Вялікая ўвага ў Студзёнкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Сенненскага раёна ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Цэнтрам такой работы з’яўляецца гісторыка-этнаграфічны музейны пакой, які дзейнічае пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Аляксандра Пятровіча Стрыжнева. Для заахвочвання вучняў да работы ў музеі сфарміраваны актыў, удзельнікі якога выконваюць не толькі функцыі даследчыкаў, але і функцыі прапагандыстаў сваёй дзейнасці, экскурсаводаў.
Актывістамі музейнага пакоя на працягу навучальнага года арганізоўваецца шэраг мерапрыемстваў, якія даказваюць, што маладому пакаленню неабыякавы лёс ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, іх сённяшняе жыццё, іх праблемы. Тэматычныя ўрокі, урачыстыя мерапрыемствы каля абеліска, дэкада патрыятычнага выхавання, Вахта памяці і яшчэ шмат мерапрыемстваў прымушаюць вучняў падумаць аб гонары, сумленні, садзейнічаюць фарміраванню павагі да памяці воінаў, якія аддалі жыццё за Радзіму.
Музейнае адукацыйнае асяроддзе выконвае не толькі выхаваўчыя функцыі, але і фарміруе практычныя навыкі пошукавай, даследчай дзейнасці, развівае ініцыятыву, грамадзянскую актыўнасць школьнікаў, дае вялікія магчымасці для арганізацыі самастойнай і творчай работы вучняў. Важнае месца тут займае экскурсійная работа. Распрацоўваючы тэматыку экскурсіі, вучні вывучаюць краязнаўчую літаратуру, аналізуюць архіўныя матэрыялы.
У музейным пакоі створаны такія раздзелы экспазіцыі, як “Ткацтва”, “Ганчарства”, “Кавальская справа”, “Вышыўка”, “Дрэваапрацоўчыя промыслы, пляценне”. Яны дапамагаюць адлюстраваць гісторыю з’яўлення і развіцця рамёстваў у мясцовасці, а таксама даюць магчымасць наведвальнікам пазнаёміцца з помнікамі культуры.
Раздзел “Ткацтва” прадстаўлены ткацкімі прыладамі працы, якімі карысталіся нашы продкі: ткацкім станком, калаўротам-лежаком, рэчыўным куфрам і інш. Вялікую цікавасць выклікае раздзел “Вышыўка”, які змяшчае разнастайныя ўзоры мясцовага адзення, ручнікі. У раздзеле “Кавальская справа” прадстаўлены археалагічныя матэрыялы бронзавага і жалезнага вякоў, прылады працы, бронзавыя і жалезныя вырабы. Аб з’яўленні і развіцці ганчарнага рамяства ў мясцовасці можна даведацца з раздзела “Ганчарства”. Акрамя прылад працы і ганчарнага кола, тут прадстаўлены посуд, які выраблялі мясцовыя майстры, рэшткі старажытнай керамікі. Для прадстаўлення раздзела “Дрэваапрацоўчыя промыслы, пляценне” выкарыстаны драўляны посуд, абутак, прылады працы для апрацоўкі, кошыкі, лапці.
Адной з форм вывучэння краю, яго гісторыі і сучаснага стану з’яўляецца гісторыка-краязнаўчая экскурсія. Вучні пад кіраўніцтвам А.П.Стрыжнева здзяйсняюць краязнаўчыя паходы і экспедыцыі ў вёску Пустынкі, Келісы, Івоні Сенненскага раёна. Імі распрацаваны маршрут краязнаўчай экспедыцыі “Сцяжынкамі гісторыі”, а таксама экалагічная сцяжынка, па якой ужо не адзін раз прайшліся вучні і работнікі школы. Шырока практыкуецца правядзенне ўрокаў і класных гадзін у музейным пакоі. Ні лекцыя настаўніка, ні прагляд прэзентацый і відэафільмаў не змогуць аказаць такі ўплыў на фарміраванне патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў школьнікаў, як наведванне музейнага пакоя. Менавіта тут навучэнцам прадастаўляецца магчымасць адчуць цесную повязь з мінуўшчынай, убачыць тыя прадметы, якімі карысталіся нашы продкі. І, напэўна, тады ў іх узнікае жаданне пачаць займацца вывучэннем мінулага, даследчай дзейнасцю.
Асноўнымі кірункамі даследчай дзейнасці музейнага пакоя з’яўляецца збор матэрыялаў, успамінаў, этнаграфічных звестак, матэрыялаў па тапаніміцы, складанне карт мясцовасці, даследаванне гісторыі развіцця навакольных вёсак, узнікненне мясцовых рамёстваў. Вынікам даследчай дзейнасці стала і мультымедыйная прэзентацыя, якая выкарыстоўваецца як вучэбны матэрыял на ўроку або пазакласнай рабоце і дазваляе стварыць інфармацыйнае асяроддзе музейнага пакоя.
Так, у 2016/2017 навучальным годзе нашы вучні прынялі ўдзел у раённых краязнаўчых чытаннях, работы якіх былі адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені. Соф’я Лапікава ў даследчай рабоце “Верны спадарожнік беларуса” не толькі прадставіла інфармацыю аб выкарыстанні ручнікоў у побыце і жыццядзейнасці беларусаў, але і на прыкладзе музейных экспанатаў даказала, што ўзоры беларускага ручніка знаходзяцца ў цеснай сувязі з духоўнай культурай народа. Работа Таццяны Зайцавай выклікала цікавасць у тых, хто захапляецца творчасцю Анатоля Вялюгіна, бо ў ёй прадстаўлены матэрыял аб тым перыядзе жыцця і творчасці паэта, які звязаны з Сенненшчынай. Цікавая і змястоўная работа была прадстаўлена на конкурсе “Тапаніміка роднага краю” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і адзначана дыпломам ІІІ ступені. У 2017 годзе быў здзейснены завочны зорны паход па месцах баявой славы Сянно — Студзёнка, матэрыялы якога былі прадстаўлены на раённым конкурсе і адзначаны дыпломам ІІІ ступені.
Святлана БЕЛІКАВА,
дырэктар Студзёнкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.