэнні рэалізаванага ў перыяд з 2011 па 2014 год Рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай мадэлі поліпрафарыентацыйнай работы”. Адной з інавацыйных пляцовак папярэдняга праекта была сярэдняя школа № 9 Слоніма, у якой Ала Мікалаеўна працавала дырэктарам і была кіраўніком інавацыйнага праекта. Адно з канцэптуальных палажэнняў гэтага праекта заключалася ў тым, што прафарыентацыйная работа павінна быць накіравана на фарміраванне кампетэнтнасна арыентаваных вынікаў, развіццё ўсведамлення дзецьмі і іх бацькамі таго факта, што цяпер настала такая эпоха, для якой уласцівым і канкурэнтаздольным з’яўляецца навучанне на працягу ўсяго жыцця, развіццё камп’ютарнай дасведчанасці і гатоўнасці да варыятыўнасці выбару форм працаўладкавання або адукацыйных траекторый. У новым праекце А.М.Сопікава з’яўляецца адным з трох навуковых кансультантаў. Сярод астатніх — А.В.Луцэвіч, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, і У.М.Паддубскі, начальнік метадычнага аддзела адукацыйнай платформы EFFOR.BY.

Разам з вывучэннем сучасных інфармацыйных тэхналогій важна не страціць каштоўнасць простых навыкаў і ўменняў, якія раней перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Таму вельмі важна, што ў школах на ўроках працоўнага навучання дзеці могуць на станку вытачыць простую дэталь, апрацаваць яе напільнікам, стварыць макет. Нельга стаць добрым інжынерам толькі па падручніках. У сапраўднага спецыяліста павінна быць развіта прасторавае ўяўленне і фізічнае адчуванне любой дэталі. Толькі тады можна разлічваць на эфектыўнае праектаванне праграмнага забеспячэння розных сфер вытворчасці і ў далейшым на канкурэнтаздольнасць нашых тавараў на сусветных рынках.

Разважаючы пра асаблівасці арганізацыі прафарыентацыйнай работы ва ўмовах глабалізацыі, Таццяна Іванаўна Сайганава закранула такую праблему, як аказанне пазітыўнага ўплыву на фарміраванне і развіццё ўсведамлення маладымі грамадзянамі свайго дачынення да дынамічнага развіцця нашага грамадства.

Раскрываючы перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, І.У.Каржова расказала, як праходзіць абнаўленне зместу адукацыі, якімі будуць падыходы ў выніковай атэстацыі пасля 9-х класаў, а таксама засяродзіла ўвагу на іншых кірунках развіцця айчыннай сістэмы адукацыі.

Педагогі наведалі пастаянна дзеючую экспазіцыю, прысвечаную дзейнасці Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і Авальную залу Дома ўрада, дзе азнаёміліся з гісторыяй і асноўнымі напрамкамі работы беларускага парламента, яго структурай, асаблівасцямі заканатворчай дзейнасці.

Працягваючы ў сценах БДПУ імя Максіма Танка пачатую ў парламенце размову аб развіцці сістэмы адукацыі, у тым ліку ўкараненні мадэлі лічбавай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, педагогі падзяліліся планамі па рэалізацыі сваіх кампанентаў інавацыйнай мадэлі, расказалі пра ўжо рэалізаваныя інавацыйныя праекты.

Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікала выступленне У.М.Паддубскага, які закрануў асобныя аспекты выкарыстання адукацыйнай платформы EFFOR.BY. Сістэма гэтай платформы дазваляе ажыццяўляць дыягностыку ведаў вучняў па вучэбных прадметах школьнай праграмы. Вынікі кожнага навучэнца, які выканаў дыягнастычны тэст, фіксуюцца ў спецыяльнай карце ведаў. Станоўчы адукацыйны эфект па ліквідацыі недахопаў у ведах дасягаецца за кошт падбору для навучэнцаў некалькіх тыповых заданняў, але з рознымі фармулёўкамі і кантрольнымі выпрабаваннямі, накіраванымі на адпрацоўку канкрэтнага ўмення або навыку.

Такая тэхналогія сапраўды дазваляе выпрацаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю навучэнца, індывідуалізаваць і дыферэнцыраваць адукацыйны працэс.

Педагогі былі вельмі задаволены сустрэчай і выказалі пажаданні сустракацца і ў будучым.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.