Выхаванне нацыянальнай культурай

- 16:01Нам пішуць

Краязнаўчая, этнаграфічная дзейнасць дае магчымасць вучням глыбей пазнаёміцца з родным краем, пачынаючы з малой радзімы, далучацца да культурных, духоўных, працоўных традыцый нашага народа. З вывучэннем прадметаў народнага побыту, свят беларускага народнага календара фарміруецца сістэма ўяўленняў і поглядаў асобы, з’яўляецца ўнутраная патрэба ў вывучэнні гісторыі свайго роду, сям’і, народа, працягваюцца культурныя традыцыі беларусаў. Аднак сёння, на жаль, усё радзей мы чуем беларускую гаворку, амаль адсутнічае жывая беларуская мова ў сем’ях, сацыяльнай сферы. У рускамоўнай школе веды пра этнакультуру навучэнцы атрымліваюць толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, а гэтага вельмі мала для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці.

Разумеючы важнасць праблемы, сярэдняя школа №10 Барысава ўжо на працягу пяці гадоў працуе ў напрамаку далучэння дзяцей, бацькоў, педагогаў да багацця нацыянальнай культуры праз дзейнасць раённага рэсурснага цэнтра “Выхаванне на аснове нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа”.

Педагогі ўстановы распаўсюджваюць перспектыўны педагагічны вопыт праз сайт установы, СМІ, выдавецкую дзейнасць. 12 снежня ў рамках работы раённага рэсурснага цэнтра на базе школы прайшоў семінар-практыкум для педагогаў “Выхаванне на аснове нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа”, які наведалі прадстаўнікі 23 школ раёна.

Мэтай мерапрыемства была трансляцыя вопыту работы, знаёмства з эфектыўнымі сродкамі выхавання на аснове народнай педагогікі. Я як кіраўнік рэсурснага цэнтра азнаёміла прысутных з напрамкамі работы цэнтра: музычна-харэаграфічным, народных рамёстваў, краязнаўчага музея, тэатральна-харэаграфічным, сямейных і культурна-абрадавых каштоўнасцей; распавяла пра тое, як людзі разумеюць сутнасць выхавання, якімі прыёмамі і метадамі карыстаюцца ў выхаванні, якое маюць уяўленне аб працоўным, маральным, разумовым, фізічным і эстэтычным выхаванні.

Падчас майстар-класа Г.Г.Цімашэнка ўдзельнікі вырабілі традыцыйныя славянскія абярэгі-марцінкі, якія сімвалізуюць шчасце ў коле блізкіх, абарону дома і сям’і ад няшчасцяў. Ніна Сяргееўна Гаўрусёва, кіраўнік праекта “Родныя вытокі”, адзначыла, што прадметна-этнічнае асяроддзе ва ўстанове ствараецца праз работу школьнага цэнтра традыцыйнай культуры, у якім сабраны работы навучэнцаў і супрацоўнікаў школы.

Педагогі таксама наведалі школьны цэнтр, дзе пазнаёміліся са старадаўнімі экспанатамі і іх прызначэннем, змаглі паўдзельнічаць у віктарынах і конкурсах, якія падрыхтавалі вучні-экскурсаводы.

Удзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што мэта народнай педагогікі сугучная з мэтай выхавання ў сучаснай школе: выхаванне маральнага, працавітага чалавека, які клапоціцца не толькі пра сябе, сваю сям’ю, але і пра сваю Радзіму, ведае свае карані, гісторыю і культуру зямлі, якая ўзгадавала і выхавала яго.

Валянціна Фёдараўна ІПАЦЬЕВА,
намеснік дырэктара сярэдняй школы №10 Барысава,
кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра “Выхаванне на аснове нацыянальнай культуры
і традыцый беларускага народа”.