Выхоўваюць сапраўдных патрыётаў

- 10:52Навіны рэгіёнаў, Рознае

Вучні Александрыйскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна актыўна цікавяцца рознымі аспектамі гісторыі, культуры Беларусі і Магілёўскай вобласці. Асабліва дзеці імкнуцца да ведаў пра сваю малую радзіму — вёску з паэтычнай назвай Александрыя.

— У нашай установе ўжо трэці год рэалізоўваецца мадэль грамадзянска-патрыятычнага выхавання на этнакультурнай аснове ў кантэксце рэгіянальнага кампанента. Сутнасць праекта ў тым, каб выхоўваць патрыёта і грамадзяніна не на абстрактных ідэалах, а на канкрэтных прыкладах роднага краю, бо менавіта сацыяльная значнасць тэрыторыі, усвядомленай як малая радзіма, з’яўляецца асновай фарміравання найвышэйшых духоўных каштоўнасцей асобы, — расказвае дырэктар школы Анатоль Казлоўскі.

У гэтай навучальнай установе лічаць, што ў выхаванні дастойных грамадзян не абысціся без краязнаўчай работы, таму ў вучэбным працэсе паўсюдна выкарыстоўваюцца матэрыялы гістарычнага краязнаўства. Змест большасці дысцыплін, якія вывучаюцца на ўроках, настаўнікі імкнуцца напоўніць ярка выяўленым выхаваўчым аспектам. Вучэбнаму матэрыялу надаецца комплексная скіраванасць з улікам духоўна-маральнага, патрыятычнага, грамадзянскага, экалагічнага і іншых відаў выхавання. У школе праводзяцца факультатыўныя заняткі “Мая Айчына”, “Будучыня — гэта мы”, “Беларускія землі са старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя”, “Абаронца Айчыны”, “Краязнаўства”. На гэтых занятках ствараюцца ўмовы для таго, каб кожны навучэнец мог дакрануцца да беларускай гісторыі і культуры, роднай прыроды, эканомікі, грамадскага ўкладу краіны і адчуць гордасць за дасягненні сваёй Бацькаўшчыны.

Асаблівае месца ў фарміраванні ў падрастаючага пакалення грамадзянска-патрыятычных пачуццяў займае школьны музей, які з’яўляецца вынікам шматгадовай працы педагогаў і навучэнцаў. Сёння тут дзейнічаюць разнастайныя экспазіцыі: “Археалогія нашай мясцовасці”, “Гісторыя вёскі Александрыя”, “Этнаграфія роднага краю”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Дзяцінства. Юнацтва”.

— Наяўнасць музея дазваляе арганізоўваць даследаванне навучэнцамі малавядомых старонак народнай спадчыны, выкарыстоўваць метады музейнай педагогікі ў адукацыйным працэсе. У рамках інавацыйнага праекта мы пашырылі гэтую дзейнасць, адкрыўшы пры музеі цэнтр гістарычнага краязнаўства і аб’яднанне па інтарэсах “Музеязнаўства”. Такі крок даў вучням магчымасць займацца навуковым пошукам ва ўмовах роднай мясцовасці, папаўняць і афармляць экспазіцыі, займацца распрацоўкай экскурсій. Такім чынам, дзейнасць музея аказвае ўплыў не толькі на патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, але ў асобных выпадках і на іх прафесійнае самавызначэнне, — адзначыў Анатоль Васільевіч.

Адметна, што ў Александрыйскай школе патрыятычнаму выхаванню ўдзяляюць увагу і ў пазаўрочны час. Асабліва актыўна адпаведныя тэматычныя мерапрыемствы праводзяцца тут у шосты школьны дзень. Акрамя ўдзелу ў разнастайных святах, гульнях і акцыях, навучэнцы і педагогі перыядычна адпраўляюцца ў паездкі і экскурсіі па родным краі, у паходы выхаднога дня. У такіх вандроўках яны дэталёва вывучаюць ландшафт мясцовасці, а назапашаныя ў падарожжах звесткі пасля выкарыстоўваюць падчас урокаў і факультатыўных заняткаў.

— Важным мы лічым таксама адраджэнне сярод падрастаючага пакалення народных традыцый. Творчая група нашых педагогаў распрацавала канкрэтныя віды дзейнасці ў гэтым напрамку. Упор быў зроблены на арганізацыю разнастайных тэатралізаваных пастановак па матывах народных свят, а таксама вывучэнне нацыянальных традыцый шляхам уключэння іх у вучэбны працэс, — заўважыў дырэктар установы. Зараз наш інавацыйны праект падыходзіць да свайго завяршэння. Радуе, што яго рэалізацыяй задаволены ўсе: і вучні, і бацькі, і педагогі, — дадаў Анатоль Казлоўскі.

Тое, што відавочную карысць інавацыйнага праекта прызналі сто працэнтаў апытаных, нядзіўна. Выпрацоўка ўласнай мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання на этнакультурнай аснове прынесла толькі станоўчыя вынікі. Навучэнцы школы зараз больш падрабязна і грунтоўна знаёмяцца са спадчынай роднага краю, гісторыяй продкаў, пашыраюць свае веды аб мінулым сваіх сем’яў. Такі падыход дапамагае фарміраваць у школьнікаў такія якасці, як патрыятызм, калектывізм, працавітасць, і як вынік — выхоўваць іх дастойнымі грамадзянамі і сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена
ўстановай адукацыі.