Вылучэнцаў у ходзе гэтай кампаніі па рэгіёнах больш, чым у папярэдніх

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

На мясцовых выбарах 2018 года конкурс у абласных Саветах дэпутатаў на адну акругу складае ў сярэднім 2,4 чалавека на месца, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эфіры праграмы “Актуальны мікрафон” Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Як адзначыла Лідзія Ярмошына, мясцовыя выбары з’яўляюцца найбольш складанымі з тэхнічнага пункту гледжання, на месцах трэба сабраць і апрацаваць даволі вялікі аб’ём даных, у сувязі з чым дакладная колькасць вылучэнцаў па ўсёй Беларусі пакуль не прыводзіцца. На гэты час рэгіёны змаглі прадставіць інфармацыю аб колькасці вылучаных кандыдатаў толькі па абласных Саветах, а таксама па Мінску. “Калі параўноўваць іх з выбарамі чатырохгадовай даўнасці, можна сказаць, што вылучэнцаў у ходзе гэтай выбарчай кампаніі па рэгіёнах у цэлым больш. Інакш кажучы, у сярэднім 2,4 кандыдата на адну выбарчую акругу ў абласныя Саветы, у Мінскі гарадскі Савет — больш за 6 чалавек прэтэндуюць на адно месца”, — расказала старшыня ЦВК.

Паводле яе слоў, сярод тых, хто выказаў жаданне балаціравацца на дэпутацкую пасаду, прадстаўнікі розных слаёў грамадства і прафесій. Гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі, кіраўнікі таварыстваў уласнікаў. Ёсць і беспрацоўныя. Пры гэтым найбольш актыўна вылучаліся прадстаўнікі сферы адукацыі, культуры і аховы здароўя.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што самымі ініцыятыўнымі на этапе вылучэння сталі ўдзельнікі палітычнай кампаніі па Мінску, у чым вялікая заслуга гарадскіх улад, якія стварылі для гэтага вельмі добрыя ўмовы. Напрыклад, была прадастаўлена максімальна вялікая колькасць месцаў для арганізацыі пікетаў па зборы подпісаў. Больш за тое, з улікам умоў надвор’я было дазволена праводзіць іх нават у падземных пераходах, дзе, як правіла, грамадска-масавыя мерапрыемствы не дапускаюцца. Акрамя таго, менавіта ў сталіцы актыўна праходзіць партыйнае жыццё.

Цяпер на мясцовых выбарах праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання, гэты этап прадоўжыцца па 18 студзеня. Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама, рэгістрацыя — не імгненны акт, і гэта звязана галоўным чынам з тым, што ўсе кандыдаты, пачынаючы з раённага ўзроўню, здаюць дэкларацыі аб даходах і маёмасці, якія грунтоўна правяраюць упаўнаважаныя службы. Дэкларацыі аб даходах зарэгістраваных кандыдатаў будуць абавязкова даведзены да ведама выбаршчыкаў, запэўніла Лідзія Ярмошына.

Пасля рэгістрацыі кандыдаты маюць права пачынаць вядзенне перадвыбарнай агітацыі — выкарыстоўваць для гэтага сродкі масавай інфармацыі, вырабляць і распаўсюджваць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку (сходы, мітынгі, пікетаванне), сустракацца з выбаршчыкамі і г.д. Дапамогу ў вядзенні агітацыі кандыдатам могуць аказваць іх давераныя асобы (давераных асоб можа быць да пяці ў кожнага прэтэндэнта на дэпутацкую пасаду).

Агітацыя прадоўжыцца па 17 лютага ўключна. На наступны дзень, 18 лютага, пройдуць мясцовыя выбары. У агульнай колькасці паміж удзельнікамі кампаніі будзе размеркавана крыху больш за 18 тысяч мандатаў.

Калі выбаршчык па стане здароўя або іншых уважлівых прычынах не зможа ў дзень выбараў прыйсці на ўчастак, ён мае права пісьмова або вусна звярнуцца ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне дома. Аддаць свой голас датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага (з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00). Агітацыя ў перыяд датэрміновага галасавання дазваляецца, але ў асноўны дзень выбараў яна забаронена.