Выхаваўчы працэс. ХХІ стагоддзе

- 11:07Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

У сталічных установах адукацыі, як і ва ўсёй краіне ў цэлым, склалася дакладная сістэма выхавання, змест якой грунтуецца на ідэалогіі беларускай дзяржавы, агульначалавечых і гуманістычных каштоўнасцях. Выхаваўчая работа накіравана на фарміраванне грамадзяніна, патрыёта, працаўніка і сем’яніна. На гэта працуе не толькі школа, але і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спартыўныя і сацыякультурныя ўстановы.


Падчас станаўлення асобы з падлеткам адбываюцца розныя змены, і не заўсёды станоўчыя. Цалкам зразумела, што школа ў адзіночку з гэтым не справіцца. У пытаннях выхавання нам трэба больш цесна супрацоўнічаць з грамадскасцю. Было б нядрэнна на беларускім тэлебачанні ўвесці ў практыку правядзенне штотыднёвых асветніцкіх праграм для бацькоў. Быў добры вопыт выкладання ў школах курса “Асновы этыкі. Этыкет”, які, на мой погляд, неапраўдана выключаны са школьнай праграмы. Прапаноўваю разгледзець пытанне пра аднаўленне на ІІ ступені навучання курса “Асновы этыкі. Этыкет” або ўключаць раздзелам у прадмет “Мастацтва. Сусветная мастацкая культура”. Варта развіваць рэсурсныя цэнтры па розных напрамках выхаваўчай работы, прыцягваць да ўзаемадзеяння кіраўніцтва і педагогаў розных устаноў раёна, горада для абмену станоўчым вопытам.

Выхаванне дзіцяці — гэта комплексны працэс, у якім задзейнічаны ўсе педагагічныя работнікі ўстановы адукацыі. Выхаванне адбываецца ўжо на ўроку, таму мэтазгодна разгледзець пытанне аб унясенні ў вучэбныя планы, праграмы па такіх прадметах, як гісторыя, грамадазнаўства, беларуская і руская літаратура, мастацтва, геаграфія, біялогія, фізічная культура і здароўе, музыка і інш., наведванне музеяў на тэматычныя лекцыі, заняткі па вывучэнні той ці іншай тэмы вучэбнага прадмета. Гэта будзе спрыяць як развіццю сацыякультурнай прасторы населенага пункта, так і больш паспяховаму фарміраванню асобы, засваенню вучэбнай праграмы. Акрамя таго, неабходна працягнуць работу па распрацоўцы даступных экскурсійных маршрутаў не толькі па ўжо вядомых напрамках (Мір, Нясвіж, Брэст, Заслаўе і г.д.), але і ў іншыя малавядомыя вёскі, сядзібы, гістарычныя месцы.

Вопыт работы ў шосты школьны дзень як у саміх установах адукацыі, так і на ўзроўні міжшкольных праграм раёна і горада разнастайны, мае творчы характар. Хацелася б у суботу больш увагі ўдзяліць грамадска карыснай працы, больш даваць школам рэсурсаў для арганізацыі другаснай занятасці навучэнцаў (гэта сёння вельмі актуальна), а прадпрыемствам даваць у летні перыяд больш рабочых месцаў для навучэнцаў 14—17 гадоў. Важнае значэнне мае прафарыентацыйная работа. На тэматычныя выхаваўчыя мерапрыемствы трэба запрашаць дзяцей ужо з 7 класа, а не толькі старшакласнікаў. Спецыялістам дзіцячых, маладзёжных грамадскіх арганізацый неабходна праводзіць конкурсы, акцыі, квесты, спартыўныя раённыя спаборніцтвы і спартакіяды непасрэдна ў шосты школьны дзень, а не ў сярэдзіне тыдня і ў дзённы час, калі дзеці яшчэ вучацца і наведваюць аб’яднанні па інтарэсах і факультатыўныя заняткі.

ХХІ стагоддзе — век інфарматызацыі. Сучасны ўрок будзе няпоўным і нецікавым, калі ў ім не выкарыстоўваюцца ІТ. Аналагічная сітуацыя і ў выхаваўчай рабоце. Зразумела, што побач з карыснай і патрэбнай інфармацыяй інтэрнэт скідвае масу негатыву, які згубна ўздзейнічае на здароўе і псіхіку маладога чалавека. Педагог сёння павінен прыняць новую форму камунікатыўных зносін, знайсці сваю нішу ў сацыяльных сетках. Ужо ёсць станоўчы вопыт стварэння педагогамі нашай установы ў сацыяльных сетках асабістых старонак, блогаў, форумаў, што дазваляе мець зносіны з навучэнцамі і іх бацькамі нефармальна, праводзіць анлайн-кансультаванне і абмяркоўваць хвалюючыя тэмы, даваць спасылкі на патрэбную літаратуру. Мяркую, варта больш шырока выкарыстоўваць магчымасці саміх навучэнцаў пры навучанні пытанням бяспекі, фарміраванні навыкаў ЗЛЖ па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, у тым ліку і праз інтэрнэт.

Выхаваўчая работа — гэта штодзённая карпатлівая праца. Для фарміравання маральна сталай асобы патрабуецца час і агульнае намаганне ўсяго грамадства.

Алена ГІЛЬКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 161 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.