Выхоўваем беларусаў-патрыётаў

- 11:39Нам пішуць

Патрыятызм — адна з асноў беларускай дзяржаўнасці. Народ, у якога не сфарміравана пачуццё патрыятызму, не толькі не здольны любіць, разумець і паважаць іншых людзей і іх краіны, традыцыі і духоўныя каштоўнасці, але і асуджаны на забыццё і знікненне з гістарычнай арэны.

Сучаснае грамадства зацікаўлена ў тым, каб грамадзяне былі здольны самастойна актыўна дзейнічаць, прымаць рашэнні, адаптавацца да зменлівых умоў жыцця. Таму я паставіла перад сабой задачу падрыхтаваць вучня, які ўмее самастойна набываць веды, прымяняць іх на практыцы для вырашэння разнастайных праблем; крытычна думаць; у сітуацыях маральнага выбару не забываць аб сумленні; быць камунікабельным, кантактным у розных сацыяльных групах, умець працаваць у калектыве.

Вырашэнне гэтых задач — працэс складаны, шматгранны, тонкі, далікатны, бо закранае свядомасць, душу чалавека, а таксама патрабуе пэўнай парадыгмы адукацыі, якая разглядае вучня як суб’екта дзейнасці. Выкарыстанне ў адукацыйным працэсе новых педагагічных тэхналогій робіць магчымым уцягванне кожнага вучня ў актыўны пазнавальны працэс.

У выхаваўчай рабоце акцэнтую ўвагу на фарміраванні ў вучняў любові да людзей, якія побач, жаданні рабіць ім дабро, любові да роднай мовы, жаданні жыць і працаваць на роднай зямлі. Усё гэта рэалізоўваецца праз такія формы работы з класам, як гадзіна духоўнасці “Святыя заступнікі навагрудскай зямлі”, круглы стол “У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”, сустрэча з прадстаўнікамі ваенных прафесій “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”, гадзіна зносін “Роля працы ў жыцці чалавека”, “Рабі дабро без шуму”, гадзіна прававых ведаў “Злачынства і падлетак”, брыфінг “Захаваць прыроду — захаваць жыццё”, інфармацыйныя гадзіны “Будучыня сталіцы — мая будучыня”, “Канстытуцыйны статус Беларусі як суверэннай прававой дзяржавы”, вусны часопіс “Іх імёнамі названы вуліцы Навагрудка” і інш. Сістэматычна праводзяцца аперацыі “Абеліск”, “Ветэран жыве побач”, “Лесу — наш клопат”, акцыя “Дапамажы сталаму чалавеку”, працоўныя акцыі “Чысты двор”, “Чысты клас”. Вучні майго класа — частыя наведвальнікі школьнага музея баявой славы, кіраўніком якога я з’яўляюся, а таксама актыўныя ўдзельнікі святочнага мітынгу, прысвечанага святу Перамогі. Стала традыцыйным правядзенне гадзін царкоўнага этыкету.

Фарміраванне маральных каштоўнасцей, якія спрыяюць грамадзянскасці, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі і на аснове актыўнасці саміх вучняў. Тэарэтычнымі асновамі адбору форм, метадаў і сродкаў фарміравання маральных, грамадзянскіх пазіцый і якасцей мной абраны ідэі гуманізму, якія здольны фарміраваць уменне жыць, будаваць адносіны ў рознаўзроставым калектыве; клапаціцца пра малодшых, дапамагаць тым, хто побач; уменне працаваць у калектыве; асвойваць ролю лідара, вучыцца прымаць рашэнні; свядомую творчую, пошукавую дзейнасць; цікавасць да гісторыі свайго краю праз вопыт пошукавай дзейнасці; экалагічную культуру.

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў класе — гэта частка выхаваўчай сістэмы школы, яно вырашае задачы, пра якія гаварылася вышэй, на аснове прыняцця вучнямі духоўна-маральных каштоўнасцей.

Алена КЛІМЕНКА,
класны кіраўнік 8 класа
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.