Выхаванне на дабрачыннасці

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Як выхаваць дзяцей добрымі людзьмі, патрыётамі сваёй краіны? Як сфарміраваць у іх такія якасці, як любоў, спачуванне, адданасць? На думку педагагічнага калектыву гімназіі № 3 Бабруйска, зрабіць гэта магчыма, далучаючы навучэнцаў да нацыянальных традыцый і праваслаўных святынь.

— Нашы педагогі даўно шукаюць аптымальныя шляхі ўдасканалення адукацыйнага працэсу. Выхаванне, прывіццё дзецям асноў дабрачыннасці і маралі мы лічым не менш важным, чым навучанне. Адным са спосабаў увасаблення гэтых перакананняў для нашай установы стала пагадненне аб супрацоўніцтве са Свята-Мікола-Сафійскім храмам горада, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Святлана Севярын.

Паводле яе слоў, пагадненне аб узаемадзеянні было падпісана дзесяць гадоў назад у рамках праграмы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. З таго часу ў гімназіі былі арганізаваны класы, выхаваўчы працэс у якіх грунтуецца на праваслаўных традыцыях беларускага народа. На сёння ў духоўна-асветніцкім цэнтры пры храме вучацца чатыры пачатковыя класы гімназіі, для якіх абсталяваны вучэбныя кабінеты, настаўніцкая, бібліятэка, сталовая, прасторная актавая зала.

— Адукацыйны працэс ажыццяўляецца строга ў адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 1—4 класах. Адметнасць навучання — выкладанне факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры”. На гэтых занятках дзеці вывучаюць праваслаўныя каштоўнасці, традыцыі, спасцігаюць нормы паважлівага стаўлення да святынь нашага народа і Айчыны, вучацца ўзаемаразуменню, велікадушнасці, любові, міласэрнасці, справядлівасці. Аналізуючы казкі і беручы ўдзел у гульнях, адказваючы на пытанні і выконваючы розныя інтэрактыўныя заданні, навучэнцы разважаюць над жыццёвымі каштоўнасцямі, дзеляцца сваімі думкамі і перажываннямі з аднакласнікамі. Гэта дае свой плён. Нашы дзеці ўмеюць суперажываць, праяўляць дабрыню, аказваць канкрэтную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу, — падкрэсліла Святлана Віктараўна.

Усё навучанне ў духоўна-асветніцкім цэнтры будуецца на цесным узаемадзеянні з сем’ямі вучняў. Разам з бацькамі дзеці працуюць над даследчымі праектамі “Мой радавод”, “Сямейныя традыцыі”. Сумесна яны складаюць радаводнае дрэва, даведваюцца пра традыцыі сваіх сем’яў.

— Жыццёвы вопыт бацькоў, бабуль і дзядуляў становіцца для дзяцей арыенцірам у паводзінах, спрыяе выхаванню ў іх пачуцця любові, павагі, увагі і клопату ў адносінах да сваіх блізкіх, — адзначыла Святлана Севярын. — Вялікую ўвагу разам з вывучэннем гісторыі сям’і ўдзяляем вывучэнню роднага краю. Падарожнічаючы па Бабруйску, дзеці вучацца любіць і берагчы сваю малую радзіму. Наогул, краязнаўства, якое ўключае даследчую, праектную і экскурсійную дзейнасць, — прыярытэтная форма духоўна-маральнага выхавання ўсіх нашых навучэнцаў. З мэтай далучэння вучняў да вывучэння гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны роднага горада ў нашай установе былі рэалізаваны тэматычныя праекты, рэгулярна праводзяцца педагагічныя чытанні і дні славянскага пісьменства, — дадала суразмоўніца.

Добрай традыцыяй у гімназіі стала таксама правядзенне праваслаўных свят. На думку Святланы Віктараўны, арганізацыя розных святочных мерапрыемстваў дапамагае прыцягнуць дзяцей да вытокаў праваслаўнай культуры, спрыяе фарміраванню ў іх нацыянальнай самасвядомасці. Ва ўстанове адзначаюцца ўсе значныя для праваслаўнага календара дні: Пакроў Прасвятой Багародзіцы, Каляды, Масленіца, Вялікдзень, свята праваслаўнай кнігі.

— Методыка правядзення святочных мерапрыемстваў мае свае асаблівасці. Падрыхтоўка пачынаецца з некалькіх заняткаў, якія знаёмяць дзяцей з духоўным значэннем свята. Адначасова з гэтым пачынаем развучванне вершаў, песень да пастаноўкі маленькага спектакля. Зараз нашы вучні старанна рыхтуюцца да аднаго з самых чаканых свят — Каляд, — расказала Святлана Віктараўна.

У гімназіі ўжо арганізавана выстава творчых дзіцячых работ “Калядны цуд”. Тут ёсць і анёлы, якія лунаюць у паветры, і казачныя ёлкі, і Віфлеемская зорка. Непасрэдна ў дзень Ражджаства гімназісты запросяць на тэатральны паказ усіх ахвотных, у ліку якіх і дзеці-сіроты з сацыяльнага прытулку.

— Штогод нашы навучэнцы з хваляваннем расказваюць гасцям пра Нараджэнне Хрыстова. Яркія вобразы, жывыя дыялогі, прадуманыя касцюмы, цікавы сюжэт дапамагаюць гледачам глыбей зразумець сэнс свята. Кожны спектакль становіцца своеасаблівай пропаведдзю, якая ляціць з дзіцячых вуснаў да прысутных, напаўняючы іх сэрцы радасцю, — адзначыла Святлана Севярын.

У трэцяй бабруйскай гімназіі разумеюць, што фарміраванне маральных каштоўнасцей — працэс працяглы. Падмурак праваслаўнай культуры ў дзяцей тут закладваюць праз рэалізацыю асветніцкіх праектаў, экскурсіі, валанцёрскі рух і, што важна, праз узаемадзеянне сям’і і школы. Толькі сумеснымі намаганнямі бацькоў, педагогаў і грамадскасці можна напоўніць душы дзяцей правільнымі жыццёвымі ўстаноўкамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.