Выдатны фізік, цудоўны спартсмен

- 11:20Людзі адукацыі

У Свяцілавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Бялыніцкага раёна працуе надзвычай адораны чалавек — Сяргей Дзмітрыевіч Вашацькоў. Па адукацыі ён настаўнік фізікі і матэматыкі, а па прызванні — лірык і спартсмен.

Нарадзіўся і вырас Сяргей Дзмітрыевіч у Бялынічах, дзе ўжо ў дзіцячыя гады захапіўся спортам, асабліва гульнявымі відамі: футболам, хакеем, гандболам. Яшчэ ў 7 класе здольнага хлопца прыкмеціў настаўнік фізкультуры сярэдняй школы № 2 Бялыніч Браніслаў Францавіч Зубрыцкі. У Сяргею ён убачыў мясцовага Усевалада Баброва, бо хлопец зімой добра гуляў у хакей, а летам — у футбол. Б.Ф.Зубрыцкі павёз Сяргея ў Магілёў. Там спецыялісты высока ацанілі здольнасці хлопца і ўключылі яго ў склад юнацкай хакейнай каманды вобласці, дзе Сяргей тройчы прымаў удзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па хакеі з шайбай. А ў 9 класе ён стаў цэнтральным паўабаронцам футбольнай каманды “Друць” Бялыніч.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Сяргей паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, дзе, акрамя вучобы, актыўна займаўся спортам. Так, у 1975 годзе ён стаў гульцом хакейнай і футбольнай каманды “Металург” з Магілёва. За хакейную каманду “Металург” выступаў да 1985 года, у складзе якой у 1982 годзе стаў чэмпіёнам БССР. З 1982 па 1984 гады Сяргей быў цэнтральным паўабаронцам футбольнай каманды “Тарпеда” (Магілёў), у 1983 годзе разам з камандай стаў чэмпіёнам БССР. Адначасова гуляў за футбольную каманду “Друць”(Бялынічы) на першынстве Магілёўскай вобласці. Дарэчы, за час выступлення за “Друць” С.Вашацькоў забіў у вароты сапернікаў больш за 400 галоў.

Займаўся Сяргей і студэнцкім спортам, з’яўляўся гульцом гандбольнай каманды педінстытута. Выступаў за юніёрскую і маладзёжную каман-ды Магілёўскай вобласці на першынстве БССР. У 1976 годзе гуляў у адной камандзе з Юрыем Шаўцовым, які цяпер з’яўляецца галоўным трэнерам нацыянальнай мужчынскай зборнай па гандболе. У 1976 годзе каманда заняла ганаровае 2-е месца на першынстве БССР. Пасля заканчэння педінстытута С.Вашацькоў пэўны час працаваў гандбольным трэнерам Бялыніцкай ДЮСШ, на грамадскіх пачатках вёў футбольную секцыю.

З верасня 1979 года па цяперашні час Сяргей Дзмітрыевіч працуе настаўнікам фізікі і матэматыкі спачатку няпоўнай сярэдняй, потым сярэдняй школы ў Свяцілавічах. І ў гэтай справе ў настаўніка гараць вочы. Ён так зацікавіў сваімі прадметамі вучняў, што па яго прыкладзе настаўнікамі фізікі і матэматыкі сталі Наталля Вашацькова, Леанід Шыманоўскі, Канстанцін Войтаў, Таццяна Жукава. А Міхаіл Вараб’ёў, хаця і не пайшоў у педагагічную прафесію, свой лёс звязаў з фізікай.

Сяргей Дзмітрыевіч арганізаваў вучнёўскую каманду КВЗ, якая паспяхова выступала не толькі ў школе, але і ў сельскім клубе. Затым арганізаваў у школе вакальна-інструментальны ансамбль. Яго вучні і цяпер з’яўляюцца ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Свяцілавіцкага СЦК. А яшчэ С.Вашацькоў піша вершы і песні. Выступаючы ў дуэце разам з жонкай Таццянай Мікалаеўнай (дырэктарам Лебядзянкаўскага дзіцячага сада — пачатковай школы), яны занялі 2-е месца на раённым конкурсе самадзейнай песні, сталі лаўрэатамі абласнога конкурсу. Шмат гадоў Сяргей Дзмітрыевіч вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Эстрадная песня”. Ні адзін канцэрт у школе, аграгарадку не абыходзіцца без С.Вашацькова і яго выхаванцаў. Акрамя школы, настаўнік працуе акампаніятарам Свяцілавіцкага СЦК. Не раз прымаў асабісты ўдзел у раённых і абласных “Дажынках”, канцэртах, конкурсах.

Сяргей Дзмітрыевіч ніколі не парываў са спортам, асабліва з футболам. У 2005 годзе арганізаваў у Свяцілавічах турнір па міні-футболе сярод сельскіх жыхароў, прысвечаны Дню Перамогі. Спаборніцтвы адкрылі ветэраны-франтавікі Васіль Лаўрэнавіч Жукаў і Мікалай Аляксандравіч Алёшын. Турнір стаў традыцыйным і праводзіўся яшчэ 12 разоў, быў прысвечаны памяці кавалера ордэна Славы В.Л.Жукава. У спаборніцтвах, якія практычна сталі раённымі, удзельнічалі каманды не толькі са Свяцілавіч, але і з Бялыніч, Вішова, Лебядзянкі і іншых населеных пунктаў.

Пэўны час Сяргей Дзмітрыевіч з’яўляўся інструктарам па спорце Бялыніцкага райаграпрамтэхснаба. Яго каманды па футболе, баскетболе, валейболе займалі першыя месцы ў раённай спартакіядзе сярод працоўных калектываў. На працягу многіх гадоў настаўнік вёў у школе аб’яднанне па інтарэсах “Настольны тэніс”, яго вучні не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых спаборніцтваў. Сам Сяргей Дзмітрыевіч быў пераможцам раённых спаборніцтваў па настольным тэнісе сярод ветэранаў.

А яшчэ ў С.Вашацькова спартыўная сям’я. Жонка Таццяна Мікалаеўна ў 1982 годзе была чэмпіёнкай СССР на першынстве ФСТ “Ураджай” сярод жаночых гандбольных каманд, у складзе гандбольнай каманды “Друць-Белпак” (Бялынічы) станавілася бронзавым і сярэбраным прызёрам першынства Рэспублікі Беларусь, прымала ўдзел у еўрапейскіх кубках сярод жаночых каманд па гандболе. Дачка Наталля — майстар спорту па спартыўным арыентаванні, дачка Алена гуляла за дубліруючы склад каманды “Друць-Белпак”, была сярэбраным прызёрам першынства краіны. Сын Аляксей пэўны час наведваў гурток “Эстрадная песня”, прымаў удзел у канцэртах, раённых конкурсах. Акрамя таго, Сяргей Дзмітрыевіч Вашацькоў — шчаслівы дзядуля, выхоўвае шасцярых унукаў.

Анатоль МАРОЗАЎ,
настаўнік гісторыі Свяцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бялыніцкага раёна.
Фота аўтара.