Падбор кадраў у сацыяльнай сферы патрабуе асаблівага падыходу. Гэта адзначыла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава ў Талачыне па выніках рэспубліканскага семінара-нарады па актуальных пытаннях развіцця сацыяльнай сферы.
“Кадры — гэта ключавое звяно ў рабоце любой галіны. Што тычыцца сацыяльнай сферы, тут патрэбны асаблівыя падыходы. Адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная абарона — гэта работа з усімі слаямі насельніцтва, пачынаючы ад дзяцей і завяршаючы пенсіянерамі. Калі супадае жаданне чалавека рэалізавацца ў канкрэтнай прафесіі і ўменне працаваць з людзьмі, то атрымліваецца добры вынік. У адваротным выпадку поспеху не будзе. Наша задача — выбудаваць кадравую сістэму ў сацыяльнай сферы так, каб тыя маладыя людзі, якія выбралі для сябе шлях урача або педагога, ішлі сюды па клічы душы. Немалаважна і тое, каб іх жаданне гарманічна спалучалася з характарам і чалавечымі якасцямі. Цяпер мы робім акцэнт на паступленні ў педагагічныя ВНУ, таму што без добрага педагога не будзе ні добрага ўрача, ні добрага слесара”, — сказала віцэ-прэм’ер.
Што тычыцца аховы здароўя, Наталля Качанава адзначыла, што ў краіне выбудавана дакладная рознаўзроўневая медыцынская вертыкаль, якая дае магчымасць аказаць якасную медыцынскую дапамогу, пачынаючы ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў у сельскай мясцовасці і заканчваючы РНПЦ. “Стараемся ўмацаваць пярвічнае звяно кадрамі, паляпшаем матэрыяльную базу. Але ёсць выпадкі, калі існуе неабходнасць абследаваць пацыента менавіта ў рэспубліканскім цэнтры. Гэтая сістэма працуе эфектыўна”, — канстатавала віцэ-прэм’ер.
Яна таксама адзначыла, што ўсім установам сацыяльнай сферы трэба больш актыўна займацца пазабюджэтнай дзейнасцю. Гэты рэзерв дапамагае вырашаць пытанні наконт рамонту і ўмацавання матэрыяльнай базы і павышаць заработную плату. “Разлічваць толькі на бюджэтныя сродкі няправільна”, — падкрэсліла Наталля Качанава.
На яе думку, выязныя рэспубліканскія семінары ў рэгіёнах — добрая форма работы. “Абмяркоўваем, як на практыцы дзейнічаюць заканадаўчыя акты, гаворым аб магчымых змяненнях і дапаўненнях. Такая форма дае магчымасць паглядзець на сваю работу збоку і пачуць ацэнку рэспубліканскіх органаў. Разам з тым, наадварот, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў могуць з першых вуснаў даведацца аб тым, што хвалюе рэгіёны”, — адзначыла віцэ-прэм’ер.