Выхоўваем грамадзян

- 9:30Па справе з Наталляй Бушной

У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў адным з першых артыкулаў падкрэслена: законныя прадстаўнікі непаўналетніх навучэнцаў з’яўляюцца суб’ектамі адукацыйных адносін. А суб’ект, як вядома, валодае ўсвядомленай і творчай актыўнасцю. Таму адзін  з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі звязаны з уключэннем бацькоў у адукацыйную прастору школы ў якасці актыўных удзельнікаў адукацыйных адносін.

Супярэчлівая пазіцыя бацькоў у адносінах да школы, калі яны, з аднаго боку, добра ведаюць сваё дзіця і зацікаўленыя ў развіцці яго асобы, а з другога — з цяжкасцю асвойваюць нязвыклую для сябе ролю сацыяльнага партнёра школы, абумоўлена шэрагам прычын. На жаль, пэўная частка бацькоў даволі нізка ацэньвае дзейнасць педагогаў і школы ў цэлым, пры гэтым такая ацэнка не мае сур’ёзных падстаў. Проста бацькі спрабуюць праецыраваць сваё асобаснае станаўленне, якое адбывалася ў 90-я гады, у гады пераацэнкі каштоўнасцей, на сучасную сітуацыю. Свет мяняецца і мяняецца вельмі хутка. Сістэма адукацыі таксама мяняецца і развіваецца. Вымяраць яе поспехі ацэнкамі мінулага стагоддзя няправільна.

У сваю чаргу педагогі нярэдка сутыкаюцца з сем’ямі, у якіх бацькі практычна не займаюцца выхаваннем дзяцей. Прычына ў тым, што кар’ера для іх часам становіцца важнейшай за выхаванне ўласных дзяцей. Без сям’і выхаванне не можа быць паўнавартасным, бо яна выступае самым першым і значным сацыяльным інстытутам. На жаль, сёння даводзіцца назіраць розныя сістэмы каштоўнасцей, розныя крытэрыі ацэнкі дабра і зла, якія дапускаюцца ці адмаўляюцца  педагогамі і бацькамі. А дзеці, трапляючы ў ціскі паміж імі, вымушаны хаваць свае матывы і лавіраваць, што непазбежна прыводзіць да негатыўных наступстваў.

Варта дабавіць сюды і невысокі выхаваўчы патэнцыял сям’і: многія бацькі адчуваюць недахоп псіхолага-педагагічных ведаў. Зварот да інтэрнэту нярэдка суправаджаецца рэкамендацыямі замежных аўтараў, змест якіх не заўсёды суадносіцца з нашымі культурнымі традыцыямі ў выхаванні. Але ж у кожнай школе працуюць бацькоўскія ўніверсітэты або бацькоўскія клубы, якія заўсёды гатовы аказаць дапамогу бацькам! Асноўнае іх прызначэнне — павысіць выхаваўчы патэнцыял сям’і, узровень узгодненасці і ўзаемадзеяння сям’і і школы ў дасягненні сацыяльна і асобасна значных вынікаў адукацыі.

Многія з адзначаных праблем абумоўлены нізкай інфармаванасцю бацькоў аб справах школы. Адсут­насць патрэбнай і карыснай інфармацыі, асабліва цяпер, калі ва ўмовах кавідных абмежаванняў мы менш узаемадзейнічаем з бацькамі, прыводзіць да неабгрунтаваных здагадак і скажэння фактаў. Мы назі­раем, з якой лёгкасцю бацькі адпраўляюць свае запыты, звароты ў высокія інстанцыі, у той час як усе пытанні павінны вырашацца на месцах, у сценах установы адукацыі. Вось тут нам, школам, ёсць над чым працаваць. Пытанне дырэктару на сайце, чат-бот у Тelegram-канале — гэта тыя камунікацыйныя сродкі, якія дапамо­гуць нам аператыўна арганізаваць зваротную сувязь з бацькамі.

Вельмі засмучаюць, а часам і зневажаюць меркаванні некаторых бацькоў: абапіраючыся на нейкі канкрэтны выпадак і ўспамінаючы свой даўні вопыт навучання ў школе, яны робяць негатыўныя высновы аб усёй нашай сістэме. Але ж самы просты і дакладны спосаб вырашыць праблемныя сітуацыі — гэта дыялог. У нас агульная мэта — выхаваць дастойных грама­дзян, якія любяць сваіх бацькоў, паважаюць гісторыю, культуру, мінулае сваёй краіны і цэняць яе сучас­насць. А нам, педагогам, неабходна дапамагчы бацькам усвядоміць, што непавага да педагога, якую яны часам трансліруюць сваім дзецям, непазбежна павернецца ў іх бок. Таму толькі ў дыялогу мы можам чуць, слу­хаць, абмяркоўваць, разумець, прымаць пункт гледжання адзін аднаго на карысць кожнага дзіцяці і грамадства ў цэлым.

Вядучая рубрыкі — дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны
Наталля Бушная.