Выхоўваць грамадзяніна, сем’яніна, прафесіянала

- 10:56Адукацыйныя праекты

Пасяджэнне каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой адбылося ў Полацку. Тэмай сустрэчы, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай, стала ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці з епархіяльнымі структурамі па выкананні Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015—2020 гады.

Як адзначыў у прывітальным слове міністр адукацыі Ігар Карпенка, перад педагагічнымі калектывамі ўстаноў адукацыі ставіцца задача выхавання маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усвядоміць сваю адказнасць за лёс Айчыны і свайго народа. Важным фактарам у рэалізацыі гэтай задачы з’яўляецца арганізацыя мэтанакіраванага і плённага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з Праваслаўнай царквой на аснове дзеючай праграмы супрацоўніцтва. Гэта магчыма толькі на аснове аб’яднання намаганняў органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі, царкоўных і грамадскіх арганізацый для выкарыстання патэнцыялу праваслаўных традыцый, каштоўнасцей у фарміраванні асобы чалавека, духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, карэкцыі паводзін і сацыяльнай падтрымцы дзяцей і падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі і тых, хто апынуўся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мэтазгодна аб’ядноўваць намаганні ўстаноў адукацыі, рэлігійных і грамадскіх арганізацый для правядзення сумесных мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў, злачынстваў у падлеткавым і мала-дзёжным асяроддзі, суіцыдаў, ужывання наркатычных і псіхаактыўных рэчываў, а таксама працягваць практыку рэалізацыі сумесных праектаў, арыентаваных на развіццё дабрачыннасці, міласэрнасці, праваслаўнага краязнаўства, далучэння навучэнцаў да работы па вывучэнні, аднаўленні і ахове помнікаў гісторыі і культуры, догляду магіл і месцаў пахаванняў абаронцаў Айчыны. Прыярытэтам сумеснай дзейнасці ўстаноў адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы павінна стаць фарміраванне ў дзяцей і навучэнскай моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, заснаванай на духоўна-маральным і прававым падмурку.

Акрэсліваючы задачы на перспектыву, Ігар Карпенка акцэнтаваў увагу на забеспячэнні рэалізацыі праграм факультатыўных заняткаў па фарміраванні духоўна-маральнай культуры, правядзенні тэматычных экскурсій, выкарыстоўваючы магчымасці шостага школьнага дня, неабходнасці абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту работы рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні — такіх як сярэдняя школа № 18 Полацка. Трэба выпрацаваць эфектыўны механізм узаемадзеяння сацыяльна-педагагічных цэнтраў і царквы па прафілактыцы сямейнага няшчасця, прафілактыцы залежнасцей, дэвіянтных паводзін, прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод непаўналетніх.

— Мы хочам перанесці некаторыя акцэнты ў дзейнасці адзначаных цэнтраў у плане пабудовы кропкава-індывідуальнай работы з падлеткамі, — расказаў міністр адукацыі. — Не заўсёды псіхолаг і сацыяльны педагог у школе могуць выйсці на гэты ўзровень, а дэвіянтныя паводзіны нярэдка патрабуюць менавіта індывідуальнай карэкцыйнай работы. Такую функцыю могуць выконваць сацыяльна-педагагічныя цэнтры пры адпаведнай падрыхтоўцы і навуковым суправаджэнні і ўдзеле ўсіх зацікаўленых — органаў кіравання адукацыяй, аховы правапарадку, медыцынскіх службаў. Запрашаю далучыцца да гэтай работы і нашу паважаную Праваслаўную царкву.

Ігар Карпенка павіншаваў Беларускую Праваслаўную Царкву з надыходзячым 1025-годдзем заснавання Полацкай епархіі, перадаў прывітальны адрас, выказаў словы глыбокай удзячнасці за нястомнае служэнне, якое дапамагае не толькі захаванню хрысціянскіх традыцый, але і ўмацоўвае палачан духоўна і маральна, выказаў упэўненасць у тым, што епархія будзе і далей садзейнічаць умацаванню адзінства і згоды ў грамадстве, дзейснага ўзаемадзеяння адукацыі і царквы ў выхаванні падрастаючага пакалення.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падкрэсліў невыпадковасць і сімвалічнасць таго, што пасяджэнне каардынацыйнага савета праходзіць ў самым старажытным горадзе Беларусі, асвечаным імем святой прападобнай Ефрасінні Полацкай. Полацк мае прамое дачыненне да найважнейшай юбілейнай даты гэтага года, 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання: тое, што Францыск Скарына родам са слаўнага горада Полацка, — адзін з нямногіх бясспрэчных фактаў біяграфіі першадрукара.

— Традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці з’яўляюцца цвёрдай асновай грамадзянскага міру і згоды ў нашым грамадстве. Маладых людзей з самага ранняга ўзросту варта вучыць сапраўднай хрысціянскай любові, дабру і стваральнай працы, каб не дапусціць маральнага разбэшчвання, — адзначыў уладыка Павел. — У гэтай сферы мы бачым адну з асноўных задач супрацоўніцтва дзяржавы і царквы ў сферы адукацыі. Мы разам закліканы прывіваць дзецям і моладзі высокія ідэалы патрыятызму, любові да Айчыны, бацькоў, людзей, справядлівасці, міласэрнасці, суперажывання, гонару, абавязку і адказнасці.

Падрабязна аб узаемадзеянні Віцебскага аблвыканкама, органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў адукацыі вобласці з епархіяльнымі структурамі па выкананні Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015—2020 гады расказалі начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. З прыкладамі станоўчага вопыту і эфектыўных мадэлей сумеснай работы сістэмы адукацыі і Праваслаўнай царквы выступілі загадчык аддзела краязнаўства і выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец, дырэктар полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 Святлана Валюшкіна, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Анжэла Валасевіч, настаяцель Свята-Хрыста-Раждзественскай царквы Брэста протаіерэй Яўген Ліхота, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 Полацка Ірына Недакунева і настаяцель Свята-Георгіеўскага храма Віцебска протаіерэй Мікалай Каляда.

— Галоўная задача сістэмы адукацыі — забеспячэнне комплекснага падыходу ў фарміраванні асобы маладога чалавека як грамадзяніна, сем’яніна і толькі потым — прафесіянала, — падводзячы вынікі пасяджэння, нагадаў Ігар Карпенка. — І менавіта тут значэнне нашай сумеснай работы з Праваслаўнай царквой цяжка пераацаніць. Таму што жывём на гэтай зямлі не толькі для таго, каб нашы дзеці жылі лепш, а самае важнае, каб яны былі лепшымі, чым мы. Калі атрымаецца гэта зрабіць, мы будзем моцным квітнеючым грамадствам.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.